Пракуратура Гродзенскай вобласці распачала крымінальныя справы за абразу і распаўсюд персанальных дадзеных пракурорскіх работнікаў па «справе Аўтуховіча». У Вольгі Маёравай, якая праходзіць па «справе Аўтуховіча», падазраюць цукровы дыябет. Музыканта Ігара Банцэра арыштавалі на 15 сутак. У яго 18 «адміністратывак». Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 8 па 14 жніўня.

Затрыманні

На мінулых выходных затрымалі жыхара Ліды. Мужчына працуе майстрам на элеватары на ААТ «Лідахлебапрадукт». Ён паведаміў, што ўдзельнічаў у пратэстах у 2020 годзе і распаўсюджваў «дэструктыўныя матэрыялы» ў інтэрнэце. Затрыманы — Ігар Хартановіч, напісаў Telegram-канал «Задержания, суды в Лиде».

«Прыехалі і выклікалі. Калі прайшоў прахадную, спачатку два „супрацоўнікі“, потым падляцеў бус, з якога выскачыў АМАП у экіпіроўцы. Загрэблі, як апошняга злодзея. Чалавек гэты нібыта ўдзельнічаў у пратэстах у 2020», — напісалі ў канале.

Жыхара Гродна затрымалі за распаўсюд нацысцкай сімволікі ў інтэрнэце. Ён прызнаў віну і паведаміў, што нацысцкіх поглядаў не прытрымліваецца і не прытрымліваўся. «Вясна» паведамляе, што затрыманы — Аляксандр Азарка.

У Гродне затрымалі грузчыка. У 2020 годзе ён «паддаўся ўплыву экстрэмісцкіх інтэрнэт-рэсурсаў» і пачаў распаўсюджваць экстрэмісцкія матэрыялы на сваёй старонцы ў інтэрнэце. Ён раскаяўся і прызнаў віну. Затрыманы — Андрэй Цішураў, яму 35 гадоў, паведамляе «Вясна».

У Гродне затрымалі адміністратара Instagram-старонкі «Гродно для жизни». Яго затрымалі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў і асабістых дадзеных больш за 2000 супрацоўнікаў міліцыі ў 2020 годзе. Ён удзельнічаў у акцыях пратэсту пасля выбараў. Зараз старонка «Гродно для жизни» ў Instagram выдаленая. Затрыманы — Яўген Стральчэня, сцвярджае «Вясна».

Жыхара Гродна затрымалі за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе. На камеру ён паведаміў, што паддаўся ўплыву «дэструктыўных» Telegram-каналаў. Таксама мужчына пакінуў абразы супрацоўнікаў міліцыі ў інтэрнэце і зарэгістраваўся ў плане «Перамога». Ён прызнаў віну. «Вясна» паведамляе, што затрыманы — Дзяніс Янцэвіч.

Гродзенец напісаў ліст у офіс Святланы Ціханоўскай

Актывіст Станіслаў Цыбінскі пасля 15 гадоў калоніі пачаў дапамагаць былым зняволеным, пацярпеў падчас выбараў-2020, з’ехаў ва Украіну, а пасля пачатку вайны перабраўся ў Нямеччыну. Зараз ён павінен пакінуць Нямеччыну, так як яму адмовілі ў статусе палітычнага ўцекача.

Па словах Цыбінскага, у такім становішчы знаходзяцца яшчэ 16 беларусаў, паведамляе «Свабода». Па дапамогу актывіст звярнуўся да офіса Святланы Ціханоўскай, аднак пакуль не атрымаў адказу.

Яшчэ адна "справа Аўтуховіча", дыябет палітзняволенай, 18 адміністратывак Банцэра. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці
Станіслаў Цыбінскі пасля збіцця. Фота: прадастаўлена героем

Анджэй Пачобут пачаў знаёміцца з крымінальнай справай

Гэта значыць, што хутка яе перададуць у суд. Пра гэта Анджэй паведаміў у лісьце жонцы Аксане.

