Памятны знак паўстанцам 1863 года, які знаходзіўся на гродзенскім чыгуначным вакзале, дэмантавалі супрацоўнікі Гродзенскай гарадской жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Пра гэта паведаміў Telegram-канал «Спадчына» са спасылкай на Баранавіцкае аддзяленне Беларускай чыгункі. Гродзенскія чыноўнікі дасюль сцвярджаюць, што нічога пра гэта не ведаюць.
![памятны знак паўстанцам Каліноўскага на вакзале](https://dzh7f5h27xx9q.cloudfront.net/wp-content/uploads/2017/12/4-1-e1658757631310.jpg)
Каб выкрыць хлусню чыноўнікаў, якія казалі, што «нічога не ведаюць» пра знікненне памятнага знака, Telegram-канал «Спадчына» звярнуўся ў Баранавіцкае аддзяленне БЧ. Менавіта да гэтага аддзялення адносіцца гродзенская станцыя.
![Стала дакладна вядома, хто і калі дэмантаваў помнік паўстанцам 1863 года на чыгуначным вакзале ў Гродне](https://dzh7f5h27xx9q.cloudfront.net/wp-content/uploads/2023/11/Adkaz-Baranvickaga-addzjalenja-BCh-566x800.jpg)
У Баранавічах паведамілі, што памятны знак дэмантавалі 11 ліпеня 2023 года супрацоўнікі Гродзенскай гарадской жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Пасля гэтага актывісты звярнуліся ў ЖКГ, але там адказалі, што інфармацыя аб аб’екце адсутнічае.
![Стала дакладна вядома, хто і калі дэмантаваў помнік паўстанцам 1863 года на чыгуначным вакзале ў Гродне](https://dzh7f5h27xx9q.cloudfront.net/wp-content/uploads/2023/11/Adkaz-Grodzenskaj-ZhKG-566x800.jpg)
Калі заўважылі, што помніка няма
20 ліпеня стала вядома, што з будынка чыгуначнага вакзала ў Гродне знік памятны знак паўстанцам 1863 года. Замест яго з’явілася шыльда, прысвечаная cавецкім падпольшчыкам часоў Другой сусветнай вайны. Знак правісеў на сцяне вакзала каля 30 гадоў, яго аўтар — гродзенскі скульптар Уладзімір Панцялееў.
Чыноўнікі рабілі выгляд, што не ведаюць
Пасля знікнення помніка, гродзенцы стварылі петыцыю, каб дамагчыся тлумачэнняў ад чыноўнікаў Гродзенскага гарвыканкама: куды і чаму знік знак паўстанцам 1863 года на чыгуначным вакзале. Праз месяц, у жніўні 2023 года, чыноўнікі адказалі, што не маюць пра яго звестак.
На знікненне помніка магла паўплываць Вольга Бондарава
Паводле Telegram-канала Hrodna 11:27, да знікнення помніка магла быць датычная праўладная актывістка Вольга Бондарава. Яна вельмі крытычна ставіцца да антырасійскіх паўстанняў XVIII−XIX стагоддзяў.