Усе абмежаванні на перасячэнне мяжы паміж Беларуссю і Расіяй здымуць апоўначы 18 сакавіка. Пра гэта са спасылкай на прэм’ер-міністра Расіі Міхаіла Мішусціна паведаміла ТАСС.

Расія здымае ўсе каранавірусныя абмежаванні на перасячэнне мяжы з Беларуссю
Мяжа Беларусі і Расіі. Ілюстратыўнае фота. Крыніца: BELTA.

Пытанне адкрыцця межаў абмяркоўвалі прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка і прэм’ер-міністр Расіі Міхаіл Мішусцін падчас сустрэчы у Маскве 14 сакавіка. Тады Галоўчанка сказаў, што Расія абяцае хутка зняць каранавірусныя абмежаванні на мяжы з Беларуссю.

ПЦР-тэст для перасячэння мяжы чыгункай ці аўтамабільным транспартам больш не патрабуюць. У Расіі рыхтуюць дакументы, каб адмяніць патрабаванне да тэстаў, калі чалавек выкарыстоўвае для перасячэння мяжы авіятранспарт, паведаміў міністр здравааховы Дзмітрый Піневіч.

Адмена абмежаванняў дазволіць грамадзянам Беларусі прасцей выязджаць у іншыя краіны транзітам праз Расію. Напрыклад, у Латвію, куды з Беларусі без адмысловай нагоды не выпускаюць.

Калі ўвялі абмежаванні на перасячэнне мяжы

Расійскія ўлады ўвялі абмежаванні на перасячэнне беларуска-расійскай мяжы ў красавіку 2020 года. Гэта было звязана з пандэміяй каранавіруса. Быў афіцыйна прыпынены рух цягнікоў і аўтамабіляў.

Патрапіць у Расію наземным транспартам (аўтобусам ці аўтамабілем) можна было толькі тым, хто накіроўваецца на лекаванне, па прычыне смерці блізкага сваяга, альбо тым, хто мае расійскі від на жыхарства.

Цягнікі вярнуліся ў 2021 годзе

Рух цягнікоў паміж краінамі аднавіўся 21 лютага 2021 года. Цягнік па маршруце Гродна — Масква пачаў курсаваць 11 чэрвеня, Гродна — Санкт-Пецярбург — з 12 снежня. Для паездкі ў Расію пасажыр павінен быў мець негатыўны ПЦР-тэст зроблены не пазней за 72 гадзіны да перасячэння мяжы. Таксама абавязковым было выкарыстанне расійскага мабільнага дадатку «Путешествую без COVID-19», у якім утрымліваліся дадзеныя пра вакцынацыю і ПЦР-тэсты.

Ці трэба будзе зараз здаваць ПЦР-тэст для пасадкі ў цягнік, не паведамляюць.

Расія здымае ўсе каранавірусныя абмежаванні на перасячэнне мяжы з Беларуссю
Цягнік Гродна — Масква на чыгуначным вакзале ў Гродне. Фота: Hrodna.life