Анджэй Пачобут — журналіст і адзін з лідэраў Саюза палякаў Беларусі. Журналісту прад’явілі абвінавачванне па арт. 130 КК «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы». Яму пагражае ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Почобут
Анджэй Пачобут. Фота: Facebook

У «Гродна Азот» на ўваходзе ўсталявалі металадэтэктары

На прахадных прадпрыемства ўсталявалі рамкі металадэтэктараў. Гэта зрабілі, каб захаваць жыццё і здароўе работнікаў - каб на тэрыторыю завода не ўнеслі халодную, пнеўматычную, агнястрэльную і кідальную зброю і выбуховыя прылады.

Работнікі з кардыё- або нейрастымулятарамі могуць адмовіцца ад рамак і прайсці індывідуальны асабісты дагляд.

За заклікі да супраціву і гвалту гродзенца асудзілі на шэсць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму

Суд Ленінскага раёна Гродна прызнаў 21-гадовага Аляксея Багдзея вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293 КК, ч. 1 арт. 13 КК). Справу разглядаў суддзя Максім Галубовіч, паведамляе «Вясна».

Аляксей у жніўні 2020 года ў Telegram-канале «Гродно для жизни» размяшчаў паведамленні, якія ўтрымлівалі заклікі да гвалтоўных дзеянняў, пісаў аб вырабе кактэйляў «Молатава», заклікаў да звяржэння дзеючай улады, прымяненню гвалту, блакаванні праездаў, аказанні супраціву прадстаўнікам улады.

У адпаведнасці з высновамі лінгвістычнай экспертызы, у паведамленнях «маюцца выказванні пабуджальнага характару, якія заклікаюць да гвалтоўных дзеянняў і дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды адной групы ў адносінах да іншай групы асоб».

Падчас суда Багдзей віну прызнаў цалкам, але ад дачы паказанняў адмовіўся. 14 чэрвеня КДБ унёс Аляксея Багдзея ў «спіс тэрарыстаў».

Алексей Богдей. Фото: "Вясна"
Аляксей Багдзей. Фота: «Вясна»

Суд за відэаролік

35-гадовы гродзенец у лістападзе 2021 года ў адкрытым чаце ў Viber размясціў спасылку на відэаролік з абразай і паклёпам у дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368, ч. 1 арт. 367 КК).

Яго ідэнтыфікавалі і пачалі судзіць. Ён прызнаў віну. На допыце распавёў, што ўсяму віной эмоцыі, якім паддаўся, паверыўшы інфармацыі, размешчанай на дэструктыўных рэсурсах, распавялі ў СК «Гродзенскай праўдзе».

Мужчына раней да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся, жанаты, выхоўвае траіх непаўналетніх дзяцей, працаваў электраманцёрам.

Музыканта Ігара Банцэра з Гродна арыштавалі на 15 сутак. У яго 18 «адміністратывак»

Банцэру далі 15 сутак адміністрацыйнага арышту, за што — невядома. Пра гэта распавёў музыка Фёдар Жывалеўскі, які сядзеў на Акрэсціна разам з Ігарам, паведамляе «Свабода».

«Яму далі 15 сутак, і ён лёг і спаў на стале, пакуль усе нерваваліся, каму што дадуць», — кажа Фёдар.

Ці выпусцяць рок-музыку праз 15 дзён, пакуль не ясна. «Ведаю, што яму 18 адміністрацыйных артыкулаў павесілі і прывезлі з Гродна», — распавядае Жывалеўскі. Што стала прычынай для гэтага, таксама невядома.

«У камеры ў Кастрычнікім раёне я паўночы не разумеў, што ў вуглу сядзіць у капюшоне Банцэр. На наступны дзень нас рассадзілі па розных камерах, бо ён „палітычны“. Раніцай я бачыў, як з іх здзекваюцца. Яны бегаюць рукамі назад, іх ганяюць па калідоры — і матам, пераматам. Мне было страшна ўвесь час», — расказаў Жывалеўскі ў Facebook.

