Палітзняволенага лекара Аляксандра Цялега асудзілі за каментары ў другі раз. У Гродне ўсталююць яшчэ амаль 1000 вулічных камер ад «Белтэлекама». У Гродне ваенкамат закупляе бланкі «для мабілізацыйных патрэб». Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 28 лістапада па 4 снежня.

Палітзняволеная гродзенка Кася Будзько на волі

Кася знаходзілася ў зняволенні з лістапада 2020 года. Яна праходзіла абвінавачанай па справе студэнтаў у Мінску. Усяго было 12 абвінавачаных: студэнты, выкладчык і сябра Каардынацыйнай рады.

Акрамя Касі, на волю выйшлі яшчэ сем чалавек, якія праходзілі па справе студэнтаў.

Пакуль Кася знаходзілася ў зняволенні, яе сябры стварылі Instagram-акаўнт. У ім яны публікавалі лісты і малюнкі гродзенкі, якія прыходзілі з СІЗА.

Кася Будько. Фото Hrodna.life
Кася Будзько. Фота Hrodna.life

У Гродзенскім абласным судзе 28 лістапада вынесены прысуд 40-гадоваму Сяргею Ануфрыенку

Яго абвінавачвалі ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК), прэзідэнта (ч. 1 арт. 368 КК) і распальванні сацыяльнай варожасці (ч. 1 арт. 130 КК), паведамляе «Вясна».

Палітвязень Сяргей Ануфрыенка быў затрыманы ў Гродне 29 верасня 2021 года па «справе Зельцара». Крымінальная справа, разгляд якой пачаўся 21 лістапада, вёў суддзя Аляксандр Козел.

Суд прызнаў Ануфрыенка вінаватым і вынес прысуд — два гады калоніі агульнага рэжыму.

Затрыманні

  • Жыхара Скідзеля затрымалі за распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў ВКонтакте. Затрыманы — Сяргей Бароўскі, паведамляе «Вясна».
  • Жыхара Скідзеля затрымалі па вяртанні з Польшчы. Мужчына жыў у Польшчы паўтара года і вярнуўся ў Беларусь. Паводле версіі сілавікоў, менавіта ў Польшчы ён зарэгістраваўся ў плане «Перамога». Таксама ён пісаў паведамленні з пагрозамі сілавікам.
  • Затрымалі інжынера-праграміста з Слоніма. Мужчына працуе на Слонімскай камвольна-прадзільнай фабрыцы. Затрымліваць яго сілавікі прыйшлі прама на працу. Мужчына перадаў дадзеныя аб супрацоўніках Слонімскага РАУС у «Чорную кнігу Беларусі». Таксама ён заклікаў удзельнічаць у забастоўках і акцыях пратэсту. Затрыманы — 40-гадовы Аляксандра Лагута, паведамляе «Вясна».

Палітзняволенай Галіне Дзербыш не перадаюць бандэролі і лісты

Стала вядома, што бандэролі, якія дасылаюць неабыякавыя беларусы да Галіны, вяртаюцца назад. Акрамя гэтага, ёй не перадаюць лісты. Таксама паведамляецца, што бандэролі не даходзяць ні да Ірыны Гарачкінай, ні да Любові Разановіч, паведамляе «Вясна».

Галина Дербыш, Обухово, терроризм
Галіна Дзербыш. Фота: «Радыё Свабода»

Новыя экстрэмісцкія каналы

  • Telegram-чат «Соседи Колбасино»,
  • Telegram-канал «Девятовка»,
  • Тelegram-чат «Гродно Девятовка»,
  • Тelegram-чат «Гродно Ольшанка»,
  • Тelegram-чат «Беларусы Вроцлава ЧАТ».

Усё гэта — па рашэнні суда Ленінскага раёна Гродна ад 30 лістапада.

Новыя «экстрэмісты»

Красько Сяргей Анатольевіч з Каробчыц і Тодрас Наталля Рыгораўна з Гродна папоўнілі спіс «экстрэмістаў».

Усяго 2 снежня туды змясцілі 58 чалавек.

Грамадскае аб’яднанне «4 регион» ліквідуюць праз Гродзенскі абласны суд

Пасяджэнне аб ліквідацыі арганізацыі пройдзе 12 снежня. Заяўнік — Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама, заўважыў Telegram-канал «Право имеют».

Арганізацыя была зарэгістраваная ў 2015 годзе ў Гродне. Чым канкрэтна яна займалася, даведацца не ўдалося. У АДР дзейнасць пазначана як «Дзейнасць грамадскіх арганізацый, не ўключаных у іншыя групоўкі».

Чвэрць усіх крымінальных спраў па «экстрэмізму» накіраваныя ў суды за 10 месяцаў 2022 года

Аб гэтым паведаміў старшыня Следчага камітэта Дзмітрый Гара.

Выяўлены асобы, якія здзейснілі больш за 69% зарэгістраваных сёлета злачынстваў. Раней сілавікі прапаноўвалі ісці і каяцца, калі вы фінансавалі экстрэмізм або садзейнічалі яму.

