Бярозавы сок у Беларусі можна нарыхтоўваць бясплатна — але толькі на асобных участках лясоў і ў дазволены перыяд. Месцы для нарыхтоўкі падкажуць у лясніцтвах па месцы жыхарства. Але проста знайсці месца мала — трэба ведаць правілы збору.

Гродзенскае лясніцтва апублікавала канкрэтныя правілы для тэхналогіі зборкі соку, каб не нашкодзіць дрэвам:

  • нарыхтоўваць драўняны сок можна пасля пачатку яго руху па ствале. Каб праверыць, ці пайшоў сок, можна ўкалоць шылам у ствол дрэва без пашкоджанняў, дыяметрам 20 см і больш на вышыні 1,3 м ад зямлі;
  • адтуліны для нарыхтоўкі драўняных сокаў (падсочныя адтуліны) свідруюць свердзелам;
  • іх максімальную колькасць вызначаюць у залежнасці ад дыяметра ствала на вышыні 35−50 см ад зямлі: 20−26 см — адна адтуліна, 27−34 см — дзве адтуліны, 35−40 см — тры адтуліны, больш за 40 см — чатыры адтуліны;
  • дыяметр падсочнай адтуліны павінен быць не больш за 1 см і глыбінёй не больш за 3 см без уліку таўшчыні кары;
  • жолаб, які ўстаўляецца ў адтуліну, павінен быць з металу, які не будзе ржавець;
  • пасля завяршэння нарыхтоўкі соку жалабы здымаюць, а падсочныя адтуліны закрываюць драўляным коркам і замазваюць садовым варам, садовай замазкай, сумессю гліны з вапнай або жывіцай з 10−15% драўнянага вугалю. Гэта павінна абараніць дрэва ад захворванняў;
  • у наступны сезон нарыхтоўкі соку новыя адтуліны размяшчаюць на адлегласці не меней 20 см ад старых.

А што, калі парушыць правілы?

Паводле артыкула 16.19 КаАП Рэспублікі Беларусь парушэнне збору або нарыхтоўка драўнянага соку на тэрыторыі, дзе гэта забаронена, нарыхтоўка або збор без дазвольнага дакумента, калі яго атрыманне абавязкова, ці не ў адпаведнасці з ім — прыводзяць да папярэджання або штрафу. Штраф складзе да 20 базавых велічыняў (800 руб.), на індывідуальнага прадпрымальніка — да 100 базавых велічынь (40 000 руб.), а на юрыдычную асобу — да 500 базавых велічынь (20 000 руб.).

Таксама незаконны збор або нарыхтоўка дзікарослых раслін, якія маюць лекавае, харчовае, тэхнічнае і іншае значэнне, або іх частак кваліфікуюць як прычыненне шкоды навакольнаму асяроддзю. Акрамя адміністрацыйнай адказнасці яно прыводзіць і да грамадзянска-прававой.

Калі не хочаш свідраваць бярозу сам

Сок можна будзе набыць і ўжо сабраным. У мінулым годзе лясгасы Гродзенскай вобласці пачалі прадаваць бярозавы сок з 27 сакавіка.

На тэрыторыі адміністрацыйнага будынка лясгаса на вуліцы Фестывальная, 16 і ў кропцы лясгаса на рынку «Паўднёвым» бярозавы сок прадавалі па 25 капеек за літр. У вёсцы Багушоўка ў Гродзенскага лясніцтва літр соку каштаваў 23 капейкі.