У Беларусі хочуць на заканадаўчым узроўні вызначыць, хто можа лічыцца валанцёрам. Аб падрыхтоўцы закона расказала намесніца Генеральнага сакратара Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Раманія Зорына на прэс-канферэнцыі ў Доме прэсы на тэму «Валанцёрскі рух у Беларусі: уцягнутасць насельніцтва краіны ў дабрачынныя праекты».

16 тысяч валанцёраў і 400 спецыялістаў

Людзі гатовыя стаць валанцёрамі, але не заўсёды грамадскія арганізацыі прапануюць зразумелыя для людзей праекты, у якіх яны маглі б удзельнічаць, лічыць Раманія Зорына. У праекты Беларускага Чырвонага Крыжа ўцягнутыя каля 16 тыс. валанцёраў. Пры гэтым спецыялістаў у арганізацыі каля 400, распавяла Зорына. Каля 70% валанцёраў складаюць маладыя людзі. Людзей, якія прапанавалі дапамогу аднаразова, называюць спантаннымі валанцёрамі. «Але мы стараемся, каб нашы валанцёры былі навучаныя», — падкрэсліла яна. Вялікую частка валанцёраў Чырвонага Крыжа страхуюць.

Чым зараз займаюцца валанцёры Чырвонага Крыжа

Колькасць валанцёраў павялічваецца, калі ёсць нейкі выклік. Сярод апошніх такіх выклікаў Зорына назвала пандэмію каранавіруса і міграцыйны крызіс. У Брузгах працавала не толькі гродзенскае аддзяленне арганізацыі, але і ўвесь беларускі Чырвоны Крыж. Ён жа каардынаваў там працу Беларускага саюза жанчын і БРСМ.

Цяпер праз «сітуацыю, звязаную з дзеяннямі на Украіне» ў Беларусь прыязджае вялікая колькасць мігрантаў, падзялілася Зорына. Беларускі Чырвоны Крыж аказвае дапамогу прадуктамі, сродкамі гігіены, дапамагае ў размяшчэнні і працаўладкаванні. Таксама валанцёраў зноў мабілізуюць на працу з каранавірусам. Цяпер яны тлумачаць важнасць вакцынацыі людзям уразлівых катэгорый з аддаленых раёнаў, суправаджаюць іх на вакцынацыю.

Рыхтуецца закон

«Апошнія выклікі - міграцыйны крызіс, сітуацыя па кавіду — паказалі нам, што сапраўды прыйшоў час вярнуцца да размовы аб заканадаўчай аснове дзейнасці валанцёраў, у прыватнасці да закона аб валанцёрстве», — сказала яна.

Аднаго закона, які вызначае дзейнасць валанцёраў, у Беларусі пакуль няма. «Але я ведаю, што ідзе вялікая праца, у тым ліку з уцягваннем грамадскіх арганізацый».

«Для нас важныя не толькі азначэнні, паняцці, але таксама важна, як на заканадаўчай аснове будзе матываваны валанцёр, як будзе падтрымлівацца, якія ў яго будуць правы, абавязкі, хто можа лічыцца валанцёрам, а хто, на жаль, не можа ім лічыцца. Гэтыя рэчы мы ўжо абмяркоўваем з нашымі партнёрамі з дзяржаўнага сектара», — распавяла Раманія Зорына.

Хто працаваў з валанцёрамі раней

У ліпені 2021 года пачаліся масавыя ліквідацыі грамадскіх арганізацый. За год паводле дадзеных праваабаронцаў былі ліквідаваныя або знаходзіліся ў стадыі ліквідацыі на ліпень 2022 года 857 грамадскіх арганізацый. Ліквідацыі працягваюцца і цяпер. Многія з арганізацый працавалі з валанцёрамі або самі існавалі як валанцёрскія, некаторыя супрацоўнічалі з дзяржаўнымі органамі і інстытутамі. Многія ліквідаваныя ў Гродзенскай вобласці арганізацыі не былі звязаныя з палітыкай, а займаліся настольнымі гульнямі, развіццём спорту і інфраструктуры, захаваннем культурнай спадчыны, адукацыяй.

Чытайце таксама: Гродненский детский хоспис находится в стадии ликвидации

У лютым 2022 года першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Лук’янаў паабяцаў, што функцыі некаторых закрытых некамерцыйных і валанцёрскіх арганізацый можа ўзяць на сябе саюз моладзі. «НКА — боль Беларусі пасля жніўня 2020 года, многія арганізацыі былі зачыненыя, таму што прыкрывалі добрымі справамі звычайнае ўліванне грантаў у дзяржаўны пераварот. Але добрыя пачынанні першапачаткова былі і там, гэта потым ужо НКА выкарыстоўвалі», — заявілі тады ў эфіры АНТ.

Чытайце таксама: