Беларусь выключылі з еўрапейскіх праграм транспамежнага супрацоўніцтва з-за падтрымкі краінай расійскай вайсковай агрэсіі. Сродкі з ужо пачатых і не скончаных праектаў трэба вярнуць. Міністэрства замежных спраў прыдумала, як гэтага не рабіць. Аб гэтым піша «Люстэрка» са спасылкай на ўласную крыніцу ў адным з міністэрстваў.

Праекты працягваюцца — але толькі з аднаго боку мяжы

Еўракамісія з 4 сакавіка 2022 года прыпыніла рэалізацыю пагадненняў аб фінансаванні праектаў у Беларусі па дзвюх праграмах транспамежнага супрацоўніцтва ЕС «Латвія — Літва — Беларусь» і «Польшча — Беларусь — Украіна» на 2014−2020 гады. Беларускі бок адхілілі ад удзелу ва ўсіх мерапрыемствах у рамках гэтых праграм.

Цяпер усе пачатыя праекты дапрацоўваюцца толькі на боку Еўрасаюза. У ліпені 2023 на сайце праграмы «Латвія — Літва — Беларусь» з’явілася інфармацыя, што вяртанне сродкаў ЕС, выдаткаваных у Беларусі, ініцыяваў кіруючы орган праграмы.

Міністэрства замежных спраў: патрабаванні трэба ігнараваць

Беларускае МЗС з гэтым нязгодна. Маўляў, ЕС не даў ніякіх тлумачэнняў, як завяршыць пачатыя праекты і што рабіць з ужо атрыманымі грашыма. Таму ў Беларусі праекты працягваліся, а еўрапейскія грошы траціліся.

У выніку беларускія арганізацыі, якія ўдзельнічалі ў еўрапейскіх праграмах, пачалі атрымліваць лісты «аб прызнанні непрымальнымі выдаткаў беларускіх бенефіцыяраў (з прычыны адсутнасці аўдытарскіх праверак) і вяртанні пералічаных сродкаў ЕС».

Такія патрабаванні МЗС лічыць палітызаванымі, неабгрунтаванымі і парушаючымі двухбаковыя дамоўленасці. 25 жніўня 2023 года МЗС адправіла ў 11 міністэрстваў, усе аблвыканкамы, Дзяржпагранкамітэт і Дзяржаўны мытны камітэт, Галоўнае гаспадарчае ўпраўленне Упраўлення справамі Лукашэнкі і Акадэмію навук ліст пад назвай «Аб ігнараванні патрабаванняў аб вяртанні грантавых сродкаў».

Чытайце таксама: Медыцына, экалогія, турызм. На што Беларусь больш не атрымае грошай ад Еўрасаюза

У лісце адзначаецца, што ЕС патрабуе вярнуць не толькі нявыкарыстаныя сродкі, але і ўжо выдаткаваныя грошы. Таксама з ліста можна даведацца, што беларускі бок нібыта выдаткаваў на праекты шмат уласных сродкаў. Іх ён спадзяваўся кампенсаваць за кошт ЕС.

«…на рахунках беларускіх юрыдычных асоб знаходзіцца толькі каля 627 тыс. еўра нявыдаткаваных грантавых сродкаў па праграмах „Польшча-Беларусь-Украіна“ і „Латвія-Літва-Беларусь“ на 2014−2020 гады, у той час як кампенсацыі з боку ЕС падлягае больш за 2 млн 332 тыс. еўра, укладзеных паводле дамоўленасці беларускімі выканаўцамі», — напісана ў лісце.

«Вяртаецца без разгляду»

«У сувязі з выкладзеным і неабходнасцю забеспячэння нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь прапануецца да ўрэгулявання гэтай сітуацыі з Еўрапейскім саюзам пакідаць запыты польскіх і літоўскіх органаў кіравання ПТГС [праграм трансгранічнага супрацоўніцтва — Hrodna.life] аб вяртанні сродкаў ЕС без адказу або вяртаць з формуліроўкай «патрабаванне аб вяртанні сродкаў не адпавядае дагаворным абавязацельствам Беларусі і ЕС», — гаворыцца ў лісце за подпісам намесніка міністра замежных спраў Ігара Назарука. Такое рашэнне ўхвалена беларускім урадам. Міністэрству фінансаў ужо даручылі закрыць разліковыя рахункі, адкрытыя для рэалізацыі праграм.

Якія праекты ў Беларусі падтрымліваў Еўрасаюз

У рамках папярэдніх трансгранічных праграм у 2007—2013 гадах у Беларусі рэалізавалі праекты на агульную суму каля 50 млн еўра. З 2016 года штогадовая дапамога ЕС для Беларусі складала 28−30 млн еўра.

