На «Куфары» з’явілася аб’ява аб продажы тэрыторыі пад будучую базу адпачынку побач з Гроднам. Гаворка ідзе пра ўчастак плошчай 7,3 гектара з возерам каля 2 гектараў, якое было выдзелена пад праект. Цана дагаворная — у аб’яве яна не пазначана.
Участак размешчаны прыкладна ў 3 кіламетрах ад горада ў бок Аўгустоўскага канала — на левым беразе Нёмана, недалёка ад вёскі Салаўі.
Згодна з аб’явай, тут планавалі стварыць комплекс з домікамі каля вады, зонамі для міні-гольфа і паўнавартаснымі гольф-палямі. Праект арыентаваны на сямейны адпачынак і карпаратыўных кліентаў.
Частка работ на тэрыторыі ўжо выканана: расчышчаны пляцоўкі пад забудову, пабудаваны восем масткоў вакол возера, усталяваны гаспадарчыя пабудовы і шлагбаум. Ёсць перадпраектная дакументацыя і ўсе неабходныя ўзгнаденні.

Прадавец — ТДА “МОКэкспарт”. Кампанія таксама прадае на інтэрнэт-пляцоўцы вытворчую базу ў Навагрудскім раёне, а яшчэ прамысловыя памяшканні ў Іўеўскім раёне.




