Кірмаш «Казюкі» адбудзецца ў Гродне 4 сакавіка. Асноўнай тэмаю свята стане саломапляценне. Пляцоўку пад кірмаш арганізуюць на Савецкай плошчы, паведаміў «Вячэрні Гродна».

казюки гродно ярмарка ремесленники
«Казюкі» у Гродне ў 2019 годзе. Фота: Руслан Кулевіч

На Савецкай плошчы ўсталююць намёт. У ім выставяць вырабы з саломы, таксама на плошчы адбудуцца майстар-класы ад рамеснікаў і майстроў з раённых дамоў рамёслаў.

У снежні 2022 года беларускае саломапляценне ўнеслі ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

Рамеснікі з-за мяжы не прыедуць

У народным аматарскім аб’яднанні майстроў і мастакоў «Гарадзенскі каларыт» сабралі больш за сто заявак на ўдзел у кірмашы. «Сёлета атрымалі шмат заявак з Пінска, Магілёва, Віцебска і Гродна», — сказала кіраўніца арганізацыі «Гарадзенскі каларыт» Алена Маліноўская. Але ў гэтым годзе майстры з-за мяжы не падалі ніводнай заявы на ўдзел.

Святкаваць «Казюкі» пачнуць у 12:00. Гандлёвыя шэрагі будуць працаваць да 17:00.

Чытайце таксама: Песні на трох мовах, рамесная выстава і шашлыкі з блінамі. У Гродне прайшлі Казюкі і Масленіца

«Казюкі» адзначаюць больш за 20 гадоў

Кірмаш «Казюкі» адбываецца ў Гродне больш за 20 гадоў. Яго праводзяць 4 сакавіка ў Дзень святога Казіміра. Патрон свята — польскі каралевіч і літоўскі княжыч Казімір. Ён памёр маладым у Гродне і быў прызнаны святым. Святога Казіміра лічаць заступнікам Гродзенскай каталіцкай дыяцэзіі, моладзі, майстроў і рамеснікаў.

Чытайце таксама: «Беларускае золата» ўзростам больш за 200 гадоў: саламяныя Царскія вароты са Старога замку