Connection Information

To perform the requested action, WordPress needs to access your web server. Please enter your FTP credentials to proceed. If you do not remember your credentials, you should contact your web host.

Connection Type

Святары Гродзенскай вобласці агітуюць ісці на выбары

Святары актыўна ўдзельнічаюць у прапагандысцкай агітацыйнай кампаніі за ўдзел у выбарах у адзіны дзень галасавання. Пераважна гэта праваслаўныя святары, але ёсць і каталіцкі. Пакуль гэта адбываецца толькі ў Гродзенскай вобласці.

Святары выступаюць як аўтарытэты ў рэгіянальных праўладных выданнях, заўважыла «Хрысціянская візія». Яны заклікаюць вернікаў ісці галасаваць — каб на безальтэрнатыўных выбарах была высокая яўка.

Так, у газеце Астравецкага райвыканкама «Астравецкая праўда» на выбары кліча протаіерэй Георгій Савіцкі, настаяцель храма Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Астраўцы. «У кожнай суверэннай і незалежнай дзяржаве павінна быць моцная і дзейсная ўлада, якая можа і павінна паклапаціцца аб сваіх грамадзянах і абараніць іх у выпадку неабходнасці. А задача грамадзян — абраць такую ​​ўладу», — кажа ён у публікацыі пад загалоўкам «Айцец Георгій ідзе на выбары і заклікае да гэтага сваіх прыхаджан».

«На кожнай літургіі мы молімся аб уладзе і ваярстве нашай краіны», — дадае святар.

Мікалай Уцякалка, пробашч парафіі Святога прарока Іллі ў вёсцы Альхоўцы і храма свяціцеля Іаана Шанхайскага і Сан-Францыскага ў аграгарадку Варняны заявіў, што «ўдзел у выбарах — гэта не толькі права, але і абавязак кожнага грамадзяніна краіны». «Да гэтага я заклікаю і сваю паству. Бо нездарма кажуць: у кожнага народа тая ўлада, якую ён выбірае», — цытуе яго тое ж выданне.

Чытайце таксама: «Быў бы ў Беларусі - мусіў бы маўчаць». Гродзенскі святар — пра сыход з Маскоўскага патрыярхату, пакліканне і крызіс царквы

Анатоль Разановіч, настаяцель храма Праабражэння Гасподняга ў Смаргоні, выказаўся за галасаванне ў публікацыі «Паслушэнства перад народам і дзяржавай» смаргоньскай газеты «Светлы шлях». Падтрымаў прынцыпы дзейснай улады і настаяцель храма новапакутнікаў і вызнаўцаў зямлі Беларускай у Скідзелі протаіерэй Кірыл Блізнюк у публікацыі «Перспектывы».

З каталіцкіх святароў для «Лідскай газеты» выказаўся пробашч касцёла Наведвання Маці Божай Тракельскай Юрый Бяганскі. Ён таксама паклікаў ісці на выбары.

У газеце «Iўеўскі край» распавялі, што старшыня райвыканкама правёў сустрэчу са святарамі. Там ён сказаў, што ўсе павінны выканаць свой грамадзянскі абавязак — прыйсці на выбарчыя ўчасткі ў дзень выбараў або ў дні датэрміновага галасавання.

25 лютага пройдзе адзіны дзень галасавання для выбараў у мясцовыя саветы дэпутатаў і Палату прадстаўнікоў. Многія кандыдаты нават не публікуюць свае праграмы: падобна, па кожнай акрузе ўжо ёсць вызначаны загадзя пераможца. З 1996 года ніводныя выбары ў Беларусі не былі прызнаныя АБСЕ, ЕС і ЗША дэмакратычнымі.

Чытайце таксама: Гродзенка, якую судзілі за БЧБ-штаны, паклікала на выбары і сфатаграфавалася з Дудко