У памежным пункце пропуска «Лоша» хочуць пабудаваць адміністрацыйна-гаспадарчы будынак з навесам. Інфармацыю пра гэта апублікавалі на сайце дзяржзакупак.
![Амаль $ 600 000 заплацяць за абнаўленне пункта пропуска “Лоша” на мяжы з Літвой](http://cdn.optipic.io/site-102139/wp-content/uploads/2023/03/Punkt-propuska-Losha-800x556.jpg)
На выкананне праекта хочуць вылучыць 1,7 млн рублёў (амаль $ 600 тыс.). Падчас працаў плануюць пабудаваць адміністрацыйна-гаспадарчы будынак, рэканструяваць існуючы навес і павялічыць агульную плошчу пакрыцця.
Таксама плануюць добраўпарадкаваць тэрыторыю, забетаніраваць пляцоўкі і праезды. Акрамя гэтага, трэба абсталяваць электрычную сетку 0,4 кВт для бесперабойнага абеспячэння новай пабудовы, мадэрнізаваць вонкавае асвятленне пункта пропуска, правесці відэаназіранне, сувязь інфармацыйных тэхналогі і аснасціць працоўныя месцы неабходнай мэбляй і абсталяваннем.
Працы плануе аплаціць Гродзенская рэгіянальная мытня з уласных сродкаў. Пакуль замоўца шукае распрацоўшчыка перадпраектнай і праектнай дакументацыі. Апошні тэрміна падачы заяўкі на ўдзел у закупцы — 16 сакавіка.
Пункт пропуску «Лоша» працуе пяць гадоў
Міжнародны пункт пропуску «Лоша» паўнавартасна працуе з кастрычніка 2017 года. Раней ён функцыянаваў як спрошчаны — ім маглі карыстацца толькі жыхары памежнай тэрыторыі.
У 2017 у «Лошы» абнавілі інфраструктуру. Пункт пачаў прапускаць любыя легкавыя аўтамабілі. Грузавыя аўто перасекчы мяжу ў гэтым месцы не могуць.