Яшчэ адна "справа Аўтуховіча", дыябет палітзняволенай, 18 адміністратывак Банцэра. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці
Ігар Банцэр. Фота: героя

Яшчэ адна «справа Аўтуховіча»

Пракуратура Гродзенскай вобласці распачала крымінальныя справы за абразу і распаўсюд персанальных звестак пракурорскіх работнікаў і іншых прадстаўнікоў улады.

У «дэструктыўных» Telegram-каналах у сувязі з разглядам «справы Аўтуховіча» распаўсюдзілі звесткі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных:

  • намесніка начальніка аддзела пракуратуры Гродзенскай вобласці,
  • памочніка пракурора Савецкага раёна г. Мінска,
  • супрацоўнікаў праваахоўных органаў і папраўчай установы «турма № 1»,
  • суддзі Гродзенскага абласнога суда і іх блізкіх сваякоў.

Карыстальнікі пакінулі пад пастамі каментары з абразай. Пракуратура Гродзенскай вобласці распачала крымінальныя справы паводле ч. 3 арт. арт.203−1, арт. 369 КК.

Справу расследуе Следчы камітэт па Гродзенскай вобласці.

Аляксандра Курганскага па «справе Зельцара» асудзілі на 1,5 года калоніі і штраф у 50 базавых велічынь (1600 рублёў)

Прысуд вынеслі 12 жніўня ў Гродзенскім абласным судзе, паведамляе Telegram-канал «Суды, задержания. Гродно и область». Суддзя — Аляксандр Козел. Вядома, што дзяржабвінаваўца запатрабаваў чатыры гады пазбаўлення волі, піша «Свабода».

Курганскага абвінавацілі па «справе Зельцара» паводле арт. 130 ч. 1 КК «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы» і арт. 369 КК «Абраза прадстаўніка ўлады».

Прычынай затрымання стаў лайк, які паставіў Аляксандр камэнтару іншага чалавека ў абмеркаванні стральбы ў Мінску. Курганскі 15 гадоў служыў у МНС. Пасля затрымання яго звольнілі і абавязалі выплаціць 7000 рублёў «кантракту».

Александра Курганский. Фото: "Свабода"
Аляксандр Курганскі. Фота: «Свабода»

У Маёравай — дыябет

У Вольгі Маёравай, якая праходзіць па «справе Аўтуховіча», падазраюць цукровы дыябет. Пра гэта палітвязняволеная паведаміла ў лісце на волю. Яна знаходзіцца ў няволі ўжо 20 месяцаў.

У лісце, напісаным месяц таму, Вольга спадзяецца, што хвароба толькі пачынаецца і яшчэ можна затармазіць яе развіццё. Палітзняволеная піша, што турэмныя лекары кантралююць узровень цукру ў яе крыві, аднак дамагчыся ад адміністрацыі танометра і глюкометра ў яе не атрымліваецца, паведамляе «Новы Час».

«На волі, без стрэсаў ні аб якім дыябеце гаворкі б не было, — упэўненая жанчына. — Што ж, буду вучыцца жыць і з гэтым падарункам ад роднай краіны».

Ольга Майорова. Фото: "Вясна"
Вольга Маёрава. Фота: «Вясна»

Палітвязня Юрыя Кавалёва накіравалі на прымусовае стацыянарнае лячэнне ў РНПЦ

1 ліпеня палітвязень Юрый Кавалёў выйшаў з ваўкавыскай калоніі на волю, цалкам адбыўшы тэрмін. Пасля вызвалення Кавалёў знаходзіўся ў шпіталі — яму рабілі аперацыю. Але адтуль яго забралі міліцыянты і прывезлі ў РНПЦ псіхічнага здароўя, паведамляе «Вясна».

Юрий Ковалев. Фото: Вясна
Юрый Кавалёў. Фота: «Вясна»

Суд над жыхаром Смаргоні

З лістапада 2020 года па студзень 2022-га 34-гадовы жыхар Смаргоні заклікаў да гвалту ў дачыненні да праваахоўнікаў і абражаў Аляксандра Лукашэнку ў «экстрэмісцкіх» Telegram-каналах. Акрамя таго, мужчына заклікаў да масавых беспарадкаў і шукаў людзей для «злачыннай дзейнасці».

Яго затрымалі. Ён прызнаў віну часткова — маўляў, пісаў каментары, не задумваючыся аб наступствах, распавялі ў СК «Гродзенскай праўдзе».

Мужчына раней не судзімы і працаваў інжынерам. Яго будуць судзіць па шэрагу артыкулаў КК:

  • 342 (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак);
  • 13 і ч. 1 арт. 293 (падрыхтоўка да арганізацыі масавых беспарадкаў, якія суправаджаюцца гвалтам над асобай);
  • 130 (наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы);
  • 368 (публічная абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь).

Мужчыну заключылі пад варту. Яму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

У Гродзенскім абласным судзе пачалі судзіць Сяргея Кірыковіча з Ліды

Сергей Кирикович. Фото
Сяргей Кірыковіч. Фота: d*ssidentby

34-гадовага работніка Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі і лакаматыўнага дэпо Ліды пачалі судзіць 8 жніўня. Яго судзяць па:

  • 366 ч. 2 КК — Гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак;
  • 368 ч. 1 КК — Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
  • 130 ч. 1 КК — Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы.

Раней яго ўнеслі ў «спіс тэрарыстаў».

Маме палітвязня журналіста Дзяніса Івашына чарговы раз не дазволілі сустрэцца з ім

«На вашу заяву паведамляем, што згодна з арт. 369 КПК Рэспублікі Беларусь спатканне з Івашыным Д. Я. будзе прадастаўлена пасля абвяшчэння прысуду», — адказаў Людміле Івашынай-Добінай намеснік старшыні Гродзенскага абласнога суда В. Э. Кулеш.

Дзяніс у зняволенні 17 месяцаў. Падчас следства блізкім не дазвалялі сустрэцца з ім.

«Выраз „спатканьне зь Івашыным Дз.Я. будзе прадстаўленае пасьля абвяшчэньня выраку“ даслоўна значыць, што чалавек, які называе сябе супрацоўнікам суда, не дапускае нават думкі пра тое, што судзьдзя можа прыняць рашэньне пра спыненьне перасьледу праз недаказанасьць віны абвінавачанага сьледчымі ворганамі», — наіисала яго жонка Вольга Івашына.

«Раскладаюцца тканіны нырак». Мікалай Аўтуховіч вярнуўся на пасяджэнні і паведаміў аб выніках аналізаў пасля сухой галадоўкі

Мікалая 8 жніўня вярнулі на судовы працэс пасля таго, як выдалілі за «сістэмныя парушэнні». Ён спыніў сухую галадоўку 1 жніўня. Пры гэтым медыкі адзначылі, што не могуць назваць гэта галадоўкай, бо нібыта Мікалай прымаў за гэты перыяд «нейкую колькасць вады і вугляводаў» — пра гэта сведчаць даследаванні аналізаў. Сам жа Мікалай заявіў, што не згодны з заявай медыкаў.

«27 ліпеня быў узяты аналіз, які праз чатыры дні паказаў, што арганізм цалкам абязводжаны, раскладаюцца тканіны нырак. Маё здароўе цалкам падарвана», — паведаміла «Вясна».

Таксама Аўтуховіч заявіў хадайніцтва аб азнаямленні з пратаколамі тых пасяджэнняў, на якіх ён адсутнічаў. Суд задаволіў хадайніцтва.

Аўтуховіч падчас судовага працэсу папрасіў аб аказанні медыцынскай дапамогі. Супрацоўнікі медыка-санітарнай службы агледзелі абвінавачанага. Пасля агляду суд заслухаў спецыяліста — паводле яго слоў, стан здароўя Мікалая ацэньваецца як здавальняючы, ніякіх супрацьпаказанняў для ўдзелу ў працэсе не выяўлены. Скаргі галоўнага фігуранта справы пракаментаваў як «бытавую з’яву», паведамляе «Вясна».

