На гродзенскім аўтавакзале зніклі галасавыя аб’явы па-беларуску. Гэта ў нядзелю 23 кастрычніка заўважыў гродзенец Аляксандр і напісаў пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook. Каб даведацца прычыну, жыхар Гродна пайшоў да адміністрацыі вакзала.

У адміністрацыі яму патлумачылі, што змены звязаныя з тым, што раней аб’явы чытаў жывы чалавек, а цяпер — камп’ютарная праграма, якую даслалі з Мінска.

«І ў нас, маўляў, дзве дзяржаўныя мовы. Пытанні, чаму знікла менавіта беларуская мова і ці яны ўжо збіраюцца цалкам увайсці ў Расею, выклікалі невялікі скандальчык. Пачалі мяне горача пераконваць, што „все говорят по-русскі“ і іншую лабуду», — напісаў Аляксандр.

Гродзенец напісаў кіраўніцтву аўтавакзала скаргу, але не верыць, што гэта будзе мець нейкі эфект.

У каментарыях іншыя карыстальнікі Facebook заўважылі, што гэта выглядае на працяг ранейшай тэндэцыі: сёлета ў Гродне ўжо зніклі стэнды, прысвечаныя Элізе Ажэшцы, а таксама шыльда ў гонар паўстанцаў 1863 года на чыгуначным вакзале.