Навіны

Дырэктару далі штраф, Аўтуховіч не атрымаў бандэроль, ДАІшнік спагнаў кампенсацыю. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці

Дырэктара ТАА з Гродна аштрафавалі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Палітвязню Мікалаю Аўтуховічу за год не перадалі ніводнай бандэролі. Супрацоўнік ДАІ з Ліды атрымаў 1 500 рублёў маральнай кампенсацыі ад палітвязня. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 1 па 7 студзеня.

Суды за рэпосты і падпіскі

Аб 24 рашэннях судоў за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў стала вядома на мінулым тыдні. Суды прайшлі ў Зэльве, Наваградку, Бераставіцы, Іўі, Гародні, Лідзе, Смаргоні, Свіслачы і Шчучыне. Судзілі медыкаў, мантанжыка, ІП, дырэктара ТАА.

Палітвязню Мікалаю Аўтуховічу за год не перадалі ніводнай бандэролі

Па законе яму належыць атрымаць не менш за адну. Пра гэта «Свабодзе» распавяла сваячка былога прадпрымальніка і праваабаронцы, якая жыве ў Польшчы.

«Загадзя адправілі яму бандэроль з віншаваннем і цукеркамі. Разлічвалі, што яшчэ на Каляды атрымае, але ўжо і Новы год, а бандэроль так і не дайшла. Высветлілася, што гэты пакет нават з пошты не забралі. Праз інтэрнэт сваякі даведаліся, якая прычына. На сайце пошты прачыталі, што ён нібыта адмовіўся атрымліваць. Але ж гэта няпраўда», — перакананая сваячка Мікалая Аўтуховіча.

Па словах жанчыны, 30 снежня Мікалай коратка тэлефанаваў некалькім сваякам.

«Усіх павіншаваў з надыходзячым Новым годам. Голас быў бадзёры, сказаў пра сябе, што са здароўем у яго збольшага нармальна. Пра бандэроль сказаў, што яму дазволена адна на год, але да гэтага часу нічога не атрымаў: „А сам ад бандэролі ніколі не адмаўляюся“».

Мікалай Аўтуховіч у дзень прысуду. Фота: БелТА

Супрацоўнік ДАІ з Ліды атрымаў 1 500 рублёў маральнай кампенсацыі ад палітвязня

Супрацоўнік ДАІ Нехведавіч Павел Іванавіч падаў іск да палітвязня Камароўскага Аляксея Ігаравіча. Пасяджэнне аб кампенсацыі маральнай шкоды па справах аб абароне гонару і годнасці пачалося 12 кастрычніка 2023 года ў судзе Лідскага раёна.

Палітвязня раней асудзілі паводле арт. 364 КК «Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў» і арт.365 КК «Умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў».

Суддзя Бальцэвіч Алена задаволіла іск Нехведавіча і запатрабавала спагнаць з Камароўскага Аляксея 1500 рублёў кампенсацыі і дзяржпошліну ў даход дзяржавы 111 рублёў, паведамляе Telegram-канал «Суды, задержания. Гродно и область».

Аляксей Ігаравіч Камароўскі. Фота: «Вясна»

У Гродне затрымалі аператара «Гранітэкс»

Яго затрымалі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў і рэгістрацыю ў чат-боце «План «Перамога». Мяркуючы з відэа, хлопца затрымалі ў яго дома.

Затрыманы аператар «Гронітэкс». Скрыншот Hrodna.life

У Гродне затрымалі супрацоўніка кампаніі «ДыЭкОс»

Гродзенца затрымалі за каментары на адрас Лукашэнкі і супрацоўнікаў міліцыі. Мяркуючы па відэа, за мужчынам прыйшлі да яго на працу.

Затрыманы супрацоўнік. Скрыншот Hrodna.life

Палітзняволеная з Гродна Алена Ягорычава адбыла свой тэрмін і выйшла на волю

Яна адбыла два гады калоніі, паведамляе «Гарадзенская вясна». Яе судзілі за дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт. 342 КК), і гвалт альбо пагрозу прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 КК). Паводле абвінавачання, яна з мужам удзельнічала ў маршы 6 верасня 2020 года, дзе муж і жонка «натхнялі сваімі паводзінамі іншых, станавіліся ў „счэпку“, дэманструючы свой намер аказваць відавочнае непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі».

Алену таксама абвінавачвалі ў гвалце ў дачыненні да амапаўца — нібыта яна «нанесла не менш за адзін удар у вобласць твару і шыі, пасля чаго ажыццявіла захоп правай рукой за маску і шыю пацярпелага, прычыніўшы яму фізічны боль і пабоі».

Алена Егорычева. Фота: «Гарадзенская праваабарона»

Пасля пераводу ў калонію Павел Мажэйка не атрымаў ніводнага ліста ад жонкі і дзяцей

Ужо два месяцы ён без сувязі з блізкімі, якія знаходзяцца за мяжой. Таксама ён пакуль не тэлефанаваў ім, паведамляе Telegram-канал «Право имеют».

Паўла этапавалі ў калонію ў пачатку лістапада. Яго асудзілі на шэсць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле ч. 2 арт. 361−4 КК за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці - перадачы звестак тэлеканалу «Белсат».

Павел Мажэйка ў Гродзенскім абласным судзе. Фота: БелТА

Новыя «экстрэмісты»

Цыдзік Віталь Феліксавіч з Гродна 5 студзеня папоўніў спіс «экстрэмістаў».

