У 2023 годзе плануюць пачаць будаваць першы дом у былым квартале «Школьны двор» на Вялікай Траецкай. Гэта будзе двухпавярховы офісны цэнтр паміж «Лодэ» і сінагогай. Як ён будзе выглядаць, піша канал Urban Hrodna.

Грамадскія абмеркаванні справаздачы аб ацэнцы ўплыву будоўлі на навакольнае асяроддзе (АУНА) пачаліся 4 студзеня і працягнуцца да 4 лютага.

Запраектаваны двухпавярховы будынак з двухсхільным дахам, з падвалам і халодным гарышчам. Ён будзе мець адрас Траецкая, 53 і размесціцца паміж «Лодэ» і сінагогай.

Вышыня верхняй адзнакі даху — 11,27 м ад зямлі. Будынак будзе ламанай ў плане П-падобнай формы з унутраным дворыкам-паціа. Памеры будынка — 21×26,4 м.

  • Плошча надзела — 947 кв. м.
  • Плошча забудовы — 488,64 кв. м.
  • Плошча пакрыццяў - 405 кв. м.
  • Плошча азелянення ў выглядзе газона — 405,0 кв. м.
Каля сінагогі на Траецкай адбудуюць дом паводле архіўных фота. Якім ён будзе
Размяшчэнне праектаванага будынка паводле АУНА. Крыніца: Urban Hrodna

Што тут было

Паводле гісторыка і краязнаўцы Мечыслава Супрона, на гэтым месцы стаяў дом пач. ХХ ст. (будынак не захаваўся). Міжваенны адрас — вул. Рабіна Нохума, 10. Быў узведзены на рагу Рыбнай плошчы і вул. Школьнай (суч. Вялікай Траецкай). У 1905 г. уласнікам быў Сендэр Моўшавіч Лейпунскі.

Траецкая 53
Страчаны будынак. Крыніца: Мечыслаў Супрон

Гэта быў двухпавярховы нетынкаваны мураваны будынак у форме літары «Г». У 1937 г. у ім месціліся яўрэйскія крамы.

У 1960-х будынак быў занядбаны. Знесены ў 1970-я гг.

Будынак належаў да так званага квартала «Школьны двор». Яўрэйскі квартал пачаў фарміравацца ў 16 ст. каля Вялікай сінагогі. Да першай паловы 19 ст. гэта быў раён хаатычнай драўлянай забудовы паміж вуліцамі Крывой і Школьнай жыдоўскай. З-за высокай шчыльнасці там часта здараліся пажары. Самы моцны пажар адбыўся ў 1837 г. — згарэла некалькі дзясяткаў дамоў. На знішчаным пажарам месцы ў 1838 г. губернскія ўлады вырашылі зрабіць гандлёвую плошчу, якая цягам некалькіх дзесяцігоддзяў так і называлася — «Школьны двор». Затым, прыкладна з 1880-х, яе называлі «Рыбная плошча», а ў міжваенны час — «Мясны рынак».

Цягам стагоддзяў там існавала найбольшая канцэнтрацыя яўрэйскага насельніцтва. Там знаходзілася адразу некалькі малітоўных дамоў, або «школ». Паводле дэтальнага плана развіцця гістарычнага цэнтра Гродна, забудову страчанага квартала плануюць аднавіць да 2025 г.

Што тут будзе: архітэктура

Будаўніцтва плануюць з захаваннем маштабу забудовы, якая ўяўляе гісторыка-архітэктурную каштоўнасць, і з улікам стылёвай асаблівасці навакольнай забудовы. Офісны цэнтр адбудуюць паводле архіўных фотаздымкаў будынка, што стаяў на гэтым месцы.

Будынак будзе нетынкаваны, са скатным дахам, багата дэкараваны цаглянымі элементамі, з двума дэкаратыўнымі франтонамі з боку фасада.

Фасады плануюць у стылі цаглянай архітэктуры, характэрнай для гродзенскай гістарычнай забудовы. Дэкаратыўныя элементы, размяшчэнне вокнаў і дзвярэй будзе максімальна набліжана да архіўных фота страчанага будынка, але з ўлікам патрабаванняў дзейных нарматываў.

Адценне цэглы будзе блізкім да вохры. Дах будзе фальцавы, матавы, медна-карычневага колеру. Вадасцёкі - круглыя ў сячэнні, у колер даху. Вокны, дзверы (акрамя тэхнічных), вітражы і краты слыхавых вокнаў запраектаваныя драўлянымі, колер — блізкі да арэхавага. Агароджы балконаў зробяць каванымі, паводле захаваных аналагаў 1930-х гг.

