Праваслаўнага святара Яўгена Павельчука, які раней служыў у гродзенскім Свята-Пакроўскім кафедральным саборы, вызвалілі з пасады і выслалі з Балгарыі. У Гродне ён быў вядомы тым, што ствараў вайскова-патрыятычныя клубы для падлеткаў.

З Балгарыі выслалі праваслаўнага святара, які раней служыў у Гродне. Прычына - дзейнасць супраць нацыянальнай бяспекі
Яўген Павельчук. Крыніца: podvorie-sofia.bg

У Балгарыі Павельчук з 2019 года займаў пасаду сакратара падвор’я Рускай праваслаўнай царквы ў Сафіі. У верасні 2023 года яго выслалі з краіны балгарскія ўлады. Сінод Рускай праваслаўнай царквы 11 кастрычніка прыняў рашэнне вызваліць яго ад пасады сакратара і накіраваць назад у Беларусь.

Чаму Павельчука выслалі з Балгарыі

Протаірэя Яўгена Павельчука 21 верасня 2023 года выслалі з Балгарыі па загадзе кіраўніка Дзяржаўнага агенцтва нацыянальнай бяспекі. Святара пазбавілі права на ўезд і пражыванне ў Балгарыі тэрмінам на пяць гадоў.

Прычыну высылкі агенцтва нацыянальнай бяспекі патлумачыла тым, што святар вёў дзейнасць супраць нацыянальнай бяспекі Балгарыі. Таксама агенцтва сцвярджае, што атрымала дадзеныя «аб дзеяннях, звязаных з рэалізацыяй разнастайных элементаў гібрыднай стратэгіі Расійскай Федэрацыі па мэтанакіраваным уздзеянні на грамадска-палітычныя працэсы ў Рэспубліцы Балгарыя на карысць расійскіх геапалітычных інтарэсаў».

Сінод РПЦ выказаў «катэгарычны пратэст у сувязі з грубымі і дыскрымінацыйнымі дзеяннямі балгарскіх уладаў». На сайце Беларускай праваслаўнай царквы пра высылку Павельчука не ўзгадваюць. На сайце Мінскай епархіі дасюль размешчана інфармацыя пра тое, што святар камандзіраваны ў Балгарыю.

Зараз Павельчука накіравалі ў распараджэнне мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна. Таксама ён атрымаў ад сінода падзяку «за панесеную працу».

Павельчук — не адзіны, каго выслалі з Балгарыі

Разам з Павельчуком з Балгарыі выслалі Васіяна (Мікалая Змеева). Гэта расійскі архімандрыт, які з 2018 года быў настаяцелем падвор’я РПЦ у Сафіі. Зараз сінод РПЦ прызначыў яго кіраўніом Рускай духоўнай місіі ў Іерусаліме.

Хто такі Павельчук і чым ён займаўся ў Гродне

Яўген Павельчук нарадзіўся ў 1966 годзе. У 1995 годзе атрымаў сан дыякана і служыў у Шчучыне. Там ў 2007 годзе пры падтрымцы райвыканкама і інспекцыі па справах непаўнагадовых стварыў і стаў духаўніком праваслаўнага вайскова-патрыятычнага клуба «Дружина». У 2009 годзе, падчас службы ў гродзенскім Свята-Пакроўскім кафедральным саборы, на базе сярэдняй школы № 37 стварыў праваслаўны вайскова-патрыятычны клуб «Славяне».

З Балгарыі выслалі праваслаўнага святара, які раней служыў у Гродне. Прычына - дзейнасць супраць нацыянальнай бяспекі
Яўген Павельчук. Крыніца: old.orthos.org

Чытайце таксама: «Сама выява крыжа — „сцена насилия и вражды“». Чаму іконы, якія знялі ў Гродне, не павінны выклікаць «положительные эмоции

Павельчук — гродзенскі інфарматар Масквы

У 2013 годзе пасаду мітрапаліта Беларусі заняў Павел (Панамароў). Разам з ім у Беларусь прыехаў архімандрыт Васіян (Змееў), які быў прадстаўнікоўм РПЦ у Беларусі. У 2018 Васіян годзе атрымаў пасаду настаяцеля падвор’я РПЦ у Сафіі.

«Змееў быў „вачамі і вушамі“ маскоўскага патрыярха Кірыла ў Беларусі, а інфарматарам Змеева ў Гродне быў Павельчук. Менавіта Павельчук паскардзіўся Змееву, што епіскап Арцемій хоча аўтакефаліі і падумвае аб беларусізацыі царквы», — расказаў «Радыё Свабода» адзін са святароў, які служыў з Павельчуком.

«Абсалютны рускамірац. Адмаўляў беларусам у праве на самастойнасць, лічыў часткай расійскага народу», — кажа суразмоўца «Радыё Свабода».

Павельчук супрацоўнічаў з групоўкамі «Казацкі спас» і «Нёманскія казакі». На мерапрыемствах з яго ўдзелам прысутнічалі людзі з «Россотрудничества» — расійскай агенцыі, якая прасоўвае «рускі свет» у краінах былога СССР. Пра гэтыя сувязі раней пісаў журналіст Дзяніс Івашын, цяпер палітзьняволены.

Пасля гэтага Павельчук пакінуў Гродзенскую епархію і служыў у Свята-Елісавецінскім манастыры ў Мінску. Гэты манастыр адкрыта падтрымлівае вайсковую агрэсію Расіі супраць Украіны і збірае грошы на тэхніку для расійскага войска.

Чытайце таксама: «Імідж для царквы важны, але яго ствараюць для рэжыму». Як рэпрэсуюць святароў і што гэта значыць для вернікаў