У Гродне судзілі выхавацеля і маці непаўналетняга дзіцяці, а таксама самазанятага. Гродзенцаў аштрафавалі і спагналі сумы, якія яны атрымалі прадуктамі ад INeedHelpBY, прызнанай экстрэмісцкім фарміраваннем.

Суды прайшлі ў судзе Кастрычніцкага раёна. Гродзенцаў абвінавацілі ў парушэнні 1 пункта 2 дэкрэта ад 25.05.2020 № 3 «Аб замежнай бязвыплатнай дапамозе». Яны нібыта атрымалі замежную бязвыплатную дапамогу ў выглядзе таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў. Пры гэтым яны нібыта садзейнічалі экстрэмісцкай дзейнасці і «неправамерна легітымізавалі злачынцаў», у тым ліку надаючы ім «псеўда-статус палітвязняў».

Выхавальніца атрымала прадукты на 1651,90 рубля, самазаняты — на 6540,35 рублёў. Яны аддадуць гэтыя грошы дзяржаве, а яшчэ заплацяць штраф у 30 базавых велічынь (1200 рублёў).

Вядома ўжо пра шэсць падобных судах у Гродне — менавіта такую колькасць затрыманых у горадзе называлі падчас масавага рэйду сілавікоў на сваякоў палітвязняў у канцы студзеня. Усяго ў Беларусі вядома пра 127 судоў па справах звязаных з INeedHelpBY.

Чытайце таксама: Палітвязняў з Гродна і іх блізкіх судзяць за атрыманне замежнай дапамогі