У Карэлічах АМАП затрымліваў людзей у мясцовай паліклініцы, доме культуры і райвыканкаме. Сілавікі таксама прыйшлі на «Лідскае піва».

27 кастрычніка каля 10.00 на прадпрыемстве «Лідскае піва» затрымалі як мінімум шэсць чалавек, паведамляе Telegram-канал «Задержания, суды в Лиде».

Затрыманні ў Карэлічах

І ў той самы дзень, 27 кастрычніка, у Карэлічах прадстаўнікі АМАП УУС Гродзенскага аблвыканкаму затрымалі некалькі чалавек, піша Telegram-канал MAYDAY TEAM.

Раніцай у Карэліцкай цэнтральнай раённай паліклініцы затрымалі некалькі ўрачоў і стаматолага. З іншым персаналам праводзілі «прафілактычныя гутаркі» аб недапушчальнасці «падпіскі на экстрэмісцкія рэсурсы».

Два чалавекі затрымалі ў Карэліцкім райвыканкаме. Таксама былі затрыманыя некаторыя супрацоўнікі «Карэліцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці». Верагодна, усіх затрыманых абвінавачваюць у «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў».


Днём раней затрыманні прайшлі ў Ваўкавыску, Навагрудку і Шчучыне.

Чытайце таксама: Як не стаць экстрэмістам ў Беларусі? Юрыст — аб пакаранні за падпіску, лайк і рэпост