Палітзняволенага лекара асудзілі за каментары ў другі раз

У судзе Пухавіцкага раёна вынеслі другі прысуд у дачыненні да палітзняволенага лекара-неўролага Аляксандра Цялега. У пачатку года яго ўжо асудзілі да чатырох гадоў пазбаўлення волі за 32 каментара ў дачыненні да суддзяў, чыноўнікаў, сілавікоў. Палітвязня ўжо накіравалі адбываць тэрмін у бабруйскую калонію № 2, але супраць яго зноў распачалі крымінальную справу за каментары — у дачыненні да вайскоўца, які застрэліў у жніўні 2020 года ў жыхара Брэста Генадзя Шутава.

Цяпер лекара судзілі ў Мар'інай Горцы — менавіта там размяшчаецца вайсковая частка, у якой служыў гэты вайсковец. Ён, як і па справе супраць палітвязня Аляксандра Кардзюкова і загінулага Генадзя Шутава, праходзіў на гэтым працэсе пацярпелымі, паведамляе «Вясна».

Справу разглядала суддзя Вольга Бабук. Вядома, што пракурор запрашаў для Цялега па новых эпізодах яшчэ паўгода пазбаўлення волі. У выніку суддзя прызначыла яму столькі ж — на агульны тэрмін гэта не паўплывала.

Александр Телего. Фото: соцсети героя
Аляксандр Цялега. Фота: сацсеткі героя

Ліквідуюць Гродзенскае грамадскае аб’яднанне «Спартыўны клуб «Гродна пра Спорт»

Пасяджэнне пройдзе 12 снежня ў Гродзенскім абласным судзе па заяве Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама.

Арганізацыя была зарэгістраваная ў 2015 годзе па вул. Камунальная, 3.

Узбуджана крымінальная справа ў дачыненні да заснавальніка і дырэктара некалькіх прыватных прадпрыемстваў

Мужчына ў верасні 2020 года ўдзельнічаў у акцыях пратэсту. У экстрэмісцкім Telegram-канале ён размясціў каментары, якія абражаюць сілавікоў. Пасля вяртання з Польшчы мужчыну затрымалі і заключылі пад варту, паведамляе міліцыя.

Таксама ў Гродне затрыманы кіроўца-міжнароднік ў ЕС

У дачыненні да яго распачалі крымінальную справу па арт. 369 КК за абразу супрацоўнікаў падраздзяленняў УУС Гродзенскага аблвыканкама ў сацыяльнай сетцы.

Затрыманы жыхар Пінска

Ён размяшчаў у «экстрэмісцкіх» інтэрнэт-рэсурсах абразу і паклёп у дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і Аляксандра Лукашэнкі. Мужчыну заключылі пад варту. Калі пра гэта распавядае гродзенская міліцыя, імаверна, мужчыну затрымалі за абразу супрацоўнікаў гродзенскіх АУС.

5 чалавек асудзілі ў Гродне за абразы ў кастрычніку-лістападзе

Пра гэта паведаміла міліцыя. Судом Ленінскага раёна Гродна двух мясцовых жыхароў па арт. 369 КК прысудзілі да абмежавання волі тэрмінам на 2 гады без накіравання ў ПУАТ. Ва ўсіх выпадках суд задаволіў іскі да абвінавачаных аб матэрыяльным пакрыцці маральнай шкоды.

Палітвязня мастака Алеся Пушкіна этапавалі ў гродзенскую турму

Алесь Пушкін з 22 лістапада пераведзены ў турму № 1 Гродна на строгі рэжым. Суддзя Івацэвіцкага раёна Аляксандр Кірыловіч 11 лістапада пастанавіў перавесці мастака на турэмны рэжым тэрмінам на паўтара года, паведаміла «Вясна».

пушкін суд
Алесь Пушкін на судзе. Фота: sputnik.by

За ўдзельнікамі «Рабочага Руху» было аператыўнае назіранне

Каля двух тыдняў на судзе праглядалі запісы zoom-канферэнцый. Іх запісваў «крот», які ўвайшоў у «Рабочы Рух» як прадстаўнік «Гомсельмаша». «Бо „крот“ і не толькі ён здаў удзельнікаў „Руху“ і за імі было ўведзена аператыўнае назіранне», — паведаміла крыніца «Свабоды».

Суразмоўца дадае, што «нічога крамольнага не было на тых zoom-канферэнцыях, акрамя пустой балбатні».

«Былі моманты, калі адзін з фігурантаў справы прапанаваў пачаць пагражаць міліцыянтам, што з іх дзецьмі нешта здарыцца. Двое яго падтрымалі, астатнія былі супраць. Хтосьці прапаноўваў дыверсіі на чыгунцы. Але яго не падтрымалі. Прапаноўвалі выключыць электрычнасць на „Гродна Азот“, але іншыя ўдзельнікі канферэнцыі сказалі, што гэта нічога не дасць. На мой погляд, гэта былі чыста эмоцыі і балбатня», — кажа суразмоўца.

