Раёны, кварталы — гэта не толькі першыя словы ўсіх выпускаў падкаста «Утульны горад», але і адзінкі гарадской забудовы. У гарадской забудове заўсёды ёсць структура. Толькі ў Гродне, як і ў большасці беларускіх гарадоў, ёсць пэўная асаблівасць забудовы. Імя яе — спальныя раёны. Адкуль узяўся гэты адметны постсавецкі элемент і якія яму ёсць альтэрнатывы — аб гэтым пагаварылі з прадстаўніцай Мінскай урбаністычнай платформы.

Слухайце падкаст цалкам або чытайце тэзісна ў вялікім скароце ніжэй.

Спальныя раёны

Феномен спальных раёнаў узнік пасля Другой сусветнай вайны. Савецкія горадабудаўнікі, каб вырашыць праблему з недахопам жытла, вырашылі весці забудовы раёнамі. То бок, на нейкай адлегласці ад асноўнай часткі горада будаваўся вялікі раён з бясконцымі шматпавярховымі панэльнымі дамамі. У такіх раёнах прадугледжваліся крамы, паліклінікі і школы, але нічога болей. Каб працаваць ці забаўляцца, жыхары спальных раёнаў былі вымушаныя ехаць у цэнтр.

Зараз архітэктары і ўрбаністы пераважна прытрымліваюцца меркавання, што канцэпцыя спальных раёнаў была горадабудаўнічай памылкай. Урбаністы лічаць, што камфортны для жыцця раён павінен спалучаць і жылыя дамы, і офісныя будынкі, і гандлёвыя цэнтры.

Амерыканскія спальныя раёны або субурбія

Не варта лічыць, што аддаленыя ад цэнтра раёны — гэта выключна постсавецкі элемент. Ідэя аб тым, што чалавек можа жыць у адной частцы горада, а працаваць і забаўляцца ў іншай, у сярэдзіне XX стагоддзя таксама здавалася прывабнай для амерыканскіх архітэктараў.

Так узнікла вядомая субурбія — прыгарад, дзе будаваліся прыватныя дамы з невялічкімі ўчасткамі побач. Менавіта ў такім квартальчыку адбываюцца падзеі шматлікіх амерыканскіх фільмаў. Напрыклад, «Адзін дома».

Чытайце таксама на Hrodna.life:

Субурбія асацыюецца з больш камфортным ладам жыцця, паколькі жыхары там маюць свой прыватны кавалак зямлі, ды і жывуць у файным катэджы. Аднак урбаністы лічаць і субурбію таксама горадабудаўнічай памылкай.

Вялізныя кварталы ў субурбіі прывялі да таго, што с працы і на працу мясцовыя жыхары вымушаны дабірацца доўгімі гадзінамі. Да таго ж, праз гэта на ўездзе ў гарады з боку субурбій заўсёды можна сустрэць працяглыя коркі на дарогах.

Не варта забывацца і пра тое, што жыхары субурбій, адарваныя ад горада, не маюць магчымасці забаўляцца без таго, каб некалькі гадзін ехаць у цэнтр.

Будучыня спальных раёнаў

Аднак нават жыццё ў нашых дэпрэсіўных панэльных кварталах магчыма палепшыць. Па-першае, дапамогуць рамонт і рэнавацыя, калі страшныя панэлькі ператвараюцца ў даволі сімпатычныя дамы.

Прайдзіце тэст і даведайцеся, ці зможаце вы адрозніць паміж сабой спальныя раёны Гродна

Адна з праблем жыцця ў спальных раёнах — адсутнасць сацыяльных кантактаў. Нягледзячы на тое, што людзі гадамі жывуць побач, яны могуць быць незнаёмыя і не здольныя вырашыць якую-кольвек агульную праблему.

Вырашыць гэтае пытанне дапаможа наданне элементаў сацыяльнага ўзаемадзеяння. Некалькі лавачак, дзе могуць сабрацца і паразмаўляць суседзі, невялічкі сквер, або ўтульная кавярня на першым паверсе — могуць быць файным адказам на гэтае пытанне.