Штогадовы забег па цэнтральных вуліцах горада «Гарадзенская вандроўка» пройдзе 4 чэрвеня ўжо шосты раз. У праграме — дыстанцыі 5 км і 10 км. Месцаў на рэгістрацыю амаль не засталося. У дзень правядзення забегу ў цэнтры абмяжуюць рух.

гарадзенская вандроўка
Старт забегу ў 2022 годзе. Фота: Hrodna.life

Рэгістрацыя на забегі ўжо адкрыта на сайце 42 195.by, там жа можна азнаёміцца з рэгламентам. На момант публікацыі зарэгістравалася 491 дарослы і 100 дзяцей на дзіцячы забег. Агульны ліміт удзельнікаў на дыстанцыях 5 і 10 км складае 500 чалавек — атрымліваецца, што ён амаль дасягнуты.

Усе ўдзельнікі стартуюць на вуліцы Ажэшкі.

Траса на 5 км пройдзе па вуліцах Ажэшкі - Будзёнага — Свярдлова — Сацыялістычнай — Парыжскай камуны — Давіда Гарадзенскага — Вялікай Траецкай — Віленскай — Горкага.

Гарадзенская вандроўка - 2023 на 5 км
Маршрут забегу на 5 км. Крыніца: 42 195.by

Траса на 10 км пройдзе па маршруце вуліц Ажэшкі - Будзёнага — Кірава — Сацыялістычнай — Савецкай — Кастрычніцкай — Карла Маркса — Будзёнага — Свярдлова — Сацыялістычнай — Парыжскай камуны — Давіда Гарадзенскага — Вялікай Траецкай — Віленскай — Лермантава — Каложскі парк — Лермантава — Віленскай — Горкага.

Гарадзенская вандроўка - 2023 на 10 км
Маршрут забегу на 10 км. Крыніца: 42 195.by

Праграма

3 чэрвеня, субота

14:00−20:00 — выдача стартавых пакетаў (вул. Ажэшкі, 22, спартзала ГрДУ).

16:00, 17:00, 18:00, 19:00 — аглядныя экскурсіі па гістарычным цэнтры Гродна для ўдзельнікаў забегу.

4 чэрвеня, нядзеля

07:30−09:30 — выдача стартавых пакетаў (вул. Ажэшкі, 22, спартзала ГрДУ).

09:45 — размінка.

10:00 — старт на дыстанцыях 5 км і 10 км (вул. Ажэшкі).

11:00 — узнагароджанне пераможцаў і прызёраў на дыстанцыі 5 км.

11:20 — старт дзіцячых забегаў (стадыён «Нёман»).

11:45 — узнагароджанне пераможцаў і прызёраў на дыстанцыі 10 км.

12:00 — латарэя.

Таксама 4 чэрвеня з 10.00 да 11.30 на цэнтральных вуліцах абмяжуюць рух грамадскага транспарту і аўтамабіляў.

Умовы ўдзелу

Да ўдзелу на дыстанцыю 5 км дапускаюць усіх жадаючых ад 12 гадоў і старэй, на 10 км — ад 16 гадоў і старэй.

Вынікі спаборніцтваў фіксуюцца электроннай сістэмай хронаметражу. Іх вышлюць па SMS і апублікуюць на сайце 42 195.by.

У стартавым пакеце будуць стартавы нумар з чыпам хронаметражу, памятныя сувеніры з лагатыпам забегу і падарункі ад партнёраў забегу.

Пераможцаў будуць узнагароджваць у розных узроставых катэгорыях і ў абсалютным першынстве сярод мужчын і жанчын. Кожны, хто дабяжыць да фінішу, атрымае медаль.

Рэгістрацыйны ўзнос складзе 40−100 руб. у залежнасці ад даты рэгістрацыі і наяўнасці льгот.

Год таму ў забегу ўдзельнічалі 350, а фінішавалі 327 чалавек. Некаторыя беглі сем’ямі.

Чытайце таксама: