У Гродне прадаюць двухпакаёвую кватэру-студыю. Кватэра вельмі светлая — усе вокны выходзяць на паўднёвы бок. Фішка кватэры — перапланіроўка, дзякуючы якой з’явіўся балкон-кабінет. Таксама ў ёй з густам падабраныя нейтральныя і «свежыя» колеры.

Яна знаходзіцца на 14-м паверсе 15-павярхоўкі на Таўлая, 61 у мікрараёне Дзевятоўка. Агульная плошча — 60,1 кв. м.

У кватэры зрабілі перапланіроўку. Залу аб’ядналі з кухняй. У кватэры два балконы. Адзін з іх аб’ядналі з кватэрай з дапамогай французскага акна (від акна ў падлогу, адаптаваны элемент архітэктуры французскага класіцызму — Hrodna.life). Калі трэба, дзверы можна прыбраць. Гэты балкон ўцеплены, праведзена цёплая падлога — і яго можна выкарыстоўваць як кабінет. Другі балкон выходзіць на заходні бок — гэта дае прыгожае вячэрняе святло.

Два жылыя пакоі шумаізаляваны ад суседзяў. Кухня — функцыянальная з прадуманым захоўваннем і вялікай працоўнай зонай. Ёсць убудаваная бытавая тэхніка Bosch: індукцыйная пліта, духавая шафа, посудамыйная машына. Таксама на кухні ёсць шырокі халадзільнік — 70 см, магутная выцяжка, убудаваная мікрахвалеўка, фільтр зваротнага осмасу (прылада для ачысткі вады — Hrodna.life).

Санвузел сумешчаны. У ваннай пакоі падлучаны бойлер для забеспячэння гарачай вадой на час адключэння, устаноўлена бідэ.

У кватэры прыемны рамонт з выкарыстаннем колераў, якія спалучаюцца паміж сабой. Базай застаецца белы колер. У адным з пакояў сцяна выкладзеная пліткай. У інтэр'еры выкарыстоўваецца шмат плеценых дэталяў натуральнага адцення. Акрамя натуральнага святла, ёсць шмат лямпаў для штучнага асвятлення. Для ўпрыгожвання — хатнія кветкі і карціны.

Кошт — $ 68 500.

Чытайце таксама: Нерухомасць тыдня: купіць паўдома на Палестыне побач з аб’язной