За студзень 2024 года ў Гродзенскай вобласці парушэнні ў добраўпарадкаванні і санітарным утрыманні тэрыторый выявілі амаль у 26% аб’ектаў. Большасць з іх — землі агульнага карыстання, паведаміў Гродзенскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

Чвэрць аб’ектаў Гродзенскай вобласці парушае правілы добраўпарадкавання: не вывозяць смецце і не прыбіраюць снег
Смеццевыя кантэйнеры ў Гродне. Ілюстрацыйнае фота: Hrodna.life

Агулам за першы месяц 2024 года спецыялісты санітарна-эпідэміялагічнай службы праверылі 1842 тэрыторыі населеных пунктаў і арганізацый. Асноўныя парушэнні - незадавальняючае ўтрыманне кантэйнерных пляцовак і прылягаючых да іх тэрыторый, несвоечасовы вываз камунальных адкідаў, а таксама неправедзеныя супрацьгалалёдныя мерапрыемствы і ачыстка тэрыторыі ад снега.

Дзе часцей за ўсё парушалі

  • 45,6% - землі агульнага карыстання вуліц сядзібнай жылой забудовы ў гарадах і гарадскіх пасёлках;
  • 42,9% - будаўнічыя пляцоўкі;
  • 36,8% - сельскагаспадарчыя аб’екты;
  • 33,8% - прыдамавыя тэрыторыі шматкватэрных дамоў;
  • 33,3% - могілкі;
  • 28% - землі агульнага карыстання сельскіх населеных пунктаў (аграгарадкі, пасёлкі, вёскі);
  • 24,4% - прамысловыя аб’екты.

Накіравалі рэкамендацыі і прыцягнулі да адказнасці

За падобныя парушэнні Цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя накіраваў 56 рэкамендацый — прадпісанняў аб ліквідаванні парушэнняў. Адну вінаватую асобу прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці.

Чытайце таксама: Эколагі пачыталі справаздачу «Гродна Азот» — аб будаўніцтве — і здзівіліся