У мікрараёне Альшанка на вуліцы Агінскага ў Гродне мужчына хадзіў па дварах з нажом. Калі яго спрабавалі затрымаць, ён крычаў, каб яго забілі. Да гэтага ён спрабаваў скочыць з дзявятага паверха.

Гэта адбылося 5 студзеня. Мясцовы жыхар 26 гадоў паспрабаваў саскочыць з 9-га паверха, пасля спусціўся ўніз з нажом пагражаць мінакам.

«Гэты мужчына падышоў да мяне з нажом, добра, што суседзі паспелі крыкнуць і я аддаліўся на бяспечную адлегласць», — расказал чытач «АвтоГродно».

Каля поўдня на лінію «102» сталі паступаць паведамленні. На месца прыехалі два супрацоўнікі міліцыі. Яны прасілі мужчыну пакласці нож на зямлю, але той не слухаўся і ішоў насустрач міліцыянерам. Адзін з іх стрэліў у паветра.

На відэа мужчына гаворыць, што не можа кінуць нож, і просіць забіць яго.

У канцы запісу, размешчанага ў мясцовых чатах мікрараёна Альшанка, бачна, што мужчына ляжыць на ходніку. Падобна, што супрацоўнік міліцыі спрабуе прывесці яго ў прытомнасць. Побач стаіць супрацоўнік МНС.

Асобу мужчыны выявілі. Раней ён быў судзімы за незаконнае абарачэнне наркотыкаў, распавялі ў міліцыі. Пасля затрымання яго даставілі ва ўстанову аховы здароўя для агляду і аказання медыцынскай дапамогі: яшчэ да прыбыцця міліцыі ён парэзаў перадплечча.

На месцы працуе следча-аператыўная група.

Цяпер мужчына знаходзіцца ў ІЧУ, удакладнілі ў канале «Тревожная кнопка. ОНТ. Official». Супраць яго распачалі крымінальную справу паводле артыкула 339 КК РБ — хуліганства.

Чытайце таксама: 400 крымінальных спраў за пратэсты і экстрэмізм распачалі ў Гродзенскай вобласці