«НІШО» — гэта адкрыты анлайн-слоўнік сучаснага беларускага слэнга. Ён збудаваны так, што самі носьбіты беларускай мовы дадаюць словы і галасуюць за іх.

Аўтары ідэі слоўніка «НІШО» перакананыя, што мову ствараюць не толькі лінгвісты і прафесійныя літаратары, а грамадства агулам. Гэта простыя людзі, адмыслоўцы ў розных галінах, падлеткі, блогеры, журналісты, наогул любы, хто штодзённа карыстаецца мовай, мяркуюць яны.

«Слэнг можа быць прафесійны, гарадскі, узроставы, рэгіянальны, сельскі, субкультурны, наогул, любы, якому вы лічыце варта быць у беларускай мове. Таксама можна дадаваць ужо знаёмыя словы, якія ў сучасным кантэксце набываюць новыя сэнсы», — тлумачыць ідэю аўтар і ідэйны натхняльнік праекта Міхаіл Волчак.

Слова «нішо» ў заходне-палешуцкім дыялекце значыць «нешта».

Як гэта выглядае

Слоўнікавая картка складаецца са слова ці выраза, яго азначэння і прыкладу ўжывання. Унізе пазначаны нік таго, хто яго дадаў, і дата дадавання. Пасля рэгістрацыі на сайце можна галасаваць за тыя ці іншыя словы — падабайкамі і непадабайкамі, якія таксама бачныя ў картцы слова. Можа прысутнічаць хэштэг са сферай ужывання слова. Зараз у анлайн слоўніку каля 330 картак.

«У размове, у стасунках з іншымі, у штодзённай прафесійнай працы вы можаце вынайсці свой рытм, свой стыль, сваё слова, больш смачнае, зручнае і дапасаванае да патрэбы. Мы заклікаем смела размаўляць і эксперыментаваць», — пішуць аўтары праекта.

Ідэя слоўніка з’явілася ў 2022 годзе на хакатоне «Культурны код». Праектам займаецца каманда валанцёраў у вольны ад працы і сям'і час. Зараз каманда адкрыта да супрацоўніцтва. Ёй патрэбны гік-лінгвіст для збору словаў для слоўніка і наступнай мадэрацыі і камунікатар для пашырэння інфармацыі і рэалізацыі камунікатыўнай стратэгіі.

Чытайце таксама: