Час ад часу даводзіцца чуць ад саміх беларусак і беларусаў, што беларуская мова — мёртвая. У сучаснага гараджаніна можа скласціся такое ўражанне: вакол гучыць толькі расійская мова, шыльды і ўказальнікі напісаны толькі па-расійску, супрацоўнікі і супрацоўніцы дзяржаўных устаноў разам з бізнесоўцамі размаўляюць толькі па-расійску. Ці не толькі? Пра тое, якія беларускамоўныя лакуны можна знайсці нават зараз у беларускіх гарадах і як увогуле суіснуюць розныя мовы ў гарадской прасторы, падкаст «Утульны горад» пагаварыў з антраполагам Андрэем Ваз’янавым.

Слухайце размову пра беларускую мову ў гарадской прасторы цалкам у аўдыёверсіі або чытайце асноўныя тэзісы ў вялікім скароце ніжэй.

Указальнікі, шыльды і навігацыя — маркеры краіны

Людзі, якія кожны дзень бачаць гарадскія вуліцы і карыстаюцца грамадскім транспартам, ужо не заўважаюць, на якой мове зроблены тыя ці іншыя надпісы. Мы, хутчэй за ўсё, не здолеем зараз прыгадаць, на якой мове напісаны расклад грамадскага транспарту на бліжэйшым прыпынку, словы «выхад» і «уваход» на вакзале і ўказальнікі на выездзе з гораду.

Аднак усе гэтыя пазнакі часта напісаныя менавіта па-беларуску: і шыльды дзяржаўных устаноў, і назвы гарадоў у раскладзе аўтавакзала, і назвы вуліц у цэнтры. Часткова гэта наступствы першых гадоў незалежнасці, часткова — вынікі «мяккай беларусіфікацыі», калі беларускія ўлады з 2014 па 2019 намагаліся прыўнесці больш беларускай мовы і культуры ў штодзённасць краіны.

Таму мы не можам лічыць беларускую мову «мёртвай», бо яна ўсё яшчэ выконвае інфармацыйную функцыю ў гарадах. Што важна, абсалютная большасць насельніцтва беларускіх гарадоў такую навігацыю на беларускай мове разумее.

Арнамент, валошкі і беларуская мова

Таксама беларускую мову мы ад часу да часу спаткаем у якасці дэкаратыўнага элемента разам з іншым этнічнымі складнікамі. Сетка крамаў «Родны кут», якая мае беларускую назву і арнамент у якасці ўпрыгожанняў элементаў брэнду, не карыстаецца беларускай мовай для прасоўвання тавараў і для камунікацыі з пакупнікамі. Тым не менш, для назвы выкарыстоўваецца менавіта беларуская мова.

Даволі часта беларускую мовы выкарыстоўваюць і бізнесы, напрыклад, калі кавярня мае беларускую назву, але меню на беларускай унутры не існуе і афіцыянты таксама камунікуюць выключна па-расійску. Яшчэ адзін прыклад — анлайн-кінатэатр «Voka TV», які таксама мае беларускую назву, але не мае нават беларускамоўнай версіі сайта.

Беларуская мова часта выкарыстоўваецца як дэкаратыўна-сімвалічны элемент: каб паказаць сваю беларускасць, але пры гэтым працягваць камунікаваць выключна па-расійску.

Лакуны размоўнай беларускай

У сітуацыі, калі публічнае карыстанне беларускай мовай нясе рызыку рэпрэсій, існуе зусім мала месцаў, дзе ўсё яшчэ можна карыстацца беларускай не баючыся за сваю бяспеку. Напрыклад, гэта ўстановы культуры. Музеі, тэатры і бібліятэкі ўсё яшчэ могуць ладзіць мерапрыемствы па-беларуску і нават размаўляць па-беларуску з наведвальнікамі. Праўда, часцей за ўсё, іх супрацоўнікі пасля працы таксама пераходзяць на расійскую ў кавярнях, крамах і банках.

Таксама дзе-нідзе ў Беларусі яшчэ працуюць рамесныя крамкі: назвы тавараў у іх часта напісаныя па-беларуску і супрацоўнікі таксама размаўляюць па-беларуску — гэта не выклікае ні ў кога здзіўлення.

Чытайце таксама: У Беларусі адмянілі беларускую лацінку ў геаграфічных назвах

Ад шыльдаў да штодзённых размоў

Сітуацыя, у якой усе шыльды напісаныя на адной мове, а ўсе жыхары размаўляюць на іншай — цалкам натуральная і здараецца шмат у якіх гарадах, кажа Андрэй Ваз’янаў. Ёсць гэта, напрыклад, у Ташкенце, дзе ўсё напісана на ўзбекскай мове, але камунікацыя часцей за ўсё адбываецца на расійскай. Ёсць гэта ў латышскім Даўгаўпілсе, дзе, нягледзячы на паўсюдную пісьмовую латышскую мову, людзі камунікуюць пераважна па-расійску. Кіеў таксама быў такім горадам, дзе ўсе надпісы — на ўкраінскай мове, але большасць насельніцтва размаўляе па-расійску. Сітуацыя ў Кіеве, аднак, паслядоўна змяняецца. Пасля Еўрамайдану колькасць украінамоўных кіяўлян пачала расці. Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ўкраінамоўныя сталі ў Кіеве большасцю. Як кажа Андрэй Ваз’янаў, гэта адбылося не ў апошнюю чаргу дзякуючы шыльдам і ўказальнікам.

Справа ў тым, што калі чалавек бачыць вакол сябе надпісы на ўкраінскай мове ўвесь час, а яшчэ спажывае ўкраінамоўны кантэнт і чытае кнігі па-ўкраінску, у нейкі момант яму ці ёй будзе даволі проста перайсці на ўкраінскую ў штодзённай камунікацыі.

Атрымліваецца, што рэцэпт для беларусізацыі нашых гарадоў даволі просты: больш беларускай мовы на вуліцах, больш беларускамоўнага кантэнту ў дамах — і палітычная воля на прасоўванне мовы.