Николай Автухович во время судебного процесса. Фото: "Гродненская правда"
Мікалай Аўтуховіч падчас судовага працэсу. Фота: «Гродзенская праўда»

Палітвязня мастака Алеся Пушкіна ў калоніі змясцілі ў ПКТ на пяць месяцаў

Адміністрацыя калоніі «Воўчыя норы» пакарала мастака Алеся Пушкіна пяццю месяцамі ў ПКТ. Гэта спецыяльная камера, куды пераводзяць вязняў у якасці спагнання за злосныя парушэнні ўстаноўленага парадку калоніі. У калоніі мастак знаходзіцца з сярэдзіны красавіка, паведамляе «Вясна».

пушкін суд
Алесь Пушкін на судзе. Фота: sputnik.by

Літоўскую школу пад Воранава закрываюць. Афіцыйна — з-за «пагрозы жыццю і здароўю дзяцей»

Літоўскую школу ў вёсцы Пеляса Воранаўскага раёна закрыюць. Афіцыйная прычына — парушэнні, якія ствараюць пагрозу жыццю і здароўю навучэнцаў і педагогаў. Раней гэтую школу хацелі русіфікаваць у межах ліквідацыі школьніцтва на мовах нацыянальных меншасцяў.

Актывісту Аляксандру Лаўрэнцьеву з Гродна вынеслі прысуд

Гродзенскаму актывісту Аляксандру Лаўрэнцьеву прысудзілі тры гады і чатыры месяцы калоніі за абразу Лукашэнкі (арт.368 КК) і прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Прысуд палітвязню вынеслі ў судзе Ленінскага раёна Гродна 2 жніўня.

Задержание Александра Лаврентьева. Скриншот Hrodna.life
Затрыманне Аляксандра Лаўрэнцьева. Скрыншот Hrodna.life

Карта пратэстаў і гвалту. Як Гродна перажыў 9−13 жніўня 2020 года

9−13 жніўня 2020 года ў рэдакцыі Hrodna.life было горача: кожную хвіліну прыходзілі навіны пра пратэстоўцаў і вельмі жорсткай працы сілавікоў. Людзей затрымлівалі каля выбарчых участкаў, ля сцен ізалятара, проста на вуліцы. Іх выцягвалі з машын, выбівалі зубы і ламалі рэбры. Збілі нашага рэпарцёра Руслана Кулевіча. Нармальнай сувязі не было, але мы даведваліся аб усіх здарэннях вельмі хутка — дзякуючы вам, нашым чытачам. Ключавыя гарадскія падзеі тых дзён мы нанеслі на гэтую карту (націснуць на спасылку, каб адкрыць карту ў асобным акне), каб не забываць самім і нагадаць астатнім.

За акцыі, рэпосты і фота. Колькі людзей у Беларусі затрымалі за акцыі супраць вайны

За ўдзел у акцыях пратэсту супраць уварвання Расіі ва Украіну затрымана больш за 1000 чалавек. Заведзены 32 крымінальныя справы за антываенныя актыўнасці. Гэта толькі тыя затрыманні і справы, пра якія стала вядома праваабаронцам. Такія дадзеныя праваабарончы цэнтр «Вясна» перадаў чатыром Спецыяльным дакладчыкам ААН.

Праз суд ліквідуюць дабрачынны фонд «Наша Карэліччына»

Мясцовы дабрачынны фонд «Наша Карэліччына» пачалі ліквідаваць у Гродзенскім абласным судзе 8 жніўня. Аб выніках пасяджэння пакуль невядома. Мяркуючы па сайце Адзінага дзяржаўнага рэестра, фонд прапрацаваў восем гадоў. Пакуль яго статус пазначаны як «дзеючы».

Як гадаванец прайшоў з гаспадарамі ператрусы, суды і пераезды

«Пішу адной рукой, іншай трымаю яго за лапку. Кайфую», — так піша Воля Верамеенка аб сваім каце Дэльфіне. У Міжнародны дзень катоў Telegram-канал «Тётя Ира разрешила» пазнаёміўся з рудым катом, які мае два пашпарты, сам зарабляў сабе на корм як фотамадэль і ведае сакрэт, як добра выглядаць.

кот Дэльфін, Вольга Верамеенка
Вольга Верамеенка і яе кот Дэльфін