Бондараву абурыў турыстычны цэнтр у Гродне — пытанне зноў у мове

Новы год гродзенская актывістка Вольга Бондарава пачала з новых абурэнняў. 1 студзеня 2024 яна апублікавала пост, у якім крытыкуе турыстычны інфармацыйны цэнтр у Гродне за тое, што на шыльдзе яго назва напісаная на польскай і англійскай мовах.

Чатыры дні, з улікам выхадных, хапіла, каб з турыстычнага інфармацыйнага цэнтра на вуліцы Ажэшкі ў Гродне знялі шыльду.

Ігумення Гаўрыіла расказала пра дабрату Лукашэнкі і лёс з’ехаўшых

Да свята Раства вядучы СТБ Рыгор Азаронак з’ездзіў у Гродна ў жаночы манастыр, якім кіруе ігумення Гаўрыіла. Але размова ў яго сюжэце ішла зусім не пра свята Божага Нараджэння. Перадусім Азаронак і Гаўрыіла спаборнічалі ў нахвальванні Лукашэнкі і зневажанні з’ехаўшых беларусаў, а таксама ўкраінцаў, што бароняць сваю радзіму ад агрэсара.

Рыгор Азаронак і ігумення Гаўрыіла. Скрыншот Hrodna.life з сюжэта СТБ

За «экстрэмізм» у Іўі на суткі адправілі начальніка раённай энергагазінспекцыі

Начальніка Іўеўскай раённай энергагазінспекцыі Астравецкага міжраённага аддзялення філіяла дзяржэнерганагляду па Гродзенскай вобласці судзілі за «экстрэмісцкую» падпіску «ВКонтакте». Вынікам сталі сем сутак адміністрацыйнага арышту. Таксама ў яго канфіскавалі мабільны тэлефон.

Кіроўца выклаў фота ў фуражцы. Яго ўбачылі сілавікі - і завялі справу

Іншаземец, які ўвесь час жыве ў Беларусі, апублікаваў у сацсетках сваю фатаграфію ў форме сілавіка — у кіцелі з шаўронам і ў фуражцы з кукардай. Пры гэтым ён не служыў. У Смаргонскім РАУС палічылі, што хлопец насіў форменнае абмундзіраванне, не маючы на гэта права. Справа дайшла да суда.

Што вядома пра затрыманых у Шчучыне на «Гроднагаз»

У снежні сілавікі паведамілі пра затрыманні на «Гроднагаз» у Лідзе і Шчучыне за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» у інтэрнэце. У студзені стала вядома, што затрыманых арыштавалі на 10 сутак. Вядома як мінімум чатыры рашэнні за 18 снежня — яны з’явіліся ў банку судовых рашэнняў.

Пазней стала вядома, што супрацоўніка і супрацоўніцу Шчучынскага раёна газазабеспячэння (РГС) «Гроднагаз» судзілі за фота бел-чырвона-белага сцяга на іх старонках у інтэрнэце. Гэта палічылі несанкцыянаваным пікетам.

Таксама стала вядома пра штраф яшчэ адной супрацоўніцы «Гроднагаз». За «экстрэмісцкі» лагатып у «Одноклассниках» яна заплаціць 20 базавых велічынь (740 рублёў). Таксама ў яе канфіскуюць мабільны тэлефон.

На магіле расстралянага ксяндза ў Лідзе знік герб паўстання 1863 года

На магіле ксяндза Адама Фалькоўскага, якога царскія ўлады расстралялі ў Лідзе ў 1863 годзе, зацерлі герб паўстання 1863−1864 гадоў. Магіла ксяндза — камень з імём, прозвішчам і гадамі нараджэння і смерці. Раней наверсе каменя быў яшчэ герб з выявамі арла, Пагоні і арханёла Міхаіла — сімваламі Польшчы, Літвы і Русі. Цяпер герб сцёрты.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Краму «АвтоЗапчасти» ў Гродне зноў хочуць збанкруціць. Гаспадар скардзіўся на АМАП

Фірму-уладальніка крамы "АвтоЗапчасти" ў Гродне, ТАА "Рукша", зноў хочуць збанкруціць. Банкруцтва хочуць прызнаць праз эканамічны…

8 мая 2024

На літоўска-беларускай мяжы затрымалі два Tesla Cybertruck: падазраюць, што іх везлі ў Расію

Два новенькія электрычныя пікапы Tesla Cybertruck 2023 года выпуску затрымалі літоўскія мытнікі 7 мая ў…

8 мая 2024

Пад Беняконямі можна набыць запраўку і гатэль. Прадавец нечаканы — «Беларускае марское параходства»

Будынак запраўкі “Газпрамнафты”, а таксама матэль і кафэ ля самай беларуска-літоўскай мяжы прадаюць з аўкцыёну.…

8 мая 2024

Пенсіянерка Аляксандра Ханевіч стала «экстрэмісткай». А з ёй — яшчэ тры гродзенкі

"Каманду Латушкі і Рух "За Свабоду" 8 траўня прызналі экстрэмісцкім фармаваннем. У ліку адказных за…

8 мая 2024

Бондарава адшукала на дзяржаўным свяце «змагарку», а тая апынулася нявесткай Лукашэнкі

Праўладная актывістка Вольга Бондарава ў сваім допісе назвала нявестку Аляксандра Лукашэнкі “змагаркай”. Але пазней адрэдагавала…

8 мая 2024

Загадчыцу інтэрната ў Гродне аштрафавалі за нямытыя пліты

Загадчыца аднаго з інтэрнатаў у Гродне не ўсачыла за тым, каб паддоны электраплітаў на кухні…

7 мая 2024