Жыхар Мастоў нібыта планаваў далучыцца да Узброеных сілаў Украіны. За гэта ён можа пазбавіцца волі на пяць гадоў. 29-гадоваму мужчыну прад’явілі абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 361−3 КК (падрыхтоўка да ўдзелу грамадзяніна Беларусі на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзбороеным фармаванні), паведаміў Мастоўскі раённы аддзел Следчага камітэта.

Жыхару Мастоў пагражае пяць гадоў зняволення: нібыта хацеў ваяваць ва Украіне
Следчы камітэт. Ілюстрацыйнае фота

Спачатку пакаралі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў

Жыхар Мастоў размяшчаў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы відэа з заклікамі ўступаць у полк Каліноўскага. Мужчыну прыцягнулі да адказнасці за размяшчэнне экстрэмісцкай прадукцыі. Падчас агляду яго тэлефона сілавікі выявілі, што ён быў падпісчыкам Telegram-канала, прызнанага экстрэмісцкім. Ён нібыта планаваў пакінуць Беларусь, каб удзельнічаць у вайне ва Украіне.

Падчас агляду тэхнікі сілавікі выявілі, што затрыманы неаднаразова ўдакладняў інфармацыю пра абмундзіраванне ўкраінскіх вайскоўцаў, іх заробак, цікавіўся пераводам грошай з грыўняў у беларускія рублі, а таксама пытаўся пра візу, каб праз Польшчу патрапіць ва Украіну.

Чаму ён вырашыў паехаць ва Украіну

Падчас допыту мужчына распавёў, што адзін з асноўных матываў, які падштурхнуў яго паехаць ва Украіну — фінансавыя праблемы. Паводле следчых, мужчына не спрабаваў працаўладкавацца ў Беларусі.

Раней абвінавачанага прыцягвалі да крымінальнай адказнасці за крадзеж. Ён выйшаў з турмы ў снежні 2022 года і жыў за кошт бацькоў і падпрацовак.

Чытайце таксама: Освобождение Почобута, «Движение матерей-328» и Караев, награда прокурорки. Как прошла неделя в Гродно и области