Чачэнец 30 траўня пратараніў польскі шлагбаўм на памежным пераходзе «Цярэспаль-Брэст», каб трапіць у Беларусь. Мужчыну затрымалі польскія памежнікі, а яго жонка з трыма дзецьмі пераехала на беларускі бок. Аказалася, у аднаго з іх — расійскі пашпарт, а ў двух — шведскія. Дзецям са шведскімі пашпартамі забаронена пакідаць Швецыю. «Беларусь 4 Брест» апублікаваў інтэрв'ю з жонкай затрыманага — але пытанні засталіся.

«Беларусь 4 Брест» апублікавалі кадры, на якіх відаць, як аўтамабіль прарывае шлагбаўм і рухаецца ў бок Беларусі. А пасля жанчына з дзецьмі бяжыць на беларускую тэрыторыю. «Яна напалоханая, ахоўнымі жэстамі абдымае дзяцей», — кажа дыктар.

Дзяўчыну завуць Зуліхан. У 2014 годзе з Чачні яна са старэйшымі дзецьмі пераехала да мужа, які працаваў у Еўропе. Яны ўладкаваліся ў Швецыі. Дзеці хадзілі ў школу і дзіцячы сад. Бацькі працавалі. Пасля яны былі затрыманыя «па страшнай памылцы». Дзяцей забралі з сям'і і перадалі апекуну. За што была затрыманая пара, на тэлебачанні не ўдакладнілі.

 — Калі мы паехалі ў Швэцыю ў 14-м годзе, партыя, якая цяпер выйграла выбары, тады мела толькі 6% галасоў… Гэта нацыяналістычная партыя. Але асабіста я на сабе гэтага не адчувала. Але дзеці, калі былі змешчаныя, той чалавек [апякун — Hrodna.life], забараняў ім маліцца, — сказала жанчына.

Дзяцей пасля судовага разбору вярнулі. Пасля гэтага сям’я вырашыла з’ехаць са Швецыі. Год яны пражылі ў Польшчы. Яны хацелі вярнуцца ў Чачню, але, са слоў Зуліхан, выехаць з Польшчы не маглі. Тут працягваліся суды — па якой справе, у відэа таксама не растлумачылі.

Са слоў Зуліхан, яна хацела бяспекі для дзяцей і «каб ім было спакойна». «Там гэтага спакойнага жыцця ў нас не будзе», — мяркуе жанчына. Менавіта ў Беларусі яна адчула сябе спакойна. Цяпер беларускія ўлады дапамагаюць сям'і з дакументамі для вяртання ў Чачню.

Правы чалавека ў Чачні

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch апублікавала «Сусветны даклад 2023» — гадавы агляд сітуацыі з правамі чалавека ва ўсім свеце. У раздзеле, прысвечаным Расіі, асабліва адзначаны грубыя парушэнні правоў чалавека ў Чачні.

Так, праваабаронцы звяртаюць увагу на «бязлітаснае падаўленне любых праяў іншадумства», уключаючы затрыманні і недазволены зварот са сваякамі крытыкамі кіраўніка рэспублікі Рамзана Кадырава, якія пакінулі краіну, іх прымус да выбачэнняў. Даходзіць да пазасудовых пакаранняў смерцю. Таксама там перашкаджаюць маці, якія дамагаюцца права апекі над сваімі дзецьмі.

UPD 1 чэрвеня. Амбасада Расіі ў Беларусі «ўважліва сочыць за сітуацыяй з грамадзянамі Расіі ў сувязі з інцыдэнтам, які адбыўся 30 траўня падчас праходжання польска-беларускай мяжы», паведамілі яны ў Telegram.

Калегі з Генеральнага консульства Расіі ў Брэсце зрэагавалі. Консул забраў сям’ю з беларускага пагранпункта і адвёз да сваякоў, якія пражываюць у Брэсце. З жанчынай і дзецьмі ўсё ў парадку, яны адчуваюць сябе добра. Праводзяцца абавязковыя працэдуры для вяртання на радзіму.