На гродзенскіх фарных могілках на Антонава ўпала адно з найстарэйшых надмагілляў, пастаўленае ў 1802 годзе. Што з ім будуць (не)рабіць і як можна было б вырашыць пытанне, піша канал Urban Hrodna.

Гродзенскія каталіцкія могілкі на Белуша, як і праваслаўныя пач. ХІХ ст. побач, не з’яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю (ГКК) і не ахоўваюцца дзяржавай.

Комплексна статус ГКК у Гродне маюць Вайсковыя могілкі (1888−1973 гг.) на Белуша і Вайсковыя могілкі (1939−1945 гг.) на вул. Перамогі, а таксама Татарскія могілкі перыяду сярэднявечча ў Каробчыцах.

Асобныя помнікі на старых каталіцкіх і праваслаўных могілках уключаны ў спіс ГКК. Гэта:

  • магіла Канстанціна і Аляксандры Кемарскіх (пач. ХХ ст.),
  • магіла Івана і Любові Мураўёвых (пач. ХХ ст.),
  • магіла Марыі Багдановіч, маці Максіма Багдановіча (пач. ХХ ст.),
  • магіла Пятра Волкава (кан. ХІХ ст.),
  • магіла Івана і Кацярыны Шумавых, Івана Верчыка (кан. ХІХ- пач. ХХ ст.),
  • магіла Аляксандра Шырмы (пач. ХХ ст.),
  • магіла Марыі Жукоўскай (пач. ХХ ст.),
  • магіла Элізы Ажэшкі і Станіслава Нагорскага (пач. ХХ ст.),
  • магіла Тэклі Галэмбёўскай і Людвікі Жыгань (каля 1859 г.),
  • магіла Міхала і Феліцыі Кандратовічаў (1870-я гг.),
  • магiла генерал-маёра Ланскога С.М. (1815 г.),
  • тры брацкія магiлы (1944 г.).

Помнікі са спісу мусяць ахоўвацца. Калі ўпала старая магіла, не ўнесеная ў спіс ГКК, ніхто нічога не робіць. Паваленых надмагілляў шмат. Даўняя гісторыя — раскраданне надмагілляў і агароджаў на здачу металу. Агулам на могілках на Антонава каля 8000 пахаванняў, прыкладна тысяча — асабліва каштоўныя.

Сітуацыя можа быць і іншай, але не менш шкоднай для гістарычнай спадчыны. У 2018 г. на Вайсковых могілках у Мінску, дзе багата гістарычных пахаванняў і пахаванняў вядомых асоб, старыя надмагіллі, за якімі доўгі час не даглядаюць сваякі, сталі замяняць тыпавымі надгалоўнікамі. Не ўратаваў нават статус ГКК могілак.

Хто адказны?

Гродзенскія каталіцкія фарныя могілкі закрытыя. З 1973 года там не робяць новых пахаванняў. Выключэнні - падхоўванні блізкіх родных да ўжо пахаванага там, калі з часу пахавання прайшло 20 гадоў.

За парадак на месцах агульнага карыстання на могілках адказвае гарадская Спецаўтагаспадарка (САГ): гэта прылеглая тэрыторыя, перыметр, кантэйнерныя пляцоўкі. Паводле карты санітарнай адказнасці Гродна, за могілкі не адказвае ніхто. За тэрыторыяй вакол капліцы на каталіцкіх і царквы на праваслаўных мусяць сачыць адпаведныя рэлігійныя ўстановы.

У Беларусі магілы лічацца прыватнай уласнасцю, сачыць за якой мусяць сваякі пахаванага. Тым не менш у спісе ГКК Беларусі ёсць і комплексы пахаванняў. Гэта:

  • каменны могільнік (XIV-XVII ст.) у в. Корыца Дзятлаўскага раёна,
  • каменныя могілкі (XVI-XVIII ст.) у в. Пустаборы Зэльвенскага раёна,
  • старыя могілкі ў Навагрудку (ХIХ-ХХ ст.),
  • каталіцкія могілкі ў Магілёве (пач. ХIХ — сяр. ХХ ст),
  • Трышынскія могілкі ХІХ ст. (у межах агароджы) у Брэсце,
  • Усходнія (1970-я гг.) і Вайсковыя (1840−1950 гг.) могілкі ў Мінску,
  • партызанскія, брацкія і вайсковыя могілкі з часоў Першай і Другой сусветных войнаў у розных рэгіёнах.

Як можна вырашыць сітуацыю

«[Цяперашняя сітуацыя з гродзенскімі фарнымі могілкамі] гэта як бульдозерам па іх прайсці, але павольна», — лічыць стваральнік сайта з каталогам гістарычных могілак Беларусі graves.by Андрэй Бурдзянкоў.

Калі ён расчышчаў і каталагізаваў старыя надмагіллі ў Гродне ў 2018−2019 гадах, дапамагаць яму прыйшоў адзін гісторык, і ўсё.

Складанасць з пахаваннямі ў тым, што нашчадкі могуць быць і ў Сібіры, і за акіянам. «Калі мы лічым гэта спадчынай, то замацоўваем і валанцёрым», — прапанаваў бачанне Андрэй Бурдзянкоў. Таксама магла бы быць адмысловая фірма, якая гэтым займаецца, або арганізацыя пры музеі гісторыі менавіта для абнаўлення і рэстаўрацыі гэтых агароджаў і надмагілляў з адпаведных матэрыялаў і адпаведнымі спосабамі. Гэта запатрабуе вялікіх фінансавых укладанняў.

Чытайце таксама: