У Ваўкавыску памёр дэпутат Мікалай Аксаміт, які ў 1991 галасаваў за незалежнасць Беларусі і трымаў галадоўку. Палітзняволеная выйшла на волю і дала інтэрв'ю «экстрэмісцкаму фармаванню» — яе хочуць узяць пад варту. Вядома пра не менш за шэсць затрыманых у Гродне на канец дня 23 студзеня. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці c 22 па 29 студзеня.

Суды за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў

Аб каля 20 судовых рашэннях за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў стала вядома на мінулым тыдні. Суды прайшлі ў Гродне, Лідзе, Воранаве, Карэлічах, Навагрудку, Смаргоні, Шчучыне, Зэльве. Судзілі беспрацоўных, рабочых, дырэктара, выкладчыка і іншых.

Вядома пра справу, калі мужчына пры аглядзе кватэры зблізіўся з міліцыянтамі — акрамя арт.19.11 КаАП, яго судзілі і па арт. 23.4 КаАП «Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню або патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў». Адзін беспрацоўны справіў парэбу каля будынка АУС адміністрацыі Ленінскага раёна Гродна — акрамя 19.11 КаАП, яго аштрафавалі за хуліганства.

Новыя «тэрарысты»

Баравік Аляксандр Фёдаравіч з Гродзенскай вобласці папоўніў «спіс тэрарыстаў». Яго абвінавачваюць паводле арт. 130 КК.

Палітзняволеная выйшла на волю і дала інтэрв'ю «экстрэмісцкаму фармаванню». Яе хочуць узяць пад варту

31-гадовую ўраджэнку асудзілі ў Мінску паводле ч.1 і ч. 2 арт. 342 КК на 2,5 гады калоніі за арганізацыю ў жніўні 2020 года групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Дзяўчына выйшла на волю, з’ехала з Беларусі і ў студзені 2023 года дала інтэрв'ю «экстрэмісцкаму фармаванню» аб затрыманні, асуджэнні і ўмовах у калоніі.

Распачалі справу паводле ч. 1 арт. 361−4 КК за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці. Дзяўчыну шукаюць і хочуць узяць пад варту.

Святар, які эміграваў, пачаў служыць у Польшчы

Андрэй Ноздрын пачаў служыць у Польшчы з 28 студзеня. Ён будзе служыць у храмах напераменна па нядзелях і на святы. «Магу ўжо паведаміць сваё новае месца служэння — гэта вёска Малешэ і гарадок Браньск (каля 50 км ад Беластока і 150 км ад Варшавы).

Буду як і раней служыць Богу і людзям. Мару, каб гэтыя храмы сталі месцам радасных сустрэч для малітвы і зносін як жыхароў гэтых месцаў, так і ўсіх тых, якія былі вымушаныя апынуцца ў сілу розных прычын на чужыне. З Богам! Прашу вашых малітваў!", — напісаў ён у Instagram.

Андрэй Наздрын
Андрэй Наздрын. Фота: Instagram героя

У Карэліцкім раёне ў 2023 годзе ўзбуджана шэсць крымінальных спраў за абразу супрацоўнікаў міліцыі ў інтэрнэце

Пра гэта паведаміў оперупаўнаважаны Карэліцкага РАУС Дзмітрый Шчара, паведамляе Telegram-канал «Право имеют».

У 2023 годзе 26 чалавек у раёне прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці паводле арт.19.11 КаАП «Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць». У 2022 годзе такіх чалавек было пяць.

Рыгора Кастусёва перавялі ў турму № 1 Гродна

Пра гэта ў Facebook паведамілі яго блізкія. Пра гэта стала вядома з ліста, які вярнуўся з калоніі ў Івацэвічах. На ім ручкай напісалі пра прычыны вяртання.

Рыгор Кастусёў — старшыня Партыі БНФ. Паводле арт.357 КК «Змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам» яго асудзілі да 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у судзе Івацэвіцкага раёна 15 студзеня 2024 года адбыўся суд па замене палітвязню рэжыму ўтрымання. Па рашэнні Сяргея Кухоцковольца, Рыгора Кастусёва перавялі на турэмны рэжым.

У Кастусёва — анкалогія, але пра вынікі абследавання ў калоніі яму не паведамілі. Таксама яго турбуе варыкоз.

Рыгор Кастусёў.
Рыгор Кастусёў. Фота: «Еўрарадыё»

У судзе Ваўкавыскага раёна судзяць палітвязня Вадзіма Гусева

Пасяджэнне па арт. 411 ч.1 КК «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі» пачалося 22 студзеня ў судзе Ваўкавыскага раёна. Суддзя — Мікалай Сяргейка.

Вадзім Валер’евіч Гусеў са Шчучына адбываў пакаранне на «хіміі» паводле арт. 328 КК, дзе яму замянілі пакаранне з абмежавання волі на пазбаўленне волі (10 месяцаў і 7 дзён).

Будучы ў ПУАТ, напісаў «абразлівыя» каментары пра прадстаўнікоў улады, за што яго асудзілі паводле арт.369 КК на 1 год і 3 месяцы пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму. Адбывае пакаранне ў ПК № 11 Ваўкавыска, паведамляе «Вясна».

«КОТАС» прызналі экстрэмісцкім фарміраваннем

Адзін з нібыта стваральнікаў фарміравання — 44-гадовы ўраджэнец Мастоў Гродзенскай вобласці Кухлей Дзмітрый Аляксандравіч. Такое рашэнне прыняло КДБ 16 студзеня 2024 года, паведамляе Telegram-канал «Право имеют».

Таксама 23 студзеня спіс экстрэмісцкіх фармаванняў папоўнілі «Беларускае Радыё Рацыя», «INeedHelpBY», «Триэлит/БЧБ-Триэлит».

Новая экстрэмісцкая інфармацыя

  • Акаўнт у Instagram «stachkomgrodnopromstroj.l»,
  • Старонка «ВКонтакте» «Андрэй Гарадзенскі».

Так вырашыў суд Ленінскага раёна Гродна 22 студзеня 2024 года.

У Ваўкавыску памёр дэпутат Незалежнасці Мікалай Аксаміт

Пасля запланаванай аперацыі ў Ваўкавыску памёр Мікалай Аксаміт — былы дэпутат БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га склікання. Ён галасаваў за незалежнасць Беларусі ў 1991 і пратэставаў супраць лукашэнкаўскага рэферэндуму ў 1995. Яму было 69 гадоў.

дэпутат БНФ Мікалай Аксаміт з Ваўкавыска
Мікалай Аксаміт у 2016 годзе. Фота: svaboda.org

Навіны палітвязняў: у Вольгі Маёравай — праблемы з горлам, Марыя Калеснікава — схуднела і з карэ

У асуджанай па справе Аўтуховіча Вольгі Маёравай ёсць праблемы з горлам, але яе не абследуюць. Таксама ёй не даходзяць пераводы і лісты ад сына. Пра гэта паведаміла крыніца Hrodna.life. Крыніца сцвярджае, што бухгалтэрыя не дае грошы, якія паступілі на рахунак Маёравай. Вядома, што Вольга трапіла ў спіс «тэрарыстаў» — грашовыя пераводы ёй забароненыя.

Нампракурора Гродзенскай вобласці патлумачыў, чаму акаўнт Руслана Кулевіча прызналі экстрэмісцкім

У 2023 годзе пракуратура выявіла, што пад нікнэймам журналіста Руслана Кулевіча ў сацсетках быў размешчаны матэрыял, «які заклікае да аднаўлення пратэстнай дзейнасці» ў Гродзенскай вобласці. Таксама былі элементы, якія «дыскрэдытавалі сілавыя структуры».

Руслан Кулевіч
Руслан Кулевіч. Фота: Instagram героя

Крымінальную справу супраць супрацоўнікаў «Маёнтак Падароск» спынілі. Але маёмасць забралі

Крымінальная справа супраць супрацаўнікоў ПТУП «Маёнтак Падароск» спыненая за адсутнасцю складу злачынства. Пра гэта расказаў ужо былы ўладальнік маёнтка Павел Падкарытаў. Але 23 студзеня аддзел культуры забраў будынкі былой сядзібы Бохвіцаў.

Падароск у Гродзенскай вобласці. Фота: Hrodna.life
Падароск у Гродзенскай вобласці. Фота: Hrodna.life

Масавыя затрыманні па ўсёй Беларусі: што вядома пра затрыманых у Гродне?

Вядома пра не менш за шэсць затрыманых у Гродне на канец дня 23 студзеня. У гэты дзень прайшлі затрыманні па ўсёй Беларусі - прыходзілі да сваякоў палітзняволеных і былых палітзняволеных.

Ваўкавычанін, які атрымаў крымінальную справу, але вярнуўся ў Беларусь праз «камісію Шведа», зноў паехаў у Польшчу

Сяргей Пятрулевіч, які ў жніўні 2023 года вярнуўся ў Беларусь праз камісію па вяртанні, зноў прыехаў у Польшчу. Яго заўважылі ў Беластоку. Некалькі крыніц выдання паведамілі, што мужчына прыехаў пабачыцца са сваякамі і «да жанчыны», але рашэнне на будучыню (ці вяртацца ў Беларусь) яшчэ не прыняў. У гутарцы з імі Пятрулевіч запэўніваў, што не працуе на беларускія спецслужбы, і засмяяўся на здагадку, што ён з’яўляецца агентам.

Сяргей Пятрулевіч звярнуўся ў камісію па вяртанні і вярнуўся ў Беларусь
Сяргей Пятрулевіч пасля вяртання ў Беларусь. Скрыншот Hrodna.life з відэа тэлеканала АНТ

СК завёў справу на «аналітыкаў Ціханоўскай». Сярод абвінавачаных — гродзенка, якую прызналі «Еўрапейкай года»

Следчы камітэт Беларусі распачаў спецвытворчасць у дачыненні да 20 аналітыкаў і даследчыкаў. Сярод іх гродзенка Алеся Руднік. Паводле СК, аналітыкі нібыта прымалі актыўны ўдзел у выпрацоўцы і рэалізацыі канцэпцыі дэструктыўнай дзейнасці, накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі, а таксама садзейнічалі ўзбуджэнню сацыяльнай варожасці і варажнечы ў грамадстве.

Алеся Руднік
Алеся Руднік. Фота: svenskaeuroparorelsen.se

Стала вядома, колькі чалавек у Гродзенскай вобласці паведамілі сілавікам аб замежным грамадзянстве, ВНЖ або карце паляка

У Гродзенскай вобласці больш за 12 тыс. чалавек паведамілі аб наяўнасці ў іх замежнага грамадзянства, віда на жыхарства ў іншай краіне альбо карце паляка. Пра гэта паведаміў тэлеканал «Беларусь 4. Гродна» са спасылкай на кіраўніка ўпраўлення па грамадзянстве і міграцыі УУС Гродзенскага аблвыканкама Аляксандра Вулькевіча

У Смаргоні за падпіску на Tribuna арыштавалі дырэктара спартыўнай школы

Дырэктара дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы па футболе «ФК «Смаргонь» Дзяніса Лобана арыштавалі на сем сутак за падпіску на Tribuna.com у Instagram. Мужчына быў падпісчыкам інтэрнэт-супольнасці Tribuna ў Instagram. Старонка ў яго была адкрытай. На тэлефоне ў яго знайшлі прадукцыю суполкі і лагатып.

Дзяніс Лобан. Фота: shliah.by
Дзяніс Лобан. Фота: shliah.by