Журналіст Руслан Кулевіч расказаў, што апошнім часам гродзенцаў судзяць за падпіскі на яго асабісты акаўнт. Яму вядома мінімум пра пяць такіх выпадкаў. Справа ў тым, што сацсеткі аўтара былі прызнаныя экстрэмісцкай прадукцыяй. Журналіст папярэджвае фолавераў аб тым, што падпіскі на яго могуць быць небяспечнымі. За суткі ён страціў ужо 700 падпісчыкаў у Instagram.

Сярод затрыманых — гродзенкі і гродзенцы, сярод іх святар Андрэй Наздрын. У тым ліку людзей затрымлівалі і падчас праходжання мяжы. Падобнае было некалькі месяцаў таму — тады людзей з падпіскамі на Руслана Кулевіча адводзілі падчас праходжання мяжы, але адпускалі. Цяпер, паводле слоў Руслана, пераслед актывізаваўся.

«Шкада стала людзей — я вырашыў запісаць зварот. Я ведаў, што я страчу падпісчыкаў. За 10 гадзін было мінус 700 чалавек. Да гэтага, калі я рабіў зварот, страціў 3000. Такім чынам я імкнуся засцерагчы людзей. Гэта мая аўдыторыя, над якой я працаваў многія гады. Шкада — такім чынам рэжым усё больш робіць, каб адрэзаць мяне, маё медыя ад Беларусі. Гродна так блізка і так далёка», — распавёў Руслан Hrodna.life.

У Руслана было 15 000 падпісчыкаў, цяпер — 11 600. Гродзенцы напісалі Руслану, што будуць чытаць яго і без падпісак.

«Гэта тая аўдыторыя, якая давала „топчыкі“ — асноўныя матэрыялы, калі нешта адбывалася. Калі яны сыходзяць, яны ўжо будуць баяцца пісаць».

Выдалялі віншаванні і дыскусіі пра гісторыю

«Учора бачыў, як людзі выдалялі са мной перапіску за 2017-ы, 2018-ы год. Тэлефон усё вібраваў. Гэта людзі, якія віншавалі мяне з Днём нараджэння, абмяркоўвалі нейкія гістарычныя рэчы. Людзі баяцца — я іх не асуджаю. Я іх разумею — там страшна знаходзіцца, калі ты на мяне падпісаны. Хоць я нічога дрэннага не зрабіў», — распавёў Руслан Кулевіч.

Што можна зрабіць для бяспекі людзей?

Закрываць акаунт Руслан таксама не плануе. «Я ж не ведаю, як яны глядзяць мой акаунт. Магчыма, гэта падпісант — той жа Дудко або Васілеўскі [Яўген Дудко, Яраслаў Васілеўскі, былы і дзеючы супрацоўнікі прэс-службы УУС Гродзенскага аблвыканкама — Hrodna.life]. Турлай мне пастаянна піша ў асабістыя паведамленні [Арцём Турлай, прадстаўнік прэс-службы Гродзенскага аблвыканкама — Hrodna.life]».

Руслан нават сам выдаляў некаторыя каментары, калі ведаў, што іх пакідаюць тыя, хто знаходзіцца ў Гродне. Таксама Руслан пачаў баяцца пакідаць каментары на старонках людзей. Вядома, што людзей «прэсавалі» нават за сумесныя фота, зробленыя і размешчаныя да 2020 года.

З’явіцца новы «бяспечны» акаунт?

Журналіст падумвае пра тое, каб завесці профіль на польскай мове, каб распавядаць пра беларускага аўтара для палякаў. Новы неэкстрэмісцкі акаунт ён ствараць не плануе. Ён упэўнены, што рана ці позна беларуская аўдыторыя да яго вернецца, але цяпер працуе больш для беларусаў за мяжой.

«Гродна ўсё аддаляецца. Я не ведаю, што рабіць. Напэўна, [трэба] без падпіскі глядзець. YouTube людзі глядзяць без падпіскі. Мы такім чынам гуляем па правілах рэжыму і гэта няправільна. Але няправільна і людзей падстаўляць. Я хацеў бы, каб людзі ведалі, што адбываецца. І палітвязні выходзяць, і цікавыя матэрыялы, звязаныя з гродзенцамі, мы публікуем, старыя фатаграфіі».


Хто такі Руслан Кулевіч

Руслан Кулевіч — журналіст з Гродна, у прафесіі з 2013 года. Пісаў для гродзенскага медыя «Твой стыль», які пазней стаў Hrodna.lifе. Аўтар кніг з успамінамі гродзенцаў аб міжваенным Гродне «Горад адзін, успаміны розныя» і «Гісторыі з гродзенскіх вуліц». Лаўрэат прэміі Ядкоўскага, якую ўручаюць за кнігі на гістарычную тэматыку. Пасля затрымання і збіцця падчас пратэстаў 2020 года з’ехаў за мяжу. Там заснаваў відэа-праекты «Мы вернемся», «Беларусы могуць» і інтэрнэт-рэсурс MOST Media, які працуе для беларускай дыяспары ў Польшчы. І Hrodna.life, і MOST Media прызналі экстрэмісцкімі фармаваннямі — за супрацоўніцтва з імі пагражае крымінальны артыкул. Экстрэмісцкай прадукцыяй прызналі персанальныя акаўнты Руслана.