Побыт і гукі турмы, сукамернікі, Віцебск, Каўказ і шмат аўтапартрэтаў - вось што малюе зняволены мастак Алесь Пушкін. 30 лістапада — роўна 8 месяцаў, як яго затрымалі. Нагодай стала мастацтва — адзін з партрэтаў, экспанаваны на выставе Пушкіна ў Гродне. На тую ж выставу Алесь прывез і свае эскізы — прапановы для роспісу Старога замка. Hrodna.life сабраў малюнкі, якія Алесь дасылаў у лістах на волю розным людзям.

Гродна вачыма Пушкіна

Першы месяц зняволення для Алеся Пушкіна прайшоў у гродзенскай турме № 1. У адным з лістоў да мастачкі Валерыі Лазук Пушкін апісаў, як на шпацырах у думках размаўляў з анёлам на Фарным касцёле ў час, калі біў касцёльны звон. «Гэтыя 15 хвілін штодня для мяне — цэлая вечнасць, — пісаў ён. — Сёння ён [анёл] быў у гуморы і шапнуў: «У сёлетнем турыстычным сезоне 2021 года на пытанне-квэст гродзенскіх экскурсаводаў: «А бывал ли Александр Пушкин в Гродно?» правільным адказам будзе: «Не только бывал-с, а и сиживал-с в тамошней тюрьме за свои сочинительства-с!!!»».

У лістах ён успамінаў і сваю першую персанальную выставу, якую ён прывёз ў Гродна з Віцебска ў 1991 годзе — блізу 40 твораў. Выставу мусілі размясціць у Новым замку. Ва ўспамінах ён адзначаў шмат вулічных музыкаў на вуліцах Гродна, асабліва на Савецкай — навучэнцаў Гродзенскай музычнай вучэльні. Пушкін угаварыў завуча вучэльні арганізаваць на адкрыцці выставы 6 чэрвеня канцэрт ад вучняў. Спыніўся ён у гатэлі «Нёман» за 10 рублёў за ноч. Тут ён пазнаёміўся з сябрамі клуба «Паходня» і барам «Батлейка», хадзіў у майстэрню рэстаўратара Уладзіміра Кіслага ў тагачасным Музеі атэізму (цяпер — Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі) і першую майстэрню Сяргея Грыневіча. У музеі Максіма Багдановіча (літаратурны аддзел Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея) яго сустрэла кіраўнічка, паэтка Данута Бічэль. Там жа быў журналіст і паэт Алесь Чобат — «цікавая інтэлігентная, саркастычная і едкая постаць, крытычны розум». Гродзенскі абкам КПСС не дазволіў адкрыць выставу: цэнзары прапанавалі прыбраць некалькі інсталяцый, Пушкін не згадзіўся. Яму давялося з’ехаць у Мінск на апошнія грошы, забраць выставу і паказаць яе толькі праз год, у 1992, у Мінску.

Сукамернікі, матылёк і анёл на шпілі Фарнага. Што малюе Алесь Пушкін, які ў турме ўжо 8 месяцаў
Гродна вачыма Пушкіна. Малюнак з ліста Валерыі апублікаваны ў Facebook 24 верасня

Пра серыю «Сукамернікі»

Малюнкі з серыі «Сукамернікі» Валерыя Лазук атрымлівала ў некалькіх лістах. «Мае сукамернікі - справядліва ізаляваныя ад грамадства людзі (іх 99%), — піша Пушкін у адным з іх, — збольшага хмурыя, без дзяцей, таму неспагадлівыя, жорсткія».

«Таму яны бязлітасныя да мыш, мятлікаў, таксама іх хочуць пасадзіць у своеасаблівую „турму“. Увы іх ментальнасць — турэмная, хоць збольшага яны — як і я — першы раз у турме». Толькі аднойчы за лета ў камеру строгай турмы № 8 у Жодзіне, дзе тады знаходзіўся мастак, заляцеў мятлік. «Усе кінуліся яго хапаць, лавіць — расціснулі і змялі. Вось і ўся прыгажосць лета 2021! — што я спазнаў, і тую змялі бессардэчныя людзі, якія былі ссумаваныя без прыгажосці Лета і Свабоды», — апісвае адзін з выпадкаў у турме Алесь Пушкін.

Частка партрэтаў серыі «Сукамернікі» намаляваныя ў следчай турме № 8 у Жодзіне, частка — у СІЗА № 1 на Валадарскага ў Мінску (у так званай «Валадарцы»).

На некаторых малюнках допісы са зваротнага боку немагчыма разабраць — іх замаляваў цэнзар.

Сукамернікі, матылёк і анёл на шпілі Фарнага. Што малюе Алесь Пушкін, які ў турме ўжо 8 месяцаў
Накід «Танцы пад турэмнае радыё» Алесь Пушкін даслаў Вользе Івашынай, жонцы палітвязня, гродзенскага журналіста Дзяніса Івашына
Сукамернікі, матылёк і анёл на шпілі Фарнага. Што малюе Алесь Пушкін, які ў турме ўжо 8 месяцаў
Побыт грамадзян розных краін у камеры № 147 жодзінскай турмы. Малюнак атрымаў у лісце Марцін Мельнікаў

У турме Пушкін вучыў сукамернікаў маляванню.

Шмат аўтапартрэтаў і мары

Алесь Пушкін прысылае на волю шмат аўтапартрэтаў: сябе ва ўспамінах, у рэчаіснасці і ў марах. «Прогулки с Пушкиным… 1990−1997. Тры іпастасі Пушкіна ў Віцебску», — напісана на абароце аднаго з малюнкаў з успамінамі пра Віцебск, які ў кастрычніку атрымала Валерыя.

