Connection Information

To perform the requested action, WordPress needs to access your web server. Please enter your FTP credentials to proceed. If you do not remember your credentials, you should contact your web host.

Connection Type

Зона чакання ў "Прывалцы" будзе з кафэ і душамі: калі з'явіцца

Будаўніцтва зоны чакання на граніцы з Літвой збіраюцца пачаць у 2024 годзе. Яно пройдзе ў два этапы. Каля пункта пропуску з’явіцца ў тым ліку дзіцячая пляцоўка, пляцоўкі для адпачынку і санітарныя блокі. Ініцыятар работ — «Белмытсэрвіс».

У праекце зоны чакання пункта пропуску «Прывалка» («Райгардас» з літоўскага боку) закладзены:

  • будова праездаў, пляцовак, стаянак аўтатранспартных сродкаў;
  • арганізацыя сістэмы электроннай чаргі транспартных сродкаў для ўезду ў пункт пропуску;
  • добраўпарадкаванне месцаў для камфортнага чакання абслуговага персаналу;
  • падвод неабходных інжынерных сетак;
  • добраўпарадкаванне тэрыторыі;
  • будаўніцтва кальцавой развязкі на прылеглай тэрыторыі.

Участак пад будаўніцтва знаходзіцца на тэрыторыі са спецыяльным рэжымам аховы і выкарыстання (турысцка-рэкрэацыйны парк «Аўгустоўскі канал», прыродаахоўныя лясы) і ў ахоўнай зоне гідралагічнага помніка прыроды мясцовага значэння «Крыніца «Райгарад».

Патрабаванні да зон чакання вызначылі год таму. Яны ўступяць у сілу з 15 верасня 2024 года.

Што менавіта будзе ў зоне чакання

Першая чарга будаўніцтва прадугледжвае тэхнічныя рашэнні па падрыхтоўцы ўчастка для будаўніцтва, выдаленне на ім дрэў і кустоў, вертыкальную планіроўку і ўладкаванне праездаў для будаўнічай тэхнікі.

Другая чарга будаўніцтва прадугледжвае арганізацыю зоны чакання для аўтамабіляў і аўтобусаў, платнай стаянкі для легкавых аўтамабіляў, якая будзе ахоўвацца, службовай паркоўкі. Таксама размесцяць аб’екты прыдарожнага сэрвісу, санітарныя блокі, КПП і гараж. З’явяцца дзве артэзіянскія свідравіны для атрымання вады (працоўная і рэзервовая) і станцыі абезжалезвання, пажарныя рэзервуары, ачышчальныя і сажалка-выпарнік.

Паставяць пункт падключэння аўтамабіляў-рэфрэжыратараў на два пасты, зарадную станцыю для двух электрамабіляў, цеплапункт, дызельгенератарную ўстаноўку. Плануюць пабудаваць будынак прыдарожнага сэрвісу, будынак КПП, гараж-стаянку для ўборачнай тэхнікі і два ацяпляныя санітарныя блокі. У санітарным блоку зоны чакання для вадзіцеляў-дальнабойшчыкаў прадугледжаны душавыя, мужчынскія санвузлы, пральня-прасавальня.

Пасля добраўпарадкавання ўсталююць шэсць інфармацыйных табло, экраны, вонкавую рэкламу. З’явяцца дзіцячая пляцоўка і пляцоўкі для адпачынку. Тэрыторыю абгародзяць.

На скрыжаванні дарогі Р42 Гродна-Гожа-мяжа Літоўскай Рэспублікі і дарогі Н6603 да вёскі Прывалка запраектавалі кальцавое скрыжаванне на адным узроўні. Прыпынак грамадскага транспарту перанясуць далей ад яго. Прадугледжаны пешаходныя дарожкі да прыпынкаў і пераходы. Ад дарогі Н6603 да крыніцы і прыдарожнай кавярні «Родник» будзе праезд шырынёй 6 м.

У будынку прыдарожнага сэрвісу будзе гандлёвая зала з зонай кафэ на 16 пасадачных месцаў, падрыхтоўчы цэх для паўфабрыкатаў, туалеты і душавыя для работнікаў і наведвальнікаў, склад, камора прадуктаў, кабінет загадчыка, гардэроб для работнікаў. У кафэ плануюць прапаноўваць 80 умоўных страў, у зале будзе дзве кавамашыны і мікрахвалёўка.

Можна паўдзельнічаць у абмеркаваннях

Гродзенскі раённы выканаўчы камітэт праводзіць грамадскія абмеркаванні справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння будаўніцтва на навакольнае асяроддзе. Заўвагі і прапановы можна выказаць да 5 студзеня 2024 года. Са справаздачай аб АУНА можна азнаёміцца:

  • У электронным выглядзе на афіцыйным сайце Гродзенскага райвыканкама ў раздзеле «Грамадскія абмеркаванні».
  • У праектнай арганізацыі УП «Гроднажылпраект». Кантактная асоба — галоўны інжынер праекта Іван Курчык, (+375 (29) 752−34−61, proekt@mail.grodno.by).
  • У заказчыка РУП «Белмытнясэрвіс». Кантактная асоба — намеснік генеральнага дырэктара А.І. Малахаў. (220 036, г. Мінск, вул. Лермантава, 27; +375 17 259 75 03; office@btslogistics.by).

Заўвагі і прапановы па справаздачы аб АУНА прымае Гродзенскі райвыканкам (230 029, г. Гродна, вул. Горкага, 51, тэл./факс +375 152 738 922). Кантактная асоба — намеснік начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва Наталля Сяляўка (+375 152 738 939, info@grodnorik.gov.by).

Чытайце таксама: На мяжы з Літвой раварыстаў перасталі пускаць без чаргі. Аднойчы так ужо было