У вёсцы Лойкі, што ў 12 км ад Гродна, прадаецца амаль стогадовы будынак у стылі неабарока. Гэта міжваенная сядзіба гміны — польскага аналага сельсавета. Дзяржава прадала яго яшчэ ў 2016-м, але новыя гаспадары не далі рады аднавіць будынак. Зараз ён выстаўлены на «Куфар».

«Панский дом 1927 г постройки, настоящий царский керпич. Бывшее здание амбулатории. 12 км от города, сразу за Заречанкой.Все вопросы по телефону.Ограничений нет. Хорошо подойдёт под частный дом пристарелых», — піша прадавец (арфаграфія аўтара захаваная).

За двухпавярховы будынак плошчай 700 кв.м. ён хоча $ 68 500.

10 гадоў таму каштаваў у два разы танней

Будынак, паводле даследчыка Анатоля Федарука, быў пабудаваны ў 1920-я гады. Прадавец удакладняе ў аб’яве, што год пабудовы — 1927. Аднак па версіі канала «Спадчына», ён быў узведзены ў 1932 годзе.

Спачатку гэта была сядзіба гміны, у часы Другой сусветнай — нямецкая камендатура. У пасляваенны час у будынку працавала школа, амбулаторыя і аптэка.

Будынак прадаваў Сапоцкінскі сельсавет у 2015 годзе за $ 25 000 па тагачасным курсе. У 2016-м яго набыў прыватны ўласнік, але ўжо ў 2018 адмовіўся ад ідэі і выставіў яго на продаж на «Барахолцы» Onliner.by. Іван (такое імя было ў аб’яве) тлумачыў, што спачатку хацеў адкрыць аграсядзібу, але потым яго жыццёвыя планы быццам бы змяніліся і ён з’язджае жыць за мяжу — таму і прадае будынак. За яго ён хацеў $ 70 000, бо правёў некаторыя работы: заліў сцяжку на падлозе, правёў электрычнасць, ваду і каналізацыю. На той момант прадавец ацэньваў, што ўкласці ў будынак трэба было мінімум яшчэ $ 70 000.

Сёння стан будынка пакідае жадаць лепшага: на даху растуць бярозы, патрэбная рэстаўрацыя вокнаў, дзвярэй, рамонт даху і цалкам унутраны рамонт.

Пры гэтым пакупнік можа зрабіць з домам што заўгодна. Будынак не мае ніякага ахоўнага статусу. Але ёсць важная абставіна — увесь час у левай частцы будынка жыве сталая жанчына.

Чым адметны стыль будынка

Стыль неабарока, які таксама называюць дварковым або польскім нацыянальным, — гэта від польскага мадэрну. Ён быў папулярны ў 1920-я гады. У такім стылі будавалі чыгуначныя вакзалы, адміністрацыйныя будынкі, жыллё для чыноўнікаў (так званыя «чыноўніцкія калоніі»). Галоўная асаблівасць — будынкі ў такім стылі нагадваюць шляхецкія сядзібы. Цікавыя прыклады будынкаў у гэтым стылі можна пабачыць на вуліцы Свярдлова і на Горкага ў Гродне.