Суды за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў прайшлі ў Гродне, Лідзе і Смаргоні. Аб пастановах стала вядома з банка судовых пастаноў, піша Telegram-канал «Право имеют».

Урача-неанатолага, маці малалетняга дзіцяці асудзілі за падпіску ў Instagram на штраф у памеры 15 базавых велічынь (555 рублёў) з канфіскацыяй мабільнага тэлефона.

Супрацоўніцу БХМД, маці малалетніх дзяцей асудзілі за падпіску ў «Одноклассниках» на штраф у памеры 10 базавых велічынь (370 рублёў) з канфіскацыяй мабільнага тэлефона.

Тры суды прайшлі ў Лідзе — там судзілі супрацоўнікаў мясцовых прадпрыемстваў, дзе перыядычна праходзяць затрыманні. Рашэнні - штраф у 20 базавых велічынь (740 рублёў) без канфіскацыі тэлефона, сем сутак адміністрацыйнага арышту з канфіскацыяй мабільнага тэлефона, штраф у 30 базавых велічынь (1110 рублёў) з канфіскацыяй мабільнага тэлефона.

30 кастрычніка ў судзе Смаргонскага раёна асудзілі беспрацоўнага за захоўванне інфармацыйнай прадукцыі і лагатыпа анлайн-платформы «Голас» на штраф у памеры 30 базавых велічынь (1110 рублёў) з канфіскацыяй тэлефона.

Таксама судзілі гродзенцаў - за падпіскі ў «Одноклассниках» і Instagram і распаўсюд спасылак у Telegram. Рашэнні судоў розныя — ад штрафу ў 15 базавых да арышту.

Чытайце таксама: Як не стаць экстрэмістам ў Беларусі? Юрыст — аб пакаранні за падпіску, лайк і рэпост