Гродзенская вобласць займае другое месца ў Беларусі па колькасці пустых будынкаў - невыкарыстанай дзяржаўнай маёмасці, прызналі чыноўнікі на пасяджэнні калегіі Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці. Планы ставяць, але яны не рэалізуюцца: у 2022 годзе ў гаспадарчы абарот збіраліся ўцягнуць 329 невыкарыстаных і неэфектыўна выкарыстаных аб’ектаў, але змаглі дамагчыся выкарыстання толькі 118 такіх аб’ектаў.

Што гэта за будынкі

У асноўным гэта аб’екты сацыяльнай сферы. Праз дэмаграфічную сітуацыю па ўсёй вобласці ёсць шмат закрытых аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры — школы, клубы, бібліятэкі, аб’екты сельскай гаспадаркі, прыводзіць «Гродзенская праўда» словы намесніцы старшыні камітэта Таццяны Слабыш. Звычайна гэта вялікія будынкі, якім цяжка знайсці новае прымяненне.

У 2023 годзе ў самім Гродне да продажу падрыхтавалі 51 такі аб’ект. Гэта будынкі, комплексы будынкаў і ізаляваныя памяшканні, якія належаць розным дзяржаўным органам і арганізацыям.

Чыноўнікаў асабліва турбуе, што не ўцягнутыя ў абарот будынкі са статусам гісторыка-культурнай каштоўнасці ў гістарычным цэнтры Гродна.

Сярод такіх — будынак былога Дома афіцэраў па вуліцы Ажэшкі, 30, які быў выстаўлены на продаж яшчэ ў 2015 годзе. Апошні аўкцыён прайшоў у лютым 2022 года, кошт знізілі ўжо на 90%, але будынак ніхто не купіў. Хвалюе чыноўнікаў і былы інтэрнат па вуліцы Замкавая, 5. Гэта будынак XVIII стагоддзя. На апошнім аўкцыёне ў сакавіку гэтага года яго цана была зніжана на 30%. Пакупнік не знайшоўся.

Прычыны няўдач

Ёсць некалькі прычын малога ўключэння пустых будынкаў у гаспадарчы абарот, прызнала начальніца аддзела дзяржаўнай уласнасці і выкарыстання зямель Іна Лабоцкая. Сярод іх:

  • павольныя тэмпы падрыхтоўкі дакументацыі па аб’ектах для выстаўлення на аўкцыён;
  • асноўная маса аб’ектаў - у сельскіх населеных пунктах і лагістычна непрывабныя;
  • няправільна падабраны спосаб уключэння аб’екта ў гаспадарчы абарот.

Чытайце таксама: В Порозово за $ 10 тысяч продают старинную усадьбу. Там точно стоит побывать

Да прыкладу, будынкі былога ваеннага гарадка на Фолюшы размешчаны ў лясным масіве, на значным выдаленні ад горада, пад’язныя дарогі - у аварыйным стане. Іх прапаноўвалі да здачы ў арэнду. Яшчэ летась былыя штабы ў гэтым ваенным гарадку прадавалі менш, чым за 100 рублёў. На месцы закінутага ваеннага гарадка будуць будаваць новы раён, але некаторыя будынкі вырашылі не зносіць і даць ім новае жыццё. Цяпер дзевяць з іх — у спісе гарвыканкама для продажу ў 2023 годзе.

Пры гэтым у шэрагу выпадкаў для арганізацый знос або рэканструкцыя такіх аб’ектаў менш выгадная, чым будаўніцтва новага. У 2022 годзе ў рэгіёне прапаноўваліся да продажу 132 такіх аб’екты, што складае 42% ад іх агульнай колькасці, адзначыла Лабоцкая.

Грошы ўсё роўна недаатрымліваюць

Нават тыя пустыя будынкі, якія ўдалося знайсци гаспадароў, не заўсёды прыносяць грошы. Арэндную плату за дзяржаўную маёмасці не заўжды своечасова пералічваюць у бюджэт. У 2022 годзе і з пачатку 2023 года больш за 50 чалавек прыцягнулі за гэта да адміністрацыйнай адказнасці.

Ёсць парушэнні пры спісанні дзяржаўнай маёмасці. Аб’екты спісваюць без узгаднення з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі. Таксама спісваюць аб’екты з рэшткавым коштам без патрэбнага для гэтага заключэння спецыялізаванай арганізацыі.

Чытайце таксама: В 2023 власти Гродно выставят на аукцион 45 пустующих объектов. Какие дома и помещения можно будет купить?