У дзяржаўным гісторыка-мастацкім музеі ў Лідскім замку адкрылі інтэрактыўную залу «Цікавыя рэчы Сярэднявечча». Там усё ці амаль усё можна памацаць рукамі, распавялі ў музеі.

«Ідэя такой залы ляжала, што называецца, на паверхні, — расказалі ў музеі для БелТА. — Рэдкі наведвальнік не адчувае жадання дакрануцца да гістарычных артэфактаў. Але калі кожны пачне гэта рабіць, экспанаты доўга не пражывуць. Таму і выстаўляюцца ў музеях усім вядомыя шыльдачкі. Мы ж вырашылі пайсці ад зваротнага і даць гасцям магчымасць памацаць у зале ўсё, што прыцягвае погляд».

Зала падзелена на дзве паловы, «мужчынскую» і «жаночую». У «жаночай» частцы экспазіцыі паказаны рамёствы і заняткі гаспадыні дома: гатаванне, ткацтва, пляценне, шыццё. На «мужчынскай» палове — экспанаты, звязаныя з кавальскай і зброевай справай, дрэваапрацоўкай.

Да 8 сакавіка ў зале падрыхтуюць праект «Інтэрактыўная гардэробная Сярэднявечча».
Наведвальнікі змогуць прымераць старажытныя ўборы, упрыгожванні і даспехі ад мясцовага каваля.

У новай зале плануюць праводзіць экскурсіі, заняткі і майстар-класы для дзяцей і дарослых. Дадатковыя білеты не патрэбны, наведванне залы ўваходзіць у асноўны білет.

Чытайце таксама: «Каб музей працаваў, трэба парушаць закон». Чаму крызіс у беларускай музейнай справе не праходзіць