У пачатку 2025 года на вуліцы Магістральнай у Гродне дабудуюць жылы комплекс «Мір» з керамічнай цэглы. Пакуль узвялі толькі два-тры паверхі будынка, але забудоўшчык «Палессежылбуд» ужо пачаў прадаваць кватэры.

Колькі хочуць за квадрат

«Палессежылбуд» прадае кватэры плошчай ад 37 да 80 кв.м. Цэны пачынаюцца ад $ 35,5 тыс. за кватэру. Цану квадратнага метра не прывязвалі да валюты, а зафіксавалі ў беларускіх рублях.

Будынак будзе з экалагічнага матэрыялу

Плануецца 10-павярховы будынак са столямі вышынёй ад 2,7 метра і вокнамі «ў падлогу» з загартаванага шкла. Фасад упрыгожаць клінкернай цэглай і белымі панэлямі.

«Новы дом будзе асаблівым. Мы ўзвядзём яго з натуральнага экалагічнага матэрыялу — керамічнай цэглы [цэгла з абпаленай гліны — Hrodna.life]. Ён не толькі выгодна вылучаецца на фоне існуючай гарадской архітэктуры, але і гіпаалергенны, а яшчэ добра захоўвае цяпло», — паведаміў s13.ru са спасылкай на «Палессежылбуд».

У двары ўсталююць фантанчык для жывёлаў

На першым паверсе размесцяць крамы, кавярні і аптэку. Сам будынак будзе складацца з дзвюх секцый. У першай будзе адзін пад’езд, у другой — два. У пад’езды можна будзе патрапіць толькі з боку двара, які будзе закрыты ад аўтамабіляў і старонніх людзей. Таксама ў двары запланавалі «ціхія» зоны: дзіцячая пляцоўка для гульняў, спартовая пляцоўка, а таксама месцы адпачынку дарослых, усталююць фантанчык з вадой для хатніх жывёлаў.

Двор плануюць азеляніць і высадзіць там туі і хмызнякі. Паркоўку для аўтамабіляў размесцяць на аддаленні ад дому, каб выхлапныя газы і шум не перашкаджалі жыхарам. Колькасць машынамесцаў на паркінгу будзе адпавядаць колькасці кватэр у будынку. Таксама там арганізуюць крыты велабокс.

Хацелі назваць «Бона», але назвалі «Мір»

Конкурс на назву новага жылога комплексу на Магістральнай брэсцкая фірма PObudowa («Палессежылбуд») праводзіла ў траўні 2023. Сярод прапанаваных варыянтаў былі імёны гістарычных асобаў, звязаных з Гродна, «Бугорок», «Магистр» і падобныя — паводле назвы вуліцы, і «станоўчыя прыгожыя словы» (так акрэсліла іх адна з аўтарак прапаноў) кшталту «Абрикос», «Мальдивы» і «Престиж».

Забудоўца спыніўся на варыянце «Бона». «Тым самым мы звяртаем увагу на важную гістарычную асобу, якая кардынальна паўплывала на развіццё Гродна», — пакаментаваў ён свой выбар. Раней паведамлялі, што ўдзельніку, чыю назву абяруць, падораць дызайн-праект любога памяшкання.

А ўжо праз некалькі дзён, напярэдадні адстаўкі колішняга кіраўніка Гродна Мечыслава Гоя, абранай назвай публічна абурылася праўладная і прарасійская актывістка Вольга Бондарава. У назве «Бона» яна ўбачыла «польскі ўплыў» і «правакацыю». У выніку жыллёвы комплекс перайменавалі ў «Мір».