Адзін з самых старых жылых дамоў у Гродне на Замкавай, 5 чакае рэканструкцыя. Дом перабудуюць пад гасцініцу, таксама там з’явіцца выставачная зала. На сайце Гродзенскага гарвыканкама апублікавалі рэндэры будучага праекту — гараджанам прапануюць выказацца

Каваная брама і ліфт: як зменіцца дом на Замкавай?

Паводле справаздачы АУНА, першы паверх дома пераплануюць пад выставачныя залы. Гістарычныя адхоны абяцаюць захаваць без змен. Частку перагародак знясуць. Вокны ўздоўж некаторых восяў адновяць у іх першапачатковых габарытах. Іх узгодняць з навуковым кіраўніком. Закладку прабітых негістарычных праёмаў і згубленых участкаў сцен выканаюць гістарычнай цэглай на вапнавым растворы.

Другі, трэці і мансардны паверхі аддадуць пад гасцінічныя нумары. У нумарах прадугледзяць спальную зону, санвузлы, душавыя і кухоннае абсталяванне. Паверхі поўнасцю пераплануюць. У цэнтральнай частцы дома ўсталююць ліфт, таксама з’явяцца тры лесвічныя клеткі – яны будуць весці з першага паверха на мансарду.

Каб патрапіць да дома на Замкавай, трэба прайсці праз арку. Праекціроўшчык, гродзенская фірма “Інвест СПА”, плануе ўзнавіць каменныя адбойнікі па краях аркі і каваныя металічныя вароты. Сам двор хочуць выкласці брукам.

Як будзе выглядаць гатэль на Замкавай? З'явіліся рэндэры
Меркавана так будзе выглядаць двор на вуліцы Замкавай пасля рэканструкцыі. Ілюстрацыя згенеравана Hrodna.life у Nano Banana

Фасад дома таксама зменяць. Напрыклад, на другім і трэцім паверсе плануюць дэмантаваць існуючыя балконы – іх заменяць на новыя з металічнай рашоткай. Стары дах дома таксама дэмантуюць, а новы зробяць з чарапіцы. Таксама абновяць камунікацыі і вадасцёкі.

Аўтары праекта кансультаваліся з гісторыкамі, таму плануюць аднавіць гістарычнае аблічча будынка, выкарыстоўваючы ў дэкоры паяскі і карнізы.

Мяркуючы па рэндэрах, аўтары архітэктурнага праекта выкарыстаюць у аздабленні фасада розныя адценні, тым самым падкрэсляць арыгінальную частку будынка і трэці паверх, які быў надбудаваны пазней.

Як будзе выглядаць гатэль на Замкавай? З'явіліся рэндэры
Рэндеры будучага гатэля на Замкавай, 5. Крыніца: сайт Гродзенскага гарвыканкама

Калі пройдуць грамадскія абмеркаванні?

Грамадскія абмеркаванні па справаздачы АУНА пройдуць з 6 мая 2026 па 5 чэрвеня 2026 года.

Гараджане могуць даслаць свае заўвагі і прапановы па адрасах.

  • Гродзенскі гарвыканкам. Адрас: пл. Леніна, 2/1, 230023, г. Гродна, Рэспубліка Беларусь. e-mail: [email protected].
  • ТАА «АртПроПроект». Кантактная асоба: галоўны інжынер праекта Удот Дзмітрый Васільевіч. Кантактны тэлефон: +375(29)7837299; e-mail: [email protected].

Чым вядомы дом на Замкавай?

Дом на Замкавай, 5 – адзін з самых старых жылых дамоў у Гродне. Яго пабудаваў прыкладна ў 1782-1795 гадах бургамістр Гродна Якуб Рафановіч. Будынак часам памылкова называюць камяніцай ці нават палацам Масальскіх, але ім ён ніколі не належаў.

У час Другой сусветнай вайны будынак быў на тэрыторыі гродзенскага гета. Вядома, што падчас ліквідацыі гета на гарышчы хаваліся ад нацыстаў габрэі.

Трохкутны франтон і балконы з’явіліся толькі падчас пасляваеннай савецкай рэканструкцыі будынка.

З 1970-х і да 2020 года ў будынку знаходзіўся інтэрнат медыцынскага ўніверсітэта.

З 2021 года гарадскія ўлады спрабавалі прадаць будынак. У выніку ў жніўні 2023 яго набыли за 1 545 тыс. руб (на той момант $484 тыс.).

Чытайце таксама: Ад палаца да інтэрната. Што вядома аб гістарычным доме на Замкавай