Што будзе ўнутры

У падвальным паверсе размесцяць тэхнічныя, санітарна-бытавыя памяшканні і памяшканні ў арэнду. На першым і другім паверхах таксама плануюць памяшканні арэнды і санітарна-бытавыя. Запланаваны будынак хочуць здаваць пад офісы, кабінеты, паслугі.

У будынку запраектавана дзве лесвіцы: з першага паверха на гарышча і паміж першым і другім паверхамі. Прадугледжаны ліфт з падвальнага да другога паверха. Таксама з падвальнага паверха будуць два выйсці на двор. Прадугледжаны доступ фізічна аслабленым асобам.

Да будынка падвядуць усе камунікацыі. Для ацяплення хочуць збудаваць уласную міні-кацельню на прыродным газе. Сістэмы кандыцыянавання ў будынку не прадугледжваюць.

Праезды і паркоўкі

Пад’езд да забудовы прадугледжаны па ўжо існым праездзе з усходу. Паркоўку ўздоўж яго мадэрнізуюць з заменай пакрыцця, бартавых камянёў, нанясуць разметку.

З поўначы таксама зробяць праезд з разваротнай пляцоўкай 12×12 м. Уздоўж яго абсталююць 8 новых парковачных месцаў і далучаць да існага праезду. Адно з месцаў будзе прызначана для людзей з інваліднасцю.

З захаду будынка ўжо існуе паркоўка з машынамесцамі 2,5×5,5 м. Іх хочуць зменшыць да 5 м, каб з’явілася месца для пешаходныя сцежкі ўздоўж новага будынка. Сцежкі выкладуць дробнапамернай тратуарнай пліткай. Перад праезнай часткай, пешаходнымі пераходамі і ўваходам у будынак укладуць тактыльную плітку. Палосы тактыльнай пліткі будуць і на сцежках.

У паўночнай частцы надзела плануюць зрабіць пляцоўкі для адпачынку і чакання. Уздоўж сцежак паставяць лаўкі са спінкамі, заглыбленыя ад краю сцежкі на 1,5 м.

Выхады з будынка з поўдня будуць непасрэдна на Траецкую.

Каля сінагогі на Траецкай адбудуюць дом паводле архіўных фота. Якім ён будзе
Тэрыторыя размяшчэння аб’екта будаўніцтва (паводле АУНА). Крыніца: Urban Hrodna

Надзел размешчаны ў межах зоны аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці «Гістарычны цэнтр Гродна». Участак адведзены пад будаўніцтва і абслугоўванне будынка грамадскага прызначэння.

Калі і хто збудуе

Пачатак выканання запланаванай дзейнасці - 2023 год. Працягласць будоўлі будзе вызначаная з праектнай дакументацыі.

Замоўца будоўлі - гродзенскае ТАА «ТриоМетСервис». Асноўны від дзейнасці кампаніі - перавозкі.

Праектная арганізацыя — «ВКЛ-праект», аўтары першаснага праекта «Дома рыбака» на Замкавай (пасля змены інвестара над праектам працавала Helios group).

Чытайце таксама:

Тэрыторыю плошчай 10 сотак прадалі ў лістападзе 2021 года. Цана ўчастка склала 42,8 тыс. рублёў.

Грамадскае абмеркаванне

Заўвагі па АУНА можна дасылаць да 4 лютага на адрас Гродзенскага гарвыканкама (пл. Леніна, 2/1, 230 023, г. Гродна, Рэспубліка Беларусь; e-mail: [email protected]). Кантактная асоба — Сях Ганна Леанідаўна, намеснік начальніка ўпраўлення будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама ((80 152) 62−69−90, факс. (80 152) 62−69−95, e-mail: [email protected]).

Заяву аб неабходнасці правядзення сходу па абмеркаванні справаздачы аб АУНА можна накіраваць у Гродзенскі гарадскі выканаўчы камітэт на працягу 10 працоўных дзён з даты пачатку грамадскіх абмеркаванняў (да 17 студзеня).

Заяву аб намеры правядзення грамадскай экалагічнай экспертызы можна накіраваць у ТАА «ТриоМетСервис» на працягу 10 працоўных дзён з даты пачатку грамадскіх абмеркаванняў (дырэктар Жукавец Ігар Уладзіміравіч; г. Гродна, вул. Працоўная 1-ая, д. 6; +375 (29) 782−38−19; e-mail: [email protected]).

Чытайце таксама: Фара Вітаўта, ратуша, палац Радзівілаў. Што яшчэ могуць аднавіць паводле дэталёвага плана цэнтра Гродна