Польскі ксёндз Януш Пуліт, які 32 гады служыў у Беларусі, не атрымаў ад уладаў дазволу на працяг душпастырскай дзейнасці. Апошнюю службу ў Ружанах ён павінен правесці 30 жніўня. Гэта ўжо не першы такі выпадак у 2026 годзе. Напрыклад, у Гродзенскай дыяцэзіі чатыром святарам не ўзгаднілі далейшае служэнне.
Пра тое, што Януш Пуліт павінен пакінуць парафіі ў Ружанах і Лыскаве, паведаміў біскуп Пінскі Антоній Дзям’янка. Пуліт служыў у гэтых парафіях на працягу 32 гадоў.
«Шматгадовы пробашч ад’язджае з вашых парафій не па сваёй волі. Гэта боль для ўсіх нас», — гаворыцца у звароце біскупа.
Дзям’янка таксама заявіў, што ў Пінскай дыяцэзіі не хапае святароў. Паводле яго слоў, праз невялікую колькасць мясцовых ксяндзоў і скарачэнне колькасці замежных святароў становіцца складана забяспечваць рэгулярную душпастырскую апеку ва ўсіх парафіях — ад Брэста да Гомеля.
Апошняя служба Януша Пуліта ў Ружанах запланаваная на 30 жніўня.
Пры гэтым, паводле звестак «Хрысціянскай візіі», яшчэ двое польскіх святароў Пінскай дыяцэзіі, у якіх таксама заканчваўся тэрмін дазволаў, атрымалі новыя яшчэ на паўгода.
На Гродзеншчыне дазволу не атрымалі як мінімум чатыры святары
У 2026 годзе падобныя праблемы ўзніклі і ў польскіх святароў Гродзенскай дыяцэзіі. «Хрысціянская візія» паведамляла як мінімум пра чатыры выпадкі.
Адзін з іх — ксёндз Збігнеў Драгула з ордэна міхалітаў. Апошнім часам ён служыў у Старых Васілішках Шчучынскага раёна. Усяго ў Беларусі Драгула праслужыў каля 27 гадоў.
Не атрымаў узгаднення і айцец Анджэй Шчупал — дырэктар аддзела каталіцкай адукацыі і выхавання Гродзенскай курыі, выкладчык вышэйшай духоўнай семінарыі і пробашч парафіі ў Новай Рудзе.
Цікава, што яшчэ ў лютым 2026 года Шчупала афіцыйна віншавалі з 70-годдзем мясцовыя ўлады. Раённая газета «Перспектива» тады пісала, што польскі святар «больш за палову свайго жыцця аддаў служэнню ў храмах Парэцкага сельсавета». Яму ўручылі Ганаровую грамату, падзячны ліст, падарункі і кветкі.
Яшчэ два святары — ксёндз Цэзарый Міх, пробашч парафіі ў Скідзелі, і ксёндз Казімір Мурава SDB, былы дырэктар салезіянскай супольнасці ў Смаргоні.
Пакінуць святароў у Гродзенскай вобласці, а таксама ў іншых рэгіёнах Беларусі прасілі Аляксандра Лукашэнку. Духавенства накіравала зварот з просьбай перагледзець рашэнне аб адмове ва ўзгадненні іх далейшага служэння.
Вядома, што некаторыя польскія ксяндзы ўжо выехалі з Беларусі, іншыя працягваюць чакаць магчымага перагляду рашэнняў.
Хто яшчэ не атрымаў дазволу ў 2026 годзе
«Хрысціянская візія» сабрала звесткі пра польскіх каталіцкіх святароў, якім з пачатку года адмаўлялі ў працягу рэлігійнай дзейнасці ў Беларусі. Спіс можа быць няпоўным, а сітуацыя ў некаторых святароў пазней магла змяніцца.
Пінская дыяцэзія:
- Адам Страчынскі — 11 гадоў служыў у Івацэвічах, Косаве і Вольцы;
- Павел Кручэк — 13 гадоў служыў у Іванаве, Драгічыне і Бездзежы;
- Януш Пуліт — 32 гады служыў у Ружанах і Лыскаве.
Віцебская дыяцэзія:
- Станіслаў Мжыглуд — пробашч парафіі ў Браславе;
- Зянон Шчанхор — вікарый парафіі ў Відзах Браслаўскага раёна;
- Вальдэмар Куява — вікарый парафіі ва Удзела Глыбоцкага раёна.
Мінска-Магілёўская архідыяцэзія:
- Сабеслаў Тамала — больш за 25 гадоў служыў у Салігорску;
- Лех Баханэк — шматгадовы пробашч парафіі святога Аляксея ў Івянцы;
- Мар’ян Шэршань — былы дэкан Стаўбцоўскага дэканату і пробашч парафіі ў Налібаках;
- Багуслаў Маджэеўскі — дэкан Мядзельскага дэканату, пробашч парафіі ў Свіры;
- Павел Ляліта — пробашч парафіі ў Нарачы;
- Войцех Урублеўскі — манах-капуцын, які служыў у Докшыцах, а пазней у Маладзечне;
- Раман Шульц — з 2012 года служыў адміністратарам парафіі святога Казіміра і святой Ядвігі ў Магілёве.
Пры гэтым частка святароў пазней магла атрымаць новы дазвол. Некаторыя таксама падавалі дакументы на беларускае грамадзянства: у такім выпадку ім не трэба было б рэгулярна атрымліваць ва Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў узгадненне на рэлігійную дзейнасць як замежнікам.



