Connection Information

To perform the requested action, WordPress needs to access your web server. Please enter your FTP credentials to proceed. If you do not remember your credentials, you should contact your web host.

Connection Type

У Гродне зменшылі страўнік пацыенту вагой 180 кг

У Гродзенскай універсітэцкай клініцы правялі майстар-клас для медыкаў, часткай якога стала аперацыя па памяншэнні страўніка пацыенту з вагой 180 кг. Праз атлусценне мужчына таксама пакутаваў на апноэ — прыпыненне дыхання падчас сну.

Майстар-клас арганізавалі спецыялісты Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі. Спачатку яны прачыталі даклады на аснове практыкі для супрацоўнікаў клінікі, аспірантаў, інтэрнаў і студэнтаў ГрДМУ. Другой часткай сталі сумесныя з гродзенскімі хірургамі дзве аперацыі мінігастрашунтавання. Пацыентамі былі мужчына вагой 180 кг і жанчына вагой 120 кг. Абодва пацыенты — маладзейшыя за 40 гадоў. Урачэбны кансіліум рэкамендаваў ім мінігастрашунтаванне, бо іншыя метады зніжэння вагі апынуліся для іх неэфектыўнымі.

Мужчына праз залішнюю масу цела таксама пакутаваў на сіндром абструктыўнага апноэ сну. З гэтай прычыны пасля аперацыі ён суткі правёў у рэанімацыі. На наступны дзень мужчына прыйшоў у прытомнасць і змог самастойна сядзець у ложку. Яго выпісалі, але пакінулі пад назіраннем адмыслоўцаў.

Як гэта працуе

Мінігастрашунтаванне — адзін з метадаў барыятрычнай хірургіі, хірургічнага лячэння атлусцення. Сутнасць аперацыі заключаецца ў памяншэнні аб’ёму страўніка і выключэнні часткі тонкага кішачніка з працэсу стрававання. Гэта зніжае колькасць спажыванай ежы і памяншае ўсмоктванне пажыўных рэчываў. Такія аперацыі рэкамендуюць пацыентам з індэксам масы цела вышэй за 40 або ад 35 пры наяўнасці спадарожных захворванняў, напрыклад дыябету ці апноэ. Поспех лячэння патрабуе ад пацыента змены ладу жыцця, звычак у харчаванні і выканання ўсіх рэкамендацый лекара.

У Гродне памяншаюць страўнікі з мінулага года

Метады барыятрычнай хірургіі ў свеце прымяняюць з 1966 года. У Беларусі першыя такія аперацыі пачалі праводзіць у 2008 годзе. У Гродзенскай універсітэцкай клініцы барыятрычная хірургія з’явілася ў 2024 годзе. Гродна стаў другім горадам пасля Мінска, дзе заняліся гэтым кірункам. Часцей за ўсё тут выконваюць мінігастрашунтаванне і падоўжную рэзекцыю страўніка (фармаванне страўнікавай трубкі на 60−150 мл праз выдаленне большай часткі страўніка для змяншэння апетыту). Пры любым метадзе чалавек можа пазбавіцца ад 40−90% лішняй вагі.

Хаця такія аперацыі лічацца адносна бяспечнымі, цалкам выключыць рызыкі немагчыма. Так, летам 2024 года ў Гродне пасля барыятрычнай аперацыі памерла жанчына. У яе засталося маленькае дзіця. Публічна выпадак не каментавалі.