Будынак былога Дома афіцэраў на вуліцы Ажэшкі прадалі з аўкцыёна 28 красавіка. Яго выкупіла будаўнічая кампанія «Палессежылбуд» з Брэста. Яна ўжо працавала ў Гродне раней. Але некаторыя яе праекты супярэчаць заканадаўству, а іншыя — выклікаюць пытанні ў гісторыкаў архітэктуры.

Рэканструяваць Дом афіцэраў у Гродне будзе кампанія з Брэста. Але да яе працы ёсць пытанні
Былы дом афіцэраў у Гродне. Крыніца: planetabelarus.by

Што не так з «Палессежылбуд»

Кампанія «Палессежылбуд» будуе і рэканструююе будынкі ў розных гарадах Беларусі. Часам — зусім не згодна з іх пачатковым выглядам, нават калі яны размешчаны ў гістарычным цэнтры горада.

Зараз фірма ўзялася за рэканструкцыю будынка на вуліцы Будзённага, 33 ў Брэсце. Ён ўваходзіць у межы гісторыка-культурнай каштоўнасці «Гістарычны цэнтр Брэста». Нягледзячы на гэты, кампанія заклала ў праекце змены ў габарытныя памеры будынка і характар фасадаў. Але паводле рэгламента ахоўнай зоны гэта рабіць забаронена.

Падобная гісторыя адбылася з будынкам 1930 года на вуліцы Леніна, 42 у Брэсце. Гэты быў прыклад аднапавярховай шараговай забудовы — яго ў 2018 годзе цалкам знеслі і з нуля пабудавалі офісы.

«Палессежылбуд» перабудуе былыя казармы ў Гродне. Гэты праект таксама спрэчны

Кампанія «Палессежылбуд» у траўні 2022 года выкупіла з аўкцыёна былыя вайсковыя казармы на вуліцы Шчорса 2 і 4. Іх перабудуюць пад шматкватэрныя дамы, істотна змяніўшы аўтэнтычны выгляд.

Зараз па гэтым аб’екце праходзяць грамадскія абмеркаванні. Гісторык Мечыслаў Супрон лічыць праект «Палессежылбуда» шкодным — архітэктурны выгляд аўтэнтычных казармаў сказіцца.

Што яшчэ ў Гродне будуе або будавала «Палессежылбуд»

У мікрараёне «Баранавічы-9» кампанія будуе квартал таўнхаўсаў. У час будаўніцтва элітнага дома на вуліцы Будзёнага, 28 кампанія была падрадчыкам. Таксама яна прымала ўдзел у будаўніцтве гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti.

Чым адметны былы Дом афіцэраў

Dom Strzelca пабудавалі ў 1935 годзе. Гэта рэдкі для Беларусі і адметны для Гродна прыклад стылю польскага канструктывізму. У верасні 1939 года ад савецкіх войскаў тут абараняліся вучні польскіх гімназій, некаторыя з іх пазней былі расстраляныя. Пасля далучэння Гродна да СССР Dom Strzelca ператварылі ў Дом афіцэраў.

У 1965 годзе было прынята рашэнне знесці некаторыя будынкі ў акрузе і прыбудаваць да Дому афіцэраў канцэртную залу на 800 чалавек. Яе ўзвялі ў 1973 годзе. Доўгі час яна была галоўнай канцэртнай пляцоўкай Гродна з самай вялікай сцэнай у горадзе.

Што будзе з Домам афіцэраў

Новы ўласнік абавязаны правесці капітальны рамонт або рэканструкцыю будынка і ўвесці яго ў эксплуатацыю на працягу чатырох гадоў з моманту падпісання дамовы куплі-продажу. Рэканструяваць будынак можна пад аб’ект грамадска-дзелавога прызначэння — забаўляльны цэнтр, рэстаран, гандлёвыя плошчы і іншае.

Яшчэ адна ўмова для пакупніка — знесці савецкую прыбудову 1973 года з канцэртнай залай. Яна ў аварыйным стане.