Разам два новыя мікрараёны шматкватэрнай жылой забудовы «Грандзічы-23» і «Грандзічы-24» зоймуць 68 га. Будоўля будзе ісці ў два этапы, першы з іх запланаваны да 2026 года. У мікрараёнах плануюць збудаваць 3076 кватэр, два садкі на 190 месцаў кожны, школу з басейнам на 1020 вучняў, дзве шматпавярховыя стаянкі. Нарэшце ў Градзічах з’явіцца і паркавая зона — мемарыяльны парк на 16,6 га вакол форта з Першай сусветнай. Дэтальны план кварталаў у лічбах і фактах разабраў канал Urban Hrodna.

Тэрыторыя праектавання абмежаваная:

  • з паўднёвага захаду — існай жылой забудовай «Грандзічы-3» і праектаванай забудовай «Грандзічы-4»;
  • з паўночнага захаду і паўночнага ўсходу — палі сельскагаспадарчага прызначэння СВК «Путрышкі»;
  • з паўднёвага ўсходу — існая жылая сядзібная забудова па вул. Старамалышчынскай.
грандзічы 23 24
Крыніца: канал Urban Hrodna

Новыя часткі Грандзіч збіраюцца будаваць у два этапы, першы — да 2026 г. Па першым этапе рэалізацыі праекта там паселяцца 3,4 тысячы жыхароў, пасля поўнай рэалізацыі - 7,1 тысячы жыхароў.

Што будзе ў новых мікрараёнах

У мікрараёне Грандзічы-23 размесцяцца дзіцячы садок на 190 дзяцей, гандлёва-абслуговыя прадпрыемствы і шматпавярховы гараж-стаянка на 500 машынамесцаў.

У Грандзічы-24 збудуюць сярэдняю агульнаадукацыйную школу на 1020 месцаў з басейнам на 300 кв. м воднай паверхні, дзіцячы садок на 190 месцаў, грамадскую шматфункцыянальную забудову, шматпавярховы гараж-стаянку на 300 машынамесцаў.

грандзічы 23 24
Эскізная прапанова забудовы кварталаў. Крыніца: grodno.gov.by, скрыншот Hrodna.life

У новых мікрараёнах разлічваюць збудаваць жыллё на 3076 кватэр агульнай плошчай 200 тыс. кв. м. З іх 1471 кватэра з’явяцца ўжо да 2026 г. Грамадская забудова зойме 47,3 тыс. кв. м. (з іх 9 тыс. кв. м з’явіцца да 2026 г.).

У мікрараёнах з’явяцца месцы грамадскага харчавання на 180 пасадачных месцаў (на 30 пасадачных месцаў - да 2026 г.). Адкрыюць паштовае аддзяленне, аддзяленне банка, адну пральню ці хімчыстку, два салоны прыгажосці, два атэлье, дзве майстэрні па рамонце гадзіннікаў і бытавой тэхнікі. Паліклініка будзе абслугоўваць 90 наведнікаў за змену.

Рэкрэацыйная зона ў новых мікрараёнах зойме 16,6 га. Амаль усю яе, падобна, складзе мемарыяльны парк агульнага карыстання, які з’явіцца ўжо на пазнейшым этапе рэалізацыі праекта. Да гэтага жыхарам будзе даступна ўсяго 0,6 га рэкрэацыйных зонаў. Парк закладуць вакол гісторыка-культурнай каштоўнасці - назіральнага паста фортавай групы № 12, 1913−1915 гадоў пабудовы. Плошча ахоўнай зоны складзе 3,33 га. Пасля 2026 г. азелянённасць тэрыторыі мікрараёнаў складзе 32,1%, пасля поўнай рэалізацыі праекта — 50,4%.

грандзічы 23 24
Дэтальны план. Крыніца: канал Urban Hrodna

Да 2026 г. жылая зона будзе займаць 13,5 га з адведзеных на праект 68 га, грамадска-справавая — 1,8 га. Пасля поўнай рэалізацыі праекта жылая зона зойме 27,7 га, грамадска-справавая — 8 га.

У выніку поўнай рэалізацыі праекта ў двух мікрараёнах з’явіцца 40,9 тыс. кв. м для захоўвання транспарту (19,1 тыс. кв. м — да 2026 г.). У шматпавярховых гаражах і на звычайных паркоўках змогуць размясціцца 3195 машын, на паркоўках аб’ектаў грамадскага прызначэння — 438 машын.

Грамадскае абмеркаванне праекта новых мікрараёнаў пройдзе з 13 лютага па 9 сакавіка.

Чытайце таксама: