Краіны Балтыі дасягнулі пагаднення аб істотным абмежаванні (за некаторымі выключэннямі) перасячэння межаў грамадзянамі Расійскай Федэрацыі, якія маюць шэнгенскія візы. Пра гэта паведаміў ў Twitter кіраўнік МЗС Латвіі Эдгарс Рынкевічс. Гаворкі пра беларусаў цяпер не ідзе.

Рашэнні будуць прымацца ўрадамі краін у адпаведнасці з нацыянальнымі працэдурамі, яны ўступяць у сілу адначасова, удакладніў Эдгарс Рынкевічс. Выключэнні зробяць для кіроўцаў фур, дыпламатаў і грамадзян, якія ўязджаюць па сямейных і гуманітарных прычынах, піша «Медуза». Рашэнне можа ўступіць у сілу з 15 верасня, паведамляе «Зеркало».

Грамадзянаў Беларусі гэта рашэнне на дадзены момант не тычыцца. Паведамленні пра гэта некаторых СМІ, напрыклад ТАСС, — памылковыя.

Абмяркоўвалі магчымасць прыпынення спрошчанага візавага рэжыму

Раней паведамлялі аб магчымасці прыпынення спрошчанага візавага рэжыму паміж краінамі Еўразьвязу і Расіяй і Беларуссю праз агрэсію Расіі ва Украіне і яе падтрымку беларускай уладай. У выпадку прыпынення спрошчанага рэжыму кароткатэрміновыя візы ў Еўропу могуць падаражэць удвая, а сама працэдура яшчэ больш ускладніцца. Такое рашэнне называлі кампрамісам для дзяржаў-чальцоў Еўрасаюза, якія выступаюць за поўную забарону выдачы візаў грамадзянам Расіі і Беларусі і тых, хто не падтрымлівае гэтую ідэю.

На гэты момант з дакументаў аб скасаванні спрошчанага візавага рэжыму і візавых абмежаваннях выключана згадка беларусаў, напісаў 6 верасня ў Facebook Францішак Вячорка.

На дадзены момант такія абмежаванні дзейнічаюць для афіцыйных асоб. З лістапада 2021 года з-за «мігранцкага» крызісу беларускіх чыноўнікаў абавязалі падаваць дадатковыя дакументы і абгрунтаванні для паездак у Еўрасаюз. Кошт візавага збору для іх паднялі з 35 да 70 еўра.