На вуліцы Замкавай у Гродне плануюць узвесці новы двухпавярховы будынак з магазінамі і гасцініцай на 10 нумароў. Праграма ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА) з’явілася на сайце Гродзенскага гарвыканкама.

UPD 4 верасня. Праект новага будынка каля Замкавай, 7 вынеслі на грамадскае абмеркаванне.

Будынку прысвоілі адрас Замкавая, 7Б. Ён будзе складацца з двух наземных і аднаго падземнага паверхаў. Памеры пабудовы — каля 41,5 на 15,3 м. Яе сфарміруюць з двух прамавугольных аб’ёмаў, злучаных пад вуглом.

На першым паверсе размесцяць краму нехарчовых тавараў і вестыбюль. Другі паверх адвядуць пад гасцінічныя нумары з санвузламі. У нумарах прадугледжаныя антрэсолі і двухсветлавыя прасторы — частка памяшканняў будзе мець павялічаную вышыню без суцэльнага перакрыцця паміж узроўнямі. Раней паведамлялася, што гасцініца будзе разлічаная на 10 нумароў, аднак у новай справаздачы аб АУНА іх колькасць не пазначаная.

На падземным паверсе абсталююць памяшканні для персаналу, гардэробы з душавымі і санвузламі, кладоўкі і тэхнічныя памяшканні. У будынку ўсталююць ліфт, якім змогуць карыстацца ў тым ліку людзі з інваліднасцю.

Каля будынка зробяць паркоўку на дзевяць аўтамабіляў, у тым ліку адно месца для чалавека з інваліднасцю. Таксама праект прадугледжвае новы праезд, тратуар, вонкавае асвятленне, газоны і малыя архітэктурныя формы.

Участак знаходзіцца на тэрыторыі гістарычнага цэнтра Гродна, які мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці першай катэгорыі, у зоне аховы культурнага пласта і водаахоўнай зоне Нёмана. Распрацоўшчыкі заяўляюць, што будынак спраектавалі з улікам маштабу і рытму забудовы зніклай вуліцы Цеснай, а ў афармленні фасадаў выкарыстаюць характэрныя для гістарычнага цэнтра прыёмы.

Для ацяплення разгледзелі два варыянты: падключэнне да гарадскіх цеплавых сетак або асобную кацельню на біямасе. Распрацоўшчыкі рэкамендуюць першы варыянт, паколькі ён прадугледжвае менш выкідаў. Згодна з высновамі справаздачы аб АУНА, будаўніцтва і эксплуатацыя будынка акажуць мінімальнае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе.

Заказчыкам выступае кампанія «Контэ Інвест», распрацоўшчыкам справаздачы — кампанія «Прастора ліній». Заўвагі і прапановы прымаюць да 2 кастрычніка. На працягу 10 працоўных дзён з пачатку абмеркавання жыхары могуць падаць заяву аб неабходнасці правядзення асобнага сходу. Калі такія заявы паступяць, дату і месца сустрэчы паведамяць дадаткова.

Новая пабудова будзе прымыкаць да існуючага будынка на Замкавай, 7. На першым паверсе плануецца магазін нехарчовых тавараў, на другім з’явяцца гасцінічныя нумары. На падземным паверсе размесцяць памяшканні для персаналу, гардэробы, душавыя, санвузлы і каморы. Тэрыторыю побач добраўпарадкуюць: пакладуць асфальт, усталююць малыя архітэктурныя формы, зробяць паркоўку.

Грамадскае абмеркаванне праекта праходзіць з 2 верасня па 2 кастрычніка 2026 года.

Новы будынак пабудуюць уладальнікі “OldCity”

Будаваць будынак будзе кампанія “Контэ Інвест” – даччынае прадпрыемства кампаніі “Контэ Спа”. Яна валодае гандлёвымі цэнтрамі ў розных рэгіёнах Беларусі, у тым ліку гродзенскім ГЦ “OldCity”. Будынкі на Замкавай, 7 і 7А, побач з якімі плануецца новае будаўніцтва, таксама належаць “Контэ Інвест”.

конте замковая
Так прыкладна можа выглядаць новы будынак. Фота: скрыншот са справаздачы аб АУНА.

Навадзел або аднаўленне старога горада?

Новы будынак павінен аднавіць страчаную ў савецкі час забудову зніклых вуліц 2-й Працоўнай і Цеснай. Участак забудовы знаходзіцца на тэрыторыі былога палаца Масальскіх – там знаходзіўся флігель будынка. На думку беларускага архітэктара, з якім паразмаўляў Hrodna.life, калі праект рэалізуюць якасна, новы будынак зможа аднавіць гістарычнае аблічча Замкавай, страчанае пасля Другой сусветнай вайны.