Праекты добраўпарадкавання набярэжнай вынесуць на грамадскае абмеркаванне. Сярод ідэй — развадны мост, воднае таксі, сетка кафэ і вадзяны млын. Цяпер прапановы сістэматызуюць, а некаторыя канцэпцыі адсейваюць.

Пра тое, што менавіта гараджанам дадуць выбраць, якой стане набярэжная, старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік распавёў на сустрэчы ў ГрДУ.

Калі і ў якой форме пройдуць абмеркаванні, пакуль невядома. Раней чыноўнікі абяцалі, што горад атрымае новую набярэжную да 2028 года.

Развадны мост дакладна пабудуюць

Візуалізацыі прапаноў падрыхтавалі ў інстытуце «Гроднаграмадзянпраект». Частку ідэй унесла моладзь, якая там працуе.

«Іх прапановы, крэатыўнае мысленне ўнесла ў праект дастаткова шмат яркіх ідэй, пачынаючы ад пешаходнага разваднога моста, які ўключаны ўжо ва ўсе асноўныя варыянты праекта і будзе збудаваны», — адзначыў Каранік.

Па тэме: Набярэжная, за якую нам сорамна. Чаму бераг Нёмана дагэтуль не добраўпарадкаваны?

Якія ідэі прапаноўвалі гродзенцы

Ідэі для новай набярэжнай мясцовыя ўлады збіралі сярод гродзенцаў у 2023 годзе. Але ў выніку лепшую канцэпцыю тады так і не абралі — нібыта ні адзін з прапанаваных праектаў не адпавядаў умовам. Ідэі гараджан паабяцалі выкарыстаць у выніковым праекце.

У пачатку снежня 2024 года ў аблвыканкаме распавялі пра планы на набярэжную і паказалі візуалізацыі ад «Гроднаграмадзянпраекта». Тэрыторыю ад былога піўзавода да Старога замка плануюць асучасніць: зрабіць двухузроўневыя пешаходныя дарожкі і адкрыць сетку кафэ. Таксама анансавалі развадны пешаходны мост да сквера па вуліцы Леванабярэжнай. Мяркуецца, што побач са скверам з’явяцца паркоўкі, каб людзі маглі пакінуць аўто і, перайшоўшы раку, апынуцца ў гістарычнай частцы горада.

Сярод ідэй, якія агучыў аблвыканкам — стварэнне зон для актыўнага адпачынку: скейтпарку, пляцоўкі для ёгі і экстрэмальных відаў спорту. Ішлі размовы і аб будаўніцтве прычала для воднага таксі.

Чытайце таксама: Якія ва ўладаў планы на набярэжную?