Яшчэ дзве кнігі з былой бібліятэкі старадаўняга беларускага роду Храптовічаў вярнуліся ў Беларусь з Германіі. Там іх захоўвала сям’я Хермана Юліуса Швезінгера — нямецкага афіцэра, які пад час Першай сусветнай вайны знайшоў іх у напаўразбураным палацы Храптовічаў у Шчорсах і адправіў на радзіму. Выданні будуць захоўванна ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Да 28 лютага на іх можна паглядзець у Музее кнігі Нацыянальнай бібліятэкі.

Праз сто гадоў у Беларусь кнігі перадалі ўнук Хермана Хельмут Фікель і цётка Хельмута Марыён Швезінгер, піша сайт chreptowicz.org, прысвечаны тэме сядзібы Шчорсы і яе апошнім гаспадарам. Запавет вярнуць кнігі пакінуў сам Херман Швезінгер.

Бібліятэку ў сядзібе Шчорсы каля Наваградка заснаваў апошні канцлер ВКЛ Іаахім Літавор Храптовіч. У XVIII ст. ён узвёў палацава-паркавы ансамбль у стылі французскага класіцызму і гаспадарчы двор Мураванку ў стылі сярэднявечнага замка. Для бібліятэкі быў асобны будынак, у якім размясцілася звыш 10 тысяч (па некаторых дадзеных, каля 20 тысяч) кніг, рукапісаў, копій дакументаў. Некалі кнігазбор Храптовічаў лічыўся адной з найбагацейшых бібліятэк ва Ўсходняй Еўропе. З ім працавалі Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Іахім Лялевель і іншыя выбітныя дзеячы ХІХ ст. Палац моцна пацярпеў у Першую сусветную вайну. У савецкі час ацалелыя пабудовы нацыяналізавалі. З 2017 па 2021 г. лёсам сядзібы і бібліятэкі аперкаваўся фонд «Шчорсы і Храптовічы».

Раней, у лютым 2020 года, лісты прадстаўнікоў рода Храптовічаў і тры кнігі з бібліятэчнага збору вярнулі ў Беларусь. Дзеля гэтага прадстаўнікі пазней ліквідаванага ўладамі фонда «Шчорсы і Храптовічы» сустракаліся з Хельмутам і Марыён у Германіі.

Зараз вяртанне кніг, нягледзячы на ліквідацыю фонда, працягваецца. У студзені 2023 спадарыня Марыён передала ў амбасаду Беларусі ў Германіі яшчэ дзве кнігі, якія знайшла ў сваёй бібліятэцы, а таксама карціну, якую яна намалявала пасля сустрэчы ў 2020 годзе. Праз абмежаванні апошніх гадоў нашчадкі Хермана Швезінгера не змаглі наведаць Беларусь асабіста.

Кнігі з бібліятэкі Храптовічаў працягваюць вяртацца на радзіму. Справу пачаў ліквідаваны дзяржавай фонд
Выданне з бібліятэкі Храптовічаў у Нацыянальнай бібліятэцы. Фота: chreptowicz.org

Чытайце таксама: