У лютым 1932 у доме № 4 па вуліцы Панятоўскага ў Гродне пасяліўся прывід. Пра гэта пісала «Гродзенская Газета». Праз пару нумароў газета напісала, што прывід жыў у іншым доме і наогул невядома ці ён існуе. Але дом і яго жыхары засталіся ў гісторыі горада назаўжды.

Той прывід, як пісалі, перасоўваў рэчы, абліваўся гарачай вадой з чайніка і выдаваў нейкія гукі. Найбольш ён любіў маладога сына гаспадароў па прозвішчы Герута. Той яшчэ навучаўся ў гімназіі і амаль што пасябраваў з прывідам. Прынамсі калі Вітэка Геруты ў кватэры не было, то прывід не паказваўся. Пра прывіда неўзабаве забылі, а Герута стаў спартсменам сусветнага маштабу.

Але што ж гэта за дом, які абраў сабе палтэргейст?

Кааператыў, якому не пашанцавала

У 1923 годзе афіцэры гродзенскага гарнізона стварылі прыватны будаўнічы кааператыў, які выкупіў кавалак зямлі ў трохкутніку сучасных вуліц Горкага, Славацкага і Астроўскага (тады Панятоўскага). Вайскоўцы імпэтна ўзяліся за будову, аднак кааператыў хутка збанкрутаваў, а пабудаваць паспелі толькі тры дамы, адзін з якіх выходзіў на вуліцу Горкага (Грандзіцкую), другі на Астоўскага, а трэці стаяў у глыбіні. На рэшце ўчасткаў засталіся толькі падмуркі, якія забудоўваліся гродзенцамі ўжо пасля Другой Сусветнай вайны.

Будаўніцтва дома па вул. Астроўскага 4. Фота 1924 г. На другім плане сучасная вуліца Дзяржынскага з вайсковым шпіталем.
Будаўніцтва дома па вул. Астроўскага 4. Фота 1924 г. На другім плане сучасная вуліца Дзяржынскага з вайсковым шпіталем.

Гродзенскі чэмпіён з Манчжурыі

У некалькікватэрным доме па Панятоўскага № 4 (цяпер дом мае № 4-а, бо нумар 4 аддалі збудаванаму пазней на пустым месцы дзіцячаму садку) і пасялілася сям’я паштовага служачага Геруты, які хаця і быў гродзенцам, але яшчэ перад Першай Сусветнай вайной паехаў працаваць у Манчжурыю. Яшчэ ў 1912 г. у яго ў Харбіне нарадзіўся сын Вітальд, разам з якім сям’я пераехала ў Гродна.

Вітальд вырас магуным хлопцам. Ужо заканчваючы гімназію (у час сваіх сустрэч з прывідам) Вітальд меў рост каля 195 сантыметраў і паказваў выдатныя поспехі ў спорце. Быў ён і баскетбалістам, і валейбалістам, і бегуном, і дзесяціборцам. Трэніроўкі малады Герута праводзіў на пустой тады вуліцы Астроўскага. Тут ён кідаў дыск і кап’ё, якое мясцовыя хлопчыкі прыносілі яму назад.

Былая афіцэрская калонія ў 1944 г. Абведзены дом па вул. Астроўскага 4
Былая афіцэрская калонія ў 1944 г. Абведзены дом па вул. Астроўскага 4
У 1938 годзе Герута стаў лепшым лёгкаатлетам Польшчы, заваяваўшы срэбра ў дзесяцібор'і на чэмпіянаце па лёгкай атлетыцы ў Францыі. Яму абяцалі слаўную спартыўную кар’еру, але пачалася Другая Сусветная вайна і Еўропе надоўга стала не да спорту. Вітальд Герута пасля вайны яшчэ паспеў прыняць удзел у алімпіядзе ў Парыжы ў 1948 г., але ўзрост у спартсмена быў ужо не той. Праўда, у пасляваеннай Польшчы Герута прыняў вельмі актыўны ўдзел у спартыўным будаўніцтве краіны.
Цяпер былая вайсковая калонія шчыльна забудавана, але дом па Астроўскага №4 захаваўся
Цяпер былая вайсковая калонія шчыльна забудавана, але дом па Астроўскага № 4 захаваўся
Былую афіцэрскую калонію забудавалі ў канцы 1950-х гг., а ўскраек яе затыркнулі кінатэатрам «Космас». Таму цяпер тут, у пачатку вуліцы Астроўскага, досць блытана размешчаны даваенныя афіцэрскія камяніцы, дзіцячы садок, некалькі хрушчовак. Аднак мемарыяльны знак або нават помнік Вітальду Геруце, які кідае сваё кап’ё, тут бы не перашкодзіў. Ды і пра прывіда забываць не варта.
Другі ацалелы дом вайсковай калоніі цяпер мае адрас Горкага 47а
Другі ацалелы дом вайсковай калоніі цяпер мае адрас Горкага 47а

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]