Перад тым ён прысылаў аўтапартрэты з карцара і мары аб вызваленні.

Стварыў арт-суполку

У траўні ў адным з лістоў да Марціна Мельнікава Алесь Пушкін напісаў, што стварае арт-супольнасць. Яе сябрамі могуць быць мастакі, якія сядзелі ў турме, жывуць Беларусі і размаўляюць па-беларуску.

Малюнкі самога Пушкіна тады пачалі збіраць у адмысловым Instagram-акаўнце. У іх ён расказваў пра рэчы і з’явы з быту турмы на Валадарскага ў Мінску («Валадаркі»).

Пра ключы: «У турме безліч дзвярэй і ключэй ад іх. Часам здаецца, што гэта — асноўнае, што ёсць у турме. Бразгат дзвярэй, звон ключэй — музыка турмы… як і мацюкі канваіраў, крыкі тых, каго катуюць, ці выцялі дручком, брэх сабак — гэта асноўныя гукі турмы… І толькі пасля 22.00 пачынаюцца перастукі з камеры з камеру і перамовы праз водныя трубкі рукамыйнікаў і унітаз — ноч у турме мае сваю музыку гукаў».

Пра сабак: «У турме жыве блізу 20 сабак, іх трымаюць і ў вальеры ў дворыку турмы, і трымаюць на павадках, калі зняволеных водзяць па ўсіх трох паверхах турмы — каб яны злосна і гучна брахалі на праходзячых паўз іх зэкаў: — а раптам хто з іх накладзе ў штаны ад перапуду — вось смеху будзе ў камеры! Але калі кінуць ім кавалачак кілбасы — то больш ня брэшуць, а віляюць хвастом, а канвой — злуецца і дае вымову».

«У склепе турмы безліч дубовых бочак з квашанай капустай і гэта наша асноўная ежа: капуста ў супе, бігас (квашаная тушаная капуста з тушонкай на дру́ге да́нне) — і гэта вельмі карыснае, сбалансаванае харчаванне — ды яшчэ белы цудоўны хлеб, які пячэцца самімі зняволенымі ў турэмнай пякарні: мука, закваска, вада, соль — і ніякіх дадаткаў Е ці хіміі - вельмі смачны!!!». Алесь спадзяецца, што нарэшце схуднее на такім здаровым харчаванні.

Чым займаўся мастак Алесь Пушкін і чаму ён сядзіць

Алесь Пушкін — беларускі мастак і перформер, сябар Саюза мастакоў Беларусі. Апошняе яго месца працы — «Белрэстаўрацыя». Як рэстаўратар ён працаваў у кафедральным касцёле Святога Станіслава ў Магілёве, у касцёлах ў Міхалішках (Астравецкі раён) і Вішневе (Валожынскі раён), у палацы Пуслоўскіх (Косава).

Сукамернікі, матылёк і анёл на шпілі Фарнага. Што малюе Алесь Пушкін, які ў турме ўжо 8 месяцаў
Алесь Пушкін у час святкавання Купалля, 2015 год. Фота: Янак Коўзель

На адкрыцці сваёй выставы ў «Цэнтры гарадскога жыцця» ў Гродне 19 сакавіка ён прэзентаваў праект роспісаў для інтэр'ераў Старога замка. На выставе ён прадставіў свае карціны і 30-гадовую гісторыю змагання з уладай у фота і малюнках. 23 сакавіка стала вядома, што па выставе пачалі праверку. Нагодай стаў партрэт дзеяча паваеннага антысавецкага падполля Яўгена Жыхара, напісаны ў 2014 годзе і ўжо экспанаваны раней. Супраць Алеся Пушкіна, кіраўніка прасторы «Цэнтр гарадскога жыцця» Паўла Мажэйкі і «іншых асоб» 26 сакавіка распачалі крымінальную справу па ч.3 арт.130 КК за дзеянні, накіраваныя на рэабілітацыю і апраўданне нацызму. «Я не пітаю ілюзій, ведаючы цяперашнія часы… Але што зроблена, што напісана, намалёвана мной — за ўсё я гатовы несці поўную персанальную адказнасць, як маральную, палітычную, так і юрыдычную», — сказаў тады мастак Hrodna.life.

Калі стала вядома пра праверку выставы пракуратурай, мастак быў ва Украіне. Ён вярнуўся ў Беларусь 26 сакавіка. 30 сакавіка яго затрымалі ў Жылічах (Кіраўскі раён Магілёўскай вобласці), дзе ён працаваў на рэстаўрацыі палаца Булгакаў. Праз усю Беларусь яго павезлі ў гродзенскую турму № 1. У красавіку перавялі ў Следчы ізалятар № 1 на Валадарскага (Мінск), пасля з турму № 8 у Жодзіна. За час зняволення яго неаднаразова саджалі ў карцэр, прапаноўвалі пісаць прашэнне аб памілаванні, аднак мастак адмовіўся. У кастрычніку следчыя пачалі правяраць і цыкл карцін Пушкіна «Беларускі супраціў», які ён стварыў больш за 20 гадоў таму. Увагу прыцягнулі партрэты беларускіх дзеячаў антысавецкага руху часоў Другой сусветнай вайны — Усевалада Родзькі і Міхала Вітушкі, паведаміў тэлеканал «Б**сат». 5 лістапада яму працягнулі тэрмін утрымання пад вартай да 30 студзеня 2022 года. 20 лістапада стала вядома, што Пушкіна накіравалі ў псіхіятрычную бальніцу ў Навінках (Мінск) для правядзення псіхіятрычнай экспертызы. Алесь Пушкін прызнаны палітвязнем.