Смерць — гэта тэма, якую нам хочацца абмінаць і не абмяркоўваць лішні раз. Аднак ад часу да часу даводзіцца, бо гэта частка жыцця. У кантэксце ўрбаністыкі мы таксама не можам ігнараваць тэму могілак, якія фізічна займаюць шмат гарадской прасторы і часам становяцца аб’ектам гарадскіх спрэчак. Ці могуць могілкі быць часткай культурнай спадчыны? Што рабіць, калі могілкі разрастаюцца? Чаму яны становяцца месцам прыцягнення маргіналаў? Ці этычна прымушаць сваякоў памерлых плаціць за месца на могілках? Аб гэтым і не толькі ў падкасце «Утульны горад» мы пагаварылі з гісторыкам, даследчыкам тэмы смерці ў беларускай традыцыйнай культуры Сяргеем Грунтовым.

Праслухайце падкаст цалкам або прачытайце асноўныя тэзісы ў скароце ніжэй.

Як даўно з’явіліся могілкі?

Хаця культура пахавання памерлых існуе прыблізна столькі, колькі чалавек сучаснага выгляду, звычныя нам могілкі з’явіліся адносна нядаўна: у XIX стагоддзі. Каменныя помнікі з выбітымі імёнамі маглі сабе дазволіць толькі заможныя людзі. Большасць з нашых продкаў знаходзіла вечны спакой пад драўлянымі крыжамі.

Да таго ж і культура наведвання могілак стала зусім іншая. У XIX стагоддзі не было традыцыі ехаць у іншы горад на могілкі, каб ушанаваць памяць продкаў. Увогуле, культура памяці была раней зусім іншай: чалавека помнілі родныя, успаміналі ў штодзённых размовах ці малітвах, але мала якія фізічныя атрыбуты памяці пра чалавека (фатаграфіі, помнікі, дакументы) былі дасяжныя нашым продкам.

Ці варта надаваць могілкам статус гісторыка-культурнай каштоўнасці?

Кароткі адказ: так, варта. Гродзенскія старыя могілкі могуць быць цікавым аб’ектам даследавання для гісторыкаў і атракцыяй для турыстаў. Шмат якія помнікі на фарных, францішканскіх і габрэйскіх могілках — сапраўдныя творы мастацтва.

Акрамя таго, на гродзенскіх могілках пахавана шмат славутых людзей: паэтка Эліза Ажэшка, маці Максіма Багдановіча Марыя Апанасаўна, скульптар Баляслаў Шышкевіч і палітык Эдвард Лістоўскі.

Што рабіць з могілкамі, якія разрастаюцца?

Сяргей Грунтоў прапануе ўвесці тую ж сістэму, якая існуе ў еўрапейскіх краінах: сваякі пахаваных маюць рэгулярна плаціць за месца на могілках. Калі аплаты прыпыняюцца, адміністрацыя дае дазвол хаваць у тую ж магілу.

Такі падыход можа здавацца цынічным, але Сяргей Грунтоў тлумачыць, што гэта цалкам натуральны працэс. Памяць аб продках звычайна не жыве болей за чатыры пакаленні. Падумайце, ці ведаеце вы, дзе пахавана ваша прабабуля. А прапрабабуля?

Могілкі Кладбище "Аульс" в Гродно в 2019 году. Фото: Hrodna.life
Могілкі «Аўльс» у Гродне ў 2019 годзе. Фота: Hrodna.life

У тыя часы, калі каменныя помнікі былі раскошай, і на большасці могілак стаялі проста драўляныя крыжы, некалькі пахаванняў у адной магіле былі цалкам распаўсюджанай з’явай. Дрэва гніло, крыжы падалі. З часам падавалася не зразумелым: ці тут вольнае месца, ці магіла на якой прост няма крыжа. Калі раптам пры рыцці магілы знаходзілі неістлелыя косці, нябожчыку кідалі манету «на выкуп». Новае месца для магілы таксама не шукалі - апускалі труну туды ж, дзе ўжо нехта быў пахаваны.

Чытайце таксама: На могілках «Аўльс» трава зноў вырасла вышэй за магілы. Хто павінен сачыць за тэрыторыяй?

Сяргей Грунтоў лічыць такі падыход куды больш разумным, чым бясконца пашыраць могілкі, які праз некалькі дзесяцігоддзяў ахопяць вялізныя плошчы горада. На могілках, якія занадта маладыя, каб мець гісторыка-культурную каштоўнасць, і занадта старыя, каб сваякі пахаваных даглядалі за гэтым месцам, хутка з’явяцца крымінальныя элементы.

Маргіналізацыя могілак, за якімі ніхто не даглядае, — таксама цалкам заканамерны працэс.

Чытайце таксама: У 90-х — крошка, зараз — граніт. Ці існуе «могілкавая мода» і колькі яна каштуе