Жанчына працавала прыбіральшчыцай і гардэробшчыцай у школе Зэльвы. Пасля заканчэння кантракта школа адмовілася яго працягваць і звольніла беларуску. Тады яна звярнулася ў суд, піша NewGrodno.

Беларуска працавала ў школе з 2017 года. У траўні 2025 кантракт скончыўся, тады жанчына папрасіла кіраўніцтва падоўжыць яго на максімальны тэрмін. Дырэктарка школы адмовілася разглядаць заяву і звольніла беларуску.

Справу разглядаў суд Зэльвенскага раёна. Школа спрабавала даказаць, што жанчына часам спазнялася на 15 хвілін — значыць, была нядобрасумленнай супрацоўніцай. Суд гэтыя довады не прыняў, бо кіраўніцтва не патрабавала ад беларускі тлумачальных. Ніякіх афіцыйных спагнанняў жанчына таксама не атрымлівала.

Суд пастанавіў, што звальненне незаконнае. Саму школу хутка павінны ліквідаваць, а беларуска знайшла новую працу. Таму суд вырашыў не аднаўляць супрацоўніцу на яе ранейшай пасадзе. Замест гэтага школу абавязалі выплаціць кампенсацыю: дзесяціразовы сярэднемесячны заробак (7822 руб.), 200 руб. за маральную шкоду і 100 руб. на пакрыццё судовых расходаў.

Школа спрабавала абскардзіць рашэнне, але Гродзенскі абласны суд пакінуў яго ў сіле.

Чытайце таксама: У Гродзенскай вобласці штрафуюць «тунеядцаў», якія адмаўляюцца ад грамадскіх прац