Агульны бюджэт праграм транспамежнага супрацоўніцтва на 2014−2020 гады для ўсіх краін-удзельніц складаў больш за 250 млн еўра: больш за 170 млн на праграму Польшча-Беларусь-Украіна і каля 81 млн на Латвія-Літва-Беларусь. З іх 20 млн прызначаліся на развіццё прымежнай інфраструктуры, мадэрнізацыю пунктаў пропуску, удасканаленне тэхнічных сістэм аховы мяжы і рэканструкцыю пад’язных шляхоў у Беларусі.

Гранты Еўрасаюза ў рамках праграмы Латвія-Літва-Беларусь атрымлівалі:

  • Нацыянальная Акадэмія навук Беларусі - 500 000 еўра на супрацьдзеянне шкоднаму ўплыву інвазіўных відаў,
  • Дзяржаўны мытны камітэт — 4,57 млн ​​еўра на мадэрнізацыю пункта пропуску Урбаны — Сілене,
  • Аддзел культуры Лідскага райвыканкама — 270 788 еўра на захаванне традыцыйных рамёстваў і развіццё турызму.

Гэта толькі тыя праекты, у якіх беларускі бок быў асноўным бенефіцыярам. У рамках іншых праектаў дапамогу атрымлівалі Упраўленне спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама, школы і гімназіі, універсітэты, музеі, запаведнікі, цэнтры сацыяльнай абароны, МНС і іншыя структуры з Гродзенскай, Віцебскай і Мінскай абласцей.

На сайце праграмы Польшча-Беларусь-Украіна некаторыя праекты з удзелам беларускіх партнёраў пазначаныя як ужо скончаныя, іншыя — у працэсе рэалізацыі. Але ў любым выпадку ўсе выдаткі беларускіх удзельнікаў пасля 24 лютага 2022 года не будуць пакрывацца.

У новай транспамежнай праграме на 2021−2027 гады Беларусь не ўдзельнічае. Праекты прымаюць толькі ад Польшчы і Украіны.

Як Еўрасаюз інвеставаў у Гродзенскую вобласць

Адзін з самых буйных праектаў, якія рэалізоўвалі ў рамках праграмы «Польшча-Беларусь-Украіна» — турыстычны праект «Шляхам Тызенгаўза». Ён каштаваў каля 2 млн еўра. У рамках праекта адрэстаўравалі два будынкі ў Гродна і Саколцы, праклалі трансгранічны веласіпедны маршрут. У 2021 годзе «Шлях Тызенгаўза» прызналі лепшым турыстычным прадуктам Падляскага ваяводства.

Але ўжо ў 2022 годзе на стэндах, устаноўленых у рамках праекта ў Гродне, заклеілі сцяг ЕС. А ў былым будынку архіва, які адрэстаўравалі за грошы ЕС, знялі герб Рэчы Паспалітай.

Транспамежнае супрацоўніцтва Беларусі і краін Еўрасаюза ўключала ў сябе турыстычныя праекты, такія як "Шлях Тызенгаўза".
Адзін са стэндаў, устаноўленых у Гродне ў рамках праекта «Шлях Тызенгаўза». Сімволіка праграмы «Польшча-Беларусь-Украіна» яшчэ не заклеена. Фота: Hrodna.life

Рэалізоўвалі і іншыя турыстычныя праекты ў Гродзенскай вобласці. Напрыклад, па прасоўванні Аўгустоўскага канала. Работы ішлі і ў зусім іншых сферах. У Навагрудскім раёне развівалі аднаўляльныя крыніцы энергіі. Былі праекты і ў вобласці медыцыны, паляпшэння дарожнай інфраструктуры, аховы навакольнага асяроддзя.

Праблемы з атрыманнем грошай з трансгранічных праграм з’явіліся яшчэ да пачатку расійскага ўварвання ва Украіну. У рамках рэпрэсій пасля выбараў 2020 года ўлады ліквідавалі многія грамадскія арганізацыі. Сярод іх былі і тыя, хто выступаў партнёрам у міжнародных праектах. У выніку такія праекты не адбыліся.

Лукашэнка загадаў заканчваць праекты (але не тыя) самастойна

Аляксандр Лукашэнка 8 верасня падпісаў указ аб завяршэнні праектаў, якія раней фінансаваліся міжнароднымі арганізацыямі. Указ устанаўлівае прававыя рамкі для завяршэння такіх праектаў за кошт бюджэту. Маюцца на ўвазе актыўныя праекты, якія фінансаваліся крэдытамі або грантамі ад:

  • Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця,
  • Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця,
  • Паўночнага інвестыцыйнага банка.

Транспамежныя праекты Еўрасаюза ў гэтым указе не згадваюцца.