Адвакаты Дзмітрый Дзятчык і Аляксандр Бірылаў з Гродна праходзілі чарговую атэстацыю кваліфікацыйнай камісіяй па пытаннях адвакацкай дзейнасці. Яна прайшла 1 снежня. Па яе выніках Дзятчык «адпавядае патрабаванням заканадаўства», а Бірылаў атрымаў чарговую адтэрміноўку атэстацыі.

Падставай для правядзення пазачарговай атэстацыі паслужылі «факты неналежнага выканання адвакатамі сваіх прафесійных абавязкаў», нібыта выяўленыя калегіямі адвакатаў, паведаміў сайт Мінюста.

Па выніках атэстацыі кваліфікацыйная камісія прыняла рашэнні аб адпаведнасці патрабаванням заканадаўства адваката Дзмітрыя Дзятчыка і аб няпоўнай адпаведнасці ім адваката Аляксандра Бірылава. Яму далі адтэрміноўку атэстацыі на шэсць месяцаў пры ўмове выканання рэкамендацый кваліфікацыйнай камісіі, у тым ліку аб праходжанні адвакатам павышэння кваліфікацыі.

Каго абараняе Бірылаў?

Аляксандр Бірылаў ужо праходзіў атэстацыю ў лістападзе 2021 года і траўні 2022 года — і абодва разы яму давалі такую ж адтэрміноўку. Ён працуе ў адвакатуры больш за 26 гадоў. Спецыялізацыя — грамадзянскае і крымінальнае права. Ён працуе ў юрыдычнай кансультацыі Кастрычніцкага раёна Гродна.

Апошнім часам Бірылаў абараняе палітвязня журналіста і актывіста Саюза палякаў Анджэя Пачобута, журналіста і дзеяча Паўла Мажэйку. Таксама ён абараняў у судах палітвязняў Ігара Банцэра і Сяргея Рымшу, рэдактара Hrodna.life Аляксея Шоту, айцішніка Уладзіміра Родчанка, журналіста Дзяніса Івашына.

Александр Бирилов. Фото: instagram.com/aleksandrbirilov
Аляксандр Бірылаў. Фота: instagram.com/aleksandrbirilov

Хто не прайшоў атэстацыю?

Таксама атэстацыю не прайшлі адвакаты Марыі Калеснікавай, Віктара Бабарыкі і Сяргея Ціханоўскага — Уладзімір Пыльчанка і Віктар Мацкевіч. Неўзабаве іх пазбавяць ліцэнзіі.