Цяпер у судзе перапынак з-за хваробы аднаго з абвінавачаных. Пасля таго як усе матэрыялы справы агучаць, суд пяройдзе да допыту пацярпелых і абвінавачаных.

Затрыманаму супрацоўніку фонду «Вяртанне» Сяргею Макарэвічу выставілі абвінавачванне

Яго абвінавачваюць паводле арт. 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».

Раніцай 4 лістапада дома ў Макарэвіча прайшоў ператрус, а ў другой палове дня ён перастаў выходзіць на сувязь. Яго змясцілі ў ІЧУ Гродна. Цяпер хлопец у СІЗА турмы № 1 Гродна.

Яго прызналі палітзняволеным.

Сергей Макаревич. Фото героя
Сяргей Макарэвіч. Фота героя

Пачаліся затрыманні за абразы нябожчыка Уладзіміра Макея

Выяўлена больш за 20 чалавек, якія знаходзіліся ў Беларусі. «Усіх іх няўхільна чакае затрыманне і пазбаўленне волі», — абяцаюць у ГУБАЗ.

Яшчэ 50 чалавек абразілі яго, знаходзячыся за мяжой. Ім паабяцалі «цёплы прыём».

Дзяніса Івашына паставілі на прафілактычны ўлік як схільнага да экстрэмізму

Гродзенскага журналіста Дзяніса Івашына адміністрацыя гродзенскай турмы яшчэ вясной 2021 года паставіла на прафілактычны ўлік як «схільнага да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў». Пра гэта праваабаронцы даведаліся толькі зараз.

Дениса Ивашина ведут в зал суда. Источник: sb.by
Дзяніса Івашына вядуць у залу суда. Крыніца: sb.by

У Гродне ваенкамат закупляе бланкі «для мабілізацыйных патрэб»

Ваенны камісарыят Гродзенскай вобласці плануе вырабіць бланкі «для патрэб мабілізацыйнага напрамку». Падобныя дзяржзакупкі - не рэдкасць. Напрыклад, у красавіку 2022 года ваенны камісарыят збіраўся вырабляць бланкі для накіравання прызыву і мабілізацыйнага кірунку.

«Не звальняюць, а прафілактуюць». У школах Гродна заняліся настаўнікамі - за подпісы на выбарах-2020

Супрацоўнікаў устаноў адукацыі ў Гродзенскай вобласці, якія ў 2020 годзе падпісаліся за альтэрнатыўных кандыдатаў, будуць «прафілактаваць». Адпаведныя анкеты апублікаваў Руслан Абрамчык, начальнік Галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама. Так ён адрэагаваў на публікацыю аднаго з Telegram-каналаў.

У Гродне ліквідуюць фонд. Яго стваральнікі спрабавалі аднавіць сядзібу ў Жалудку

У Гродзенскім абласным судзе ліквідуюць мясцовы фонд «Фонд захавання і развіцця аб’ектаў культурнай спадчыны». Рашэнне аб гэтым прымуць 9 снежня. Арганізацыя зарэгістраваная ў 2017 годзе ў гарадскім пасёлку Жалудок Шчучынскага раёна.

Усадьба в Желудке. Фото www.tripadvisor.ru
Усадьба в Желудке. Фото www.tripadvisor.ru

«Белтэлекам» сочыць за табой. У Гродне ўсталююць яшчэ амаль 1000 вулічных камер

Да канца 2023 у Гродне плануюць падключыць 160 камер вулічнага назірання, а ў першым паўгоддзі 2023 года падключаць яшчэ больш за 800. Манапалістам у сістэме вулічнага назірання ў Беларусі стаў «Белтэлекам».

«Справа артапедаў». У Гродне і Ваўкавыску пачалі судзіць загадчыкаў траўматалагічных аддзяленняў

Андрэя Тодрыка, загадчыка артапеда-траўматалагічнага аддзялення № 2 бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі (БХМД) Гродна, 29 лістапада пачалі судзіць у судзе Кастрычніцкага раёна. Яму інкрымінавалі арт. 430 ч. 1 КК — Атрыманне хабару і 433 ч. 2 КК — Незаконнае ўзнагароджанне.

Двойчы асуджаны лекар, сачэнне ад "Белтэлекам", бланкі для мабілізацыі. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці
Андрэй Тодрык. Фота: bsmpgrodno.by

Гродзенскія адвакаты праходзілі атэстацыю. Абаронца Пачобута і Івашына атрымаў адтэрміноўку — трэці раз

Адвакаты Дзмітрый Дзятчык і Аляксандр Бірылаў з Гродна праходзілі чарговую атэстацыю кваліфікацыйнай камісіяй па пытаннях адвакацкай дзейнасці. Яна прайшла 1 снежня. Па яе выніках Дзятчык «адпавядае патрабаванням заканадаўства», а Бірылаў атрымаў чарговую адтэрміноўку атэстацыі.

Александр Бирилов. Фото: instagram.com/aleksandrbirilov
Аляксандр Бірылаў. Фота: instagram.com/aleksandrbirilov