Навіны

На Шчорса зносяць аўтэнтычную казарму XIX ст. — а абяцалі рэканструяваць

У Гродне зносяць аўтэнтычны будынак казармы XIX ст. па Шчорса, 2. Раней будынкі абяцалі рэканструяваць пад жытло. Былыя казармы на Шчорса да зносу захаваліся ў арыгінальным выглядзе, што вельмі рэдкая ў Беларусі з’ява — і лічыліся адным са старэйшых ваенных гарадкоў на тэрыторыі Беларусі.

«Дзеля капеешнай інвестыцыі горад страціў вельмі цікавы і ўнікальны ў сваім родзе аб’ект, які можна было б пераўтварыць у штосьці вартае» , — адкаментаваў знос гісторык і краязнаўца Мечыслаў Супрон у сваім Facebook.

У сувязі са зносам у Міністэрства культуры Беларусі і пракуратуру горада Гродна даслана патрабаванне спыніць знішчэнне культурных каштоўнасцей і прыцягнуць датычных да крымінальнай адказнасці па артыкуле 344 КК «Наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне гісторыка-культурных каштоўнасцей або культурных каштоўнасцей, якім можа быць нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці», піша канал «Спадчына». Аўтары заклікаюць дасылаць аналагічныя звароты праз платформу обращения.бел.

Што хацелі зрабіць з казармамі

Былыя царскія казармы на Шчора, 2 і 4 прадалі з аўкцыёна 27 траўня 2022 года — з чацвёртай спробы і са зніжкай 80%. Казармы выкупіла брэсцкая будаўнічая кампанія ААТ «Палессежылбуд».

«Мы ўпэўненыя, што ў выніку ў нас атрымаецца стварыць па-сапраўднаму цікавы і запамінальны варыянт рэканструкцыі» — казаў прадстаўнік забудоўшчыка.

Казармы збіраліся перарабіць пад элітнае жытло. Казармы з’яўляюцца шэраговай гістарычнай забудовай і адносяцца да 3 рэжыму ўтрымання зоны рэгулявання забудовы. Там забаронена: будаўніцтва аб’ектаў прамысловасці і складоў, узвядзенне будынкаў і рэканструкцыя забудовы
вышэй за 5 паверхаў (18 м), нагадвае канал Urban Hrodna.

Праект перабудовы абмяркоўвалі ў лістападзе 2022. Паводле яго, аўтэнтычныя вокны збіраліся пашыраць на карысць панарамных вокнаў і насуперак гістарычнай адпаведнасці будынкаў XIX ст. Такія змены мусілі моцна сказіць архітэктурны выгляд будынкаў. Пры тым да рэканструкцыі казармы дайшлі ў сваім арыгінальным выглядзе, што вельмі рэдкая ў Беларусі з’ява. Заўвагі гісторыка Мечыслава Супрона на этапе грамадскіх абмеркаванняў праекта гарадскія ўлады не ўлічылі. Пасля абмеркаванняў, нягледзячы на звароты ў гарвыканкам, праект не надта змяніўся.

Летам 2023 пачалі будаўнічыя працы — будынкі абгарадзілі і сталі чысціць ад будаўнічага смецця. Восенню 2023 справаздачу аб АУНА перабудовы казармаў на Шчорса 2 і 4 выставілі на абмеркаванне паўторна — у новым праекце вырасла колькасць паверхаў і кватэр.

«Зараз бачым, што разам з аўтэнтычнымі вокнамі вырашылі знішчыць і ўвесь аўтэнтычны будынак. Відаць, так прасцей рэканструяваць», — пішуць аўтары канала Urban Hrodna.

Гісторыя казармаў

Казармы на Шчорса таксама называюць яшчэ царскімі, або «аляксандраўскімі» казармамі.

Казармы на Шчорса ўваходзілі ў склад вялізнага ваеннага гарадка № 11. Закладзены будынкі былі ў 1886 годзе і канчаткова пабудаваны праз два гады. Усяго было ўзведзена дзевяць цагляных казармаў і 13 іншых будынкаў, піша «Будзьма».

Комплекс будынкаў быў пабудаваны ў канцы XIX ст. Там размяшчаліся сілы Вяцкага палка. З пачаткам Першай сусветнай вайны 102 полк быў кінуты на лінію фронту. Яго месца ў казармах заняў палявы шпіталь № 321 і некалькі воінскіх падраздзяленняў.

Архіўны здымак казармаў, крыніца: Facebook Miečysłaŭ Jan
Выгляд казармаў да пачатку працаў. Крыніца: Яндекс.Карты

У міжваенны перыяд будынкі былі вядомыя сярод гродзенцаў як «Легіянерскія казармы». Тут размясцілі пяхоту — Лідскі полк імя Нарбута. З 1939 года і да пачатку ваенных дзеянняў на тэрыторыі комплексу знаходзіліся войскі Чырвонай Арміі. У гады Айчыннай вайны акупанты перасялілі ў казармы некалькі тысяч вязняў лагера «Шталаг 324». Пасля там былі інтэрнаты ў асноўным для сем’яў вайскоўцаў.

Да забудоўшчыка і так былі пытанні

Кампанія «Палессежылбуда» будуе і рэканструююе будынкі ў розных гарадах Беларусі. Часам — зусім не згодна з іх пачатковым выглядам, нават калі яны размешчаны ў гістарычным цэнтры горада.

Кампанія таксама будуе ў Гродне квартал «Аўгустоўскі» ў Баранавічах-9 каля вуліцы Ткацкай (траса ў бок Аўгустоўскага канала) і двухсекцыйную высотку на Магістральнай. Таксама кампанія выкупіла Дом афіцэраў, які да таго спрабавалі прадаць больш за 20 разоў.

Чытайце таксама: Чыноўнікі прыслухаліся да гараджан: «Вясенні» зноў выставяць на грамадскія абмеркаванні

Падзяліцца

Апошнія запісы

Сцяг Перамогі над драмтэатрам, каша ў кубачках і сплаў з партрэтамі. Як Гродна адзначыў Дзень Перамогі

Святкаванне Дня Перамогі ў Гродне пачалі з акцыі "Беларусь памятае" - шэсця з партрэтамі ўдзельнікаў…

10 мая 2024

Новы экстрым у Гродне: каля гандлёвага цэнтра катаюць на дрыфт-трайках

Частку ўнутранай паркоўкі гандлёвага цэнтра OldCity аддалі пад арэнду дрыфт-трайкаў. Пакатацца за плату зможа любы ахвочы,…

9 мая 2024

Да двух сутак. Як беларусы стаяць у чэргах на мяжы 9 траўня

У пачатку вялікіх выхадных у Беларусі чэргі на мяжы зноў выраслі - на гэты раз…

9 мая 2024

Нешта пайшло не так: у Гродне закрываюць бар VIP, які толькі адкрыўся

У Гродне закрываецца "VIP bar" на Дзяржынскага, 8А - не прапрацаваўшы і двух месяцаў. Ён…

9 мая 2024

Краму «АвтоЗапчасти» ў Гродне зноў хочуць збанкруціць. Гаспадар скардзіўся на АМАП

Фірму-уладальніка крамы "АвтоЗапчасти" ў Гродне, ТАА "Рукша", зноў хочуць збанкруціць. Банкруцтва хочуць прызнаць праз эканамічны…

8 мая 2024

На літоўска-беларускай мяжы затрымалі два Tesla Cybertruck: падазраюць, што іх везлі ў Расію

Два новенькія электрычныя пікапы Tesla Cybertruck 2023 года выпуску затрымалі літоўскія мытнікі 7 траўня ў